«Новы час» можна будзе набыць ў шапіках
РУП «Белсаюздрук» пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку падпісаў дамову на распаўсюд газеты «Новы час» праз сваю гандлёвую сетку.
Ужо 8 красавіка жыхары Мінска і Мінскай вобласці змогуць набыць газету ў бліжэйшай краме ці шапіку «Белсаюздруку». Як абяцае кіраўніцтва гэтай установы, газету можна будзе набыць практычна ў кожнай гандлёвай кропцы.
Таксама на другое паўгоддзе 2017 года можна будзе падпісацца на “Новы час” праз каталог РУП “Белпошта”. Пра намер заключыць адпаведную дамову паведаміла і гэта ўстанова.
Разам з тым рэдактарка выдання Аксана Колб падкрэслівае, што пашырэнне сістэмы распаўсюду не надта паўплывае на эканамічны стан газеты.
«Такім чынам будзе распаюджвацца толькі частка накладу і толькі ў Мінску і Мінскай вобласці. Да таго ж мы нават не пакрыем выдаткі на друк і паперу гэтай часткі накладу, бо вымушаны ўлічваць, што «Белсаюздрук» дадае да нашага кошту свае 55 %», — расказала Аксана Колб прэс-службе ГА «БАЖ».
Таксама рэдактарка тлумачыць не надта празрыстую схему рэалізацыі: непрададзеныя асобнікі забраць не будзе магчымасці, таму і пракантраляваць, ці сапраўды газета не знайшла чытача, не атрымаецца.
«Але добра, што цяпер шлях нашай газеты да некаторых чытачоў значна спросіцца. Таксама з ліпеня ўсе атрымаюць магчымасць падпісацца на «Новы час» больш простым і танным спосабам», — дадала рэдактарка выдання.
“Новы Час” быў заснаваны ў 2002 годзе і цягам пару год уваходзіў у каталогі РУП “Белсаюздрук” і РУП “Белпошта”, потым газета была выключаная з прычыны нерэгулярнага выхаду.
З 2007 года, калі “Новы Час” пачаў стабільна выходзіць штотыднёва, рэдакцыя шмат разоў спрабавала вярнуцца ў дзяржаўны распаўсюд.
Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дзяржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Гэта «Борисовские новости», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press», «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Рэгіянальная газета», «ARCHE. Пачатак». Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ.
“Борисовские новости” вяртаюцца ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду