• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Новыя «тэрарысты» ад КДБ: Белавус, Рудзік, Семчанка

    Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі абнавіў пералік асобаў, якія нібыта маюць дачыненне да «тэрарыстычнай дзейнасці». Сярод дзевяці новых фігурантаў значацца тры чалавекі, датычныя да медыйнай сферы.

    У «тэрарыстычным спісе» КДБ ужо звыш тысячы прадстаўнікоў розных прафесій, уключна з былымі і дзейнымі супрацоўнікамі інфармацыйных рэсурсаў.

    У прыватнасці, колішні палітычны аглядальнік дзяржаўнага тэлеканала АНТ, кіраўнік «прэзідэнцкага пула» журналістаў афіцыйных СМІ Дзмітрый Семчанка. Літаральна днямі Міністэрства ўнутраных спраў РБ унесла яго ў свой ведамасны спіс асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці», а цяпер дадаўся яшчэ і «тэрарызм».

    Дзмітрый Семчанка звольніўся з дзяржаўнага тэлеканала ў жніўні 2020 года на фоне жорсткіх разгонаў мірных акцый нязгодным з падлікам галасоў па выніках прэзідэнцкіх выбараў. Неўзабаве яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у пратэсным маршы. Пасля беспрацоўнай паўзы ён уладкаваўся піяр-менеджарам у фірму «Белагра», якую ў выніку сілавікі разграмілі.  

    15 верасня 2022 года Дзмітрыя Семчанку зноў затрымалі, некалькі разоў судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, а ў выніку завялі крымінальную справу на падставе ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем. 23 сакавіка 2023 года суддзя Мінскага гарадскога суда Яўген Пісарэвіч прызнаў журналіста вінаватым і пакараў 3 гадамі зняволення.

    У канцы траўня Вярхоўны суд пакінуў вердыкт без зменаў.

    Да «тэрарыстаў» залічылі і блогера, рэдактара тэлеграм-канала Nex­ta Яна Рудзіка. Ён даўно жыве і працуе за межамі Беларусі, таму яго судзілі паводле так званай працэдуры «спецвытворасці» разам з калегамі Сцяпанам Пуцілам і ўжо памілаваным Раманам Пратасевічам.

    Вердыкт у рэзананснай справе рэдактараў тэлеграм-каналаў Nex­ta і «Беларусь галаўнога мозгу» агучыў 3 траўня суддзя суда Мінскай вобласці Вячаслаў Тулейка. Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілу пакаралі завочна — 19 і 20 гадоў узмоцненага рэжыму адпаведна. Раман Пратасевіч за шчыльную супрацу абышоўся мінімальным 8‑гадовым тэрмінам.

    Згодна з матэрыяламі аб’яднанай справы, сукупна кожны праходзіў па дзясятку крымінальных артыкулаў, агулам ім інкрымінавалася здзяйсненне не менш за паўтары тысячы злачынстваў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы. Салідарна ўсім выпісалі шматмільённы штраф за нанесены «ўрон» сілавікам.  

    Нарэшце, апошнім на сёння ўнесеным у «тэрарыстычны спіс» значыцца культурніцкі менеджар і былы фрылансер «Радыё Свабода» Павел  Белавус. За кратамі ён ад 15 лістапада 2021 года і абвінавачаны паводле чатырох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 1 арт. 361–1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).

    Суд пачаўся сёлета 20 лютага і адразу ж суддзя Жанна Брысіна зрабіла працэс закрытым. 11 траўня Паўла Белавуса пакаралі 13 гадамі зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у эквіваленце блізу 6500 долараў.

    Экс-супрацоўнік «Радыё Свабода» не стаў абскарджваць прысуд у Вярхоўным судзе і днямі быў этапаваны ў калонію № 17 Шклова.

    На гэты момант у «тэрарыстычным спісе» КДБ фігуруюць 1068 чалавек. За апошні час з яго былі выдаленыя толькі сем прозвішчаў.

    Чытайце яшчэ:

    «Медиа усиливают эффект поляризации общества». Как проходила защита дипломов в ЕГУ

    «Государство защищает не человека, а себя». Об исторической памяти и законодательной рамке

    Белорусское телевидение, которое хотелось смотреть. Легендарные шоу, которые создавали на БТ в девяностые годы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці