• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Новыя пратаколы на гомельскіх журналістаў (Дадалася копія)

    На Ларысу Шчыракову міліцыянты склалі пратакол 25 студзеня ў яе дома, а Кастуся Жукоўскага выклікаюць для гэтага ж у Буда-Кашалёўскі РАУС.

    Ларыса Шчыракова. Фота з сайта belsat.eu

    25 студзеня ў кватэру да журналісткі Ларысы Шчыраковай прыходзілі супрацоўнікі Савецкага РАУС Гомеля – падпалкоўнік Сокур і маёр Язэпенка. Як паведаміла прэс-службе ГА “БАЖ” сама журналістка, яны склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Падставай для гэтага стаў сюжэт пра жыллёвыя ўмовы ў адным з баракаў па вуліцы Касмічнай у Гомелі, паказаны на тэлеканале “Белсат”.

    Паводле Ларысы Шчыраковай, каля двух тыдняў таму ёй тэлефанавалі са Светлагорскага РАУС, дзе яе таксама хацелі бачыць нібыта для складання пратакола. У Светлагорск журналістка не паехала, таму дакументальнага пацвярджэння факту складання пратакола пакуль няма.  

    Нагадаем, што 13 студзеня Ларысу Шчыракову пакаралі штрафам у 22 базавыя велічыні (4 млн 620 тыс. рублёў) таксама паводле арт. 22.9 КаАП. Сюжэт, які стаў падставай для пратакола, быў прысвечаны праблемам былога гадаванца школы-інтэрната з пасёлка Урыцкі і выйшаў у эфір тэлеканала “Белсат”.

    Кастусь Жукоўскі. Фота з сайта belsat.eu

    25 студзеня яшчэ адзін гомельскі журналіст, Кастусь Жукоўскі, атрымаў тэлефанаванне з Буда-Кашалёўскага РАУС, – паведаміў праваабарончы сайт spring96.org. Участковы інспектар запрасіў фрылансера наведаць Буда-Кашалёва для складання пратакола за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». «Ёсць матэрыял пра выпуск вашага відэафільма датычна сітуацыі на Буда-Кашалёўскім масласырзаводзе», – патлумачыў міліцыянер. Журналіст на сустрэчу ехаць адмовіўся.

    У снежні 2015 г. Кастусь Жукоўскі наведваў райцэнтр і здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт. Потым відэа было выкарыстана ў сюжэце тэлеканала «Белсат».

    Кастуся Жукоўскага ў 2016 годзе судзілі ўжо двойчы. 14 студзеня суд Калінкавіцкага раёна прысудзіў яму 35 базавых велічыняў штрафу за “інтэрв’юіраванне грамадзян” у Калінкавічах. А 20 студзеня суд Кармянскага раёна аштрафаваў журналіста на 30 базавых велічынь за падрыхтоўку відэа пра праблемы з водазабеспячэннем у горадзе.

    Ларыса Шчыракова: гэты пратакол — помста за 30 тысяч праглядаў мітынгу прадпрымальнікаў

    Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (Табліцы, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці