• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ніхто нічога страшнага не зрабіў». Рэдактары незалежных СМІ пра выдаленьне матэрыялаў пра Віктара Пракапеню

    Уладальнік парталу TUT.BY распавёў радыё Свабода, што асабіста адмовіў Віктару Пракапеню выдаліць з сайту публікацыі пра затрыманьне ІТ-прадпрымальніка, а рэдактар «Новага часу» расказвае, чаму выданьне пагадзілася скарэктаваць матэрыялы.

    http://baj.media/wp-content/uploads/2023/08/fb497bde-5741-49b5-8c01-ff814302f654_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg

    Яшчэ ў верасьні ў блогу «Ресурс киберакына» зьявіўся артыкул зь пералікам дзясяткаў архіўных публікацый, выдаленых з сайтаў беларускіх недзяржаўных мэдыяў, якія распавядалі пра затрыманьне ў 2015 годзе вядомага ІТ-прадпрымальніка Віктара Пракапені.

    Абвінавачаны ў «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў складзе арганізаванай злачыннай групы», ён правёў 9 месяцаў у менскім СІЗА № 1. Пасьля чаго выйшаў на волю, «цалкам кампэнсаваўшы нанесеную шкоду», рапартаваў Сьледчы камітэт. Сам Пракапеня віны не прызнаў. Пазьней паведамлялася, што ўсе абвінавачваньні зь бізнэсоўца былі зьнятыя, а справа аб незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасьці спыненая ўказам прэзыдэнта.

    Блог са сьпісам выдаленых архіўных публікацый выклікаў новую хвалю цікаўнасьці пасьля таго, як 22 сьнежня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Адным зь яго аўтараў і самых заўважных прыхільнікаў быў Віктар Пракапеня.

    У сакавіку 2017 Лукашэнка наведаў менскі офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў і былы галоўны ідэоляг Беларусі Усевалад Янчэўскі

    У сакавіку 2017 Лукашэнка наведаў менскі офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў і былы галоўны ідэоляг Беларусі Усевалад Янчэўскі

    У сьнежаньскіх публікацыях блога і абмеркаваньнях у Face­book зьявіліся сьведчаньні таго, што вядомы бізнэсовец або ягоныя прадстаўнікі нібыта зьвязваліся з шэрагам недзяржаўных СМІ і прасілі выдаліць альбо адкарэктаваць публікацыі з інфармацыяй пра яго затрыманьне і знаходжаньне ў СІЗА.

    Некаторыя з уладальнікаў і рэдактараў згаданых сайтаў цалкам ці часткова прызналі праўдзівасьць гэтай інфармацыі. Акрамя гэтага зьявіліся паведамленьні аб тым, што інфармацыя аб затрыманьні Віктара Пракапені была таксама выдаленая з афіцыйнага сайту Сьледчага камітэту.

     

    Свабода папрасіла пракамэнтаваць скандал галоўнага рэдактара газэты «Новы час» Аксану Колб, уладальніка парталу TUT. BY Юрыя Зісера, старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, юрыста Лябараторыі лічбавых свабодаў Human Con­stan­ta Аляксея Казьлюка і прадстаўнікоў Віктара Пракапені.

    Аксана Колб: «Уплыву на рэпутацыю выданьня скандал мець ня будзе»

    Аксана Колб

    «Па-першае, я ня бачу нічога такога страшнага ў гэтай гісторыі. Як у іншых выданьнях гэта рабілася, я ня ведаю, — кажа Аксана Колб. — Да нас таксама зьвярталіся з гэтай просьбай, але я адразу сказала, што ў аўтарскія тэксты праўкі ўносіць ня буду. Акрамя сапраўды фактычных памылак. У двух выпадках памылкі былі. На той момант, калі яшчэ не былі выстаўленыя абвінавачаньні, мы напісалі, што гэта здарылася. Выправілі «арыштаваны» на «затрыманы».

    Аксана Колб расказвае, што першапачаткова зь ёй зьвязваліся не афіцыйныя прадстаўнікі Віктара Пракапені і ня ён сам, а «вядомая ў журналісцкіх колах асоба», назваць імя якой яна ня можа. Галоўрэд «Новага часу» падкрэсьлівае, што ніякіх патрабаваньняў не было, а прапанова зьмяніць зьмест матэрыялаў гучала як просьба.

    «Пасьля была іншая сустрэча, была заключаная рэклямная дамова, — працягвае Колб. — У розныя тэксты ўносіліся спасылкі на асабістую старонку Віктара Пракапені ў фэйсбуку, на старонку ягонай кампаніі. Другая сустрэча адбывалася ўжо зь піяршчыкамі Віктара Пракапені. Гаворка ідзе пра зусім невялікія сумы. У сёньняшніх коштах гэта да 200–300 даляраў. У залежнасьці ад колькасьці спасылак. Магчыма, нехта рабіў іх больш. Гэта стандартныя кошты на рэкляму».

    На думку галоўнага рэдактара «Новага часу», скандал не паўплывае на аўтарытэт і папулярнасьць выданьня.

    «Мне здаецца, чытачы нават не заўважылі гэтага скандалу. Гэта ўсё абмяркоўваецца ў фэйсбуку, — перакананая Аксана Колб. — Першы раз тэма ўсплыла некалькі месяцаў таму, тады ніхто нават не заўважыў… Таму ніякага ўплыву на рэпутацыю выданьняў агулам, на адносіны чытачоў скандал мець ня будзе».

    Яна перакананая, што тэма «ня вартая абмеркаваньня» і што «ніхто нічога страшнага не зрабіў».

    «Тое, што дзесьці падкарэктавалі, зьмянілі… Як тлумачыла тая асоба, якая да нас зьвярталася, гэта ўсё было для вонкавых спажыўцоў, якія гуглілі, хто такі Пракапеня, і ў якіх адразу ўзьнікалі пытаньні, хто ён такі… Паўтаруся, што гэта ня тычылася прынцыповых момантаў», — сказала ў камэнтары Свабодзе галоўны рэдактар «Новага часу».

    Юры Зісер: «Тэксты былі адкарэктаваныя бяз нашага ведама. Супрацоўнік пакараны»

    Юры Зісер

    «Зьвяртаўся сам Пракапеня. І да мяне, і да іншых акцыянэраў. Мы яму адмовілі, ня выдалілі гэтыя навіны, яны ўсе на месцы, — кажа Юры Зісер. — Аднак, як высьветлілася, частка навінаў была адкарэктаваная. З 20 матэрыялаў у 5 прыбралі прозьвішча Пракапені з загалоўка, яшчэ ў некалькіх навінах замянілі кірыліцу на лацініцу. Але гэтыя навіны ў гугле выдатна знаходзяцца, ні на што гэта не паўплывала асабліва. Толькі на рэйтынг. Але самі навіны мы не выдалялі, у адрозьненьне ад іншых СМІ».

    Уладальнік парталу TUT. BY кажа, што, на яго думку, праблема «высмактаная з пальца», а ў краіне ёсьць значна больш важныя тэмы. Таксама Юры Зісер згадвае пра прызнанае Эўрапейскім судом «права на забыцьцё» ў інтэрнэце, згодна зь якім кожны мае права зьвярнуцца з просьбай выдаліць згадкі пра яго ў пошукавіках.

    «Так, у нас былі выпраўленыя навіны. Мы высьветлілі, хто гэта зрабіў, чалавек пакараны, — дадае Зісер. — Я ня ведаў, галоўны рэдактар даведалася пазьней. Гэта не было санкцыянавана. Зразумейце, я 17 гадоў у інтэрнэце, і з майго боку было б фантастычна наіўна думаць, што гэта ня ўскрыецца. Як мы пакаралі свайго супрацоўніка, я сказаць не магу, гэта наша ўнутраная справа».

    Андрэй Бастунец: «Пляную асабіста пагаварыць з рэдактарамі СМІ, якія згаданыя ў публікацыі»

    Андрэй Бастунец

    «Афіцыйна мы пакуль сваю пазыцыю не сфармавалі. Вывучаем тое, што адбылося, — кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — Я згодны з крытыкай, мне не падабаецца, што былі зьнятыя матэрыялы альбо што да іх быў абмежаваны доступ».

    Бастунец таксама згадвае пра права на забыцьцё ў інтэрнэце, аднак дадае, што яно таксама павінна быць адпаведным чынам аформленае. Трэба прытрымлівацца зацьверджанай заканадаўча працэдуры, якой у Беларусі пакуль не існуе.

    «Наколькі я ведаю, пэўныя людзі выказвалі жаданьне зьвярнуцца ў камісію па этыцы БАЖ, — дадае Бастунец. — Адзін такі зварот ужо быў, але ён быў фактычна ананімны. Цяпер мы чакаем афіцыйнага звароту. А па-другое, у бліжэйшыя дні я сам хачу пагаварыць з кіраўнікамі тых СМІ, якія называліся ў сувязі з гэтай справай. Каб лепш разабрацца ў гэтай сытуацыі. Справа нават ня ў тым, што БАЖ выступіць зь нейкай заявай або камісія па этыцы прыме нейкае рашэньне. Вельмі добра тое, што тэма пачала абмяркоўвацца, што сама журналісцкая супольнасьць пачала абмяркоўваць сытуацыю».

    Кампанія Пракапені: «Мы зьвярталіся да некаторых мэдыярэсурсаў»

    Свабода зьвярнулася з просьбай аб камэнтары ў аддзел мэдыя кампаніі VP Cap­i­tal, якая належыць Віктару Пракапеню. Там паведамілі, што «зьвярталіся да некаторых мэдыярэсурсаў з просьбай аб выдаленьні шэрагу матэрыялаў, якія зьмяшчалі фактычна недакладную інфармацыю».

    Аляксей Казлюк: «Гэта гісторыя ня мае ніякага дачыненьня да „права на забыцьцё“»

    Аляксей Казьлюк

    Праваабаронца Лябараторыі лічбавых свабодаў Human Con­stan­ta Аляксей Казьлюк тлумачыць, што згодна з гэтак званай канцэпцыяй «права на забыцьцё» ў інтэрнэце (Right to be for­got­ten), чалавек можа патрабаваць ад пошукавых рэсурсаў кшталту Google выдаленьня з пошукавай выдачы спасылак пра неактуальныя падзеі са свайго жыцьця, якія перашкаджаюць ягонай прыватнасьці ці ствараюць праблемы.

    «Дзеяньне „права на забыцьцё“ распаўсюджваецца найперш на краіны Эўрапейскага Зьвязу, Аргентыны, Расеі і яшчэ некалькіх дзяржаў, дзе яно ўведзенае ў заканадаўства, — кажа праўнік. — Напрыклад, у Эўропе гаворка ідзе пра стандарты, усталяваныя Судом Эўрапейскага Зьвязу, а ня нейкай карпарацыяй ці супольнасьцю. Таму ёсьць і празрыстая працэдура, як гэта робіцца».

    Аляксей Казьлюк кажа, што найчасьцей «права на забыцьцё» не распаўсюджваецца на публічных асобаў — палітыкаў, бізнэсоўцаў, актораў. «То бок людзі, да якіх прыцягнуты грамадзкі інтарэс, як правіла, ня могуць скарыстацца гэтым правам», — кажа экспэрт.

    Ён заўважае, што ў беларускім заканадаўстве гэты канцэпт не існуе, таму з дапамогай заканадаўства патрабаваць выдаленьня неактуальнай інфармацыі пра сябе ў нашай краіне немагчыма. Асобны закон аб пэрсанальных дадзеных у нас толькі пачынаюць распрацоўваць. Ці будзе там права на забыцьцё, яшчэ ня вырашана.

    «Можна дамовіцца з рэдакцыяй — але гэта ўжо, хутчэй, пытаньне журналісцкай этыкі, чым права — выдаляць ці не выдаляць матэрыял на запатрабаваньне фігуранта публікацыі, — кажа Аляксей Казьлюк. — Зразумела, бываюць выпадкі, калі без выдаленьня публікацыі пагражаюць наступствы юрыдычнага кшталту. У дадзеным выпадку мы ня ведаем, чым кіравалася кожная з рэдакцыяў, з сайтаў якіх зьніклі публікацыі».

    Паводле экспэрта, звычайна СМІ, наадварот, супраціўляюцца прымяненьню «права на забыцьцё», бо яно ўступае ў канфлікт са свабодай інфармацыі.

    «Сама канцэпцыя „права на забыцьцё“ даволі спрэчная, яна мае ў юрыдычным сьвеце як прыхільнікаў, гэтак і апанэнтаў. Напрыклад, у ЗША яна ня дзейнічае, бо існуе Першая папраўка да Канстытуцыі, якая сьцьвярджае свабоду інфармацыі перадусім».

    Пры гэтым Аляксей Казьлюк перакананы, што гісторыя з выдаленьнем публікацый пра затрыманьне Віктара Пракапені «ня мае ніякага дачыненьня» да «права на забыцьцё». «Маем эфэктыўную працу піяр-службы бізнэсоўца і шмат этычных пытаньняў да журналістаў», — кажа праўнік з арганізацыі Human Con­stan­ta.

    Паводле Аляксея Казьлюка, калі б усё гэта адбывалася ў Эўропе, Пракапеня мог бы зьвярнуцца найперш да пошукавага сэрвіса Google. «Гэта можна зрабіць праз форму на сайце. Магчыма, інфармацыя была б выдаленая з пошукавай выдачы, але ніколі — з саміх мэдыйных рэсурсаў».

    Ён дадае, што мы назіраем «эфэкт Стрэйзанд» — сацыяльны фэномэн, калі спробы схаваць ці выдаліць непажаданую для некага інфармацыю толькі падвышаюць да яе цікавасьць і спрыяюць яе шырэйшаму распаўсюджваньню.

    Цэнзура Пракапені. Хто і чаму хавае ад нас праўду? ВІДЭА

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці