• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Па ініцыятыве журналіста «Белсата» ў падтрымку сляпога Алеся Чобата сабралі больш за 1000 рублёў

    Алесь Чобат адзін жыве ў старой хаце ў 30 кіламетрах ад Гродна. Ужо некалькі дзён праз платформу "Талака" ідзе збор сродкаў, каб матэрыяльна дапамагчы журналісту і паэту.

    Арганізатарам збору дапамогі стаў журналіст тэлеканала «Белсат» Зміцер Ягораў:

    —  Дапамагаць іншым — гэта натуральная рыса любой асобы. Пасля публікацыі на сайце нашага тэлеканала пра тое, як жыве спадар Алесь, ў сацетках мы атрымалі моцны водгук ад чытачоў і гледачоў «Белсата». Людзі пісалі, што хочуць дапамагчы. Я — журналіст, а не грамадскі дзеяч, я ніколі раней не займаўся падобнымі праектамі. Але я пабачыў, што ёсць вялікая ахвота ў іншых людзей дапамагчы, і мне не хацелася б, каб гэтае жаданне выйшла б толькі ў якасці лайкаў і каментаў у сацсетках і ніяк не пераклалася на рэальную дапамогу. Трэба было ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, узяць на сябе адказнасць і проста зрабіць.

    Ніхто іншы ў той мамант не ўзяўся — тады вырашыў, што я гэта зраблю. Я ведаю, што ў Гродна ёсць людзі, якія дапамагаюць Чобату, прыязджаюць да яго. Вялікая ім павага. Але ў гэтым выпадку з’явіліся іншыя ахвотныя, з іншых гарадоў і нават краін. Шкада было б змарнаваць такія добрыя намеры і гатоўнасць дапамагчы.

    Такая дапамога шмат каму патрэбная. Асабіста я стараюся дапамагаць іншым людзям. У свой час збіраў, дапамагаў вазіць рэчы ўцекачам з Данбасу. Дастаткова расплюшчыць вочы і паглядзець навокал — людзей, якім кожны з нас можа чымсці дапамагчы, сапраўды шмат. Не абавязкова чакаць публікацый у СМІ ці кампаній на краудфандынгавых пляцоўках. Таксама не трэба баяцца брацца за арганізацыю такой дапамогі.

    Гродзенскі журналіст Алесь Дзянісаў пра дапамогу Чобату даведаўся выпадкова. Ён пачаў запіс альбому на словы Чобата і даведаўся, што паўстала кампанія ў яго падтрымку:

    — Я падтрымліваю гэтую акцыю дапамогі. Не ведаю наколькі гэта будзе эфектыўна. Там збіраюцца вебмані, а ў большасці людзей няма гэтых вебманей. Але пры жаданні гэта можна ўсё перавесці… Мы ўвесь час павінны думаць пра людзей, якім мы можам дапамагчы, хоць нечым. І Чобат акурат такі чалавек. І гэта не проста чалавек, а выдатны паэт, і ў нейкім сэнсе ўвага да яго большая і ён заслугоўвае гэтай увагі.

    За тыдзень праз “Талаку” сабрана ўжо больш за 1000 рублёў, хаця запатрабаваная сума для збору была ў 2 разы меней. Апроч гэтага Зміцер Ягораў забраў грошы ў дапамогу Чобату ў Варшаве.

    Па словах Дануты Бічэль, Чобату ў першую чаргу патрэбная ўвага:

    — Каб ён не быў зусім адзінокі, каб людзі яго не забывалі і асцярожна, акуратна, далікатна прыязджалі. Дзяліліся з ім чым могуць. Перш за ўсё добрым словам і малітвай.

    Пасля збору сродкаў гродзенцы збіраюцца арганізаваць рэальную талаку, каб давесці да ладу хату, у якой жыве Алесь Чобат.

    Алесь Чобат — журналіст і паэт, аслеп пасля аперацыі ў 2013 годзе. Ён жыве ў Скідзелі, што ў 30 км ад Гродна. Алесь Чобат яшчэ пры жыцці стаў легендай, а яго творы — песнямі розных беларускіх гуртоў. Для гродзенцаў спадар Алесь — гэта Паэт і Аўтар каля дзясятка кніг прозы і паэзіі. Алесь Чобат быў звязаны і з журналістыкай. Ён яшчэ ў пачатку 1990‑х гадоў паспеў папрацаваць рэпарцёрам і аглядальнікам тыднёвікаў «Перспектива», «Гродненские новости», «Гродненская неделя», меў дачыненне да стварэння ў горадзе газеты “Рэанімова”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці