Ні слова пра каранавірус і карантын. Міліцыя пераследуе журналістаў за відэаапытанне пра эпідэмію
Пасля судовага пакарання буйным штрафам у дзень народзінаў за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, журналістка-фрылансер Ларыса Шчыракова атрымала новы адміністрацыйны пратакол з Цэнтральнага РАУС Гомеля.
Усё той жа старшы інспектар, капітан міліцыі Пётр Грамадцоў склаў на Шчыракову новы адміністрацыйны паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
“Гэта адзін з самых дзіўных міліцэйскіх пратаколаў: пазначана, у колькі, з кім і дзе я знаходзілася 20 сакавіка, пералічаныя законы, артыкулы, іх часткі, якія я нібыта парушыла, але ні слова пра тое, якое менавіта супрацьпраўнае дзеянне я зрабіла”, — кажа Ларыса.
Журналістка дадае, што гэта ўжо другі варыянт новага пратакола, які даслаў капітан Грамадцоў. Першы наогул было немагчыма прачытаць з‑за невыразнага почырку. Другі — не раскрывае сутнасць парушэння.
Падобны адміністрацыйны пратакол атрымаў і гомельскі сябра ГА “БАЖ” Андрэй Толчын.
20 сакавіка Толчын са Шчыраковай запісалі каля ўніверсітэта імя Францішка Скарыны кароткае відэаапытанне студэнтаў пра тое, ці трэба ў навучальных установах уводзіць карантын з прычыны эпідэміі каранавіруса. Відэзапіс працягласцю 30 секунд скарыстаў беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, які транслюе перадачы з Польшчы.
“Ні для каго не сакрэт, што міліцыянты выконваюць загад зверху, змагаюцца з непадцэнзурнай інфармацыяй. Прасцей кажучы, са свабодай слова. Манітораць інтэрнэт і складаюць адміністрацыйныя пратаколы пра парушэнне Закона аб СМІ і Адміністрацыйнага кодэкса, не зважаючы, што пры гэтым самі парушаюць і нацыянальнае заканадаўства пра свабоду збору і распаўсюду інфармацыі, і міжнародныя прававыя дакументы, якія ратыфікавала Беларусь”, — зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Толчын.
Паводле міліцэйскіх пратаколаў, складзеных у папярэднія гады на падставе артыкула 22.9 КаАП, суды Гомельскай вобласці каралі буйнымі штрафамі Андрэя Толчына звыш дзесяці разоў, Ларысу Шчыракову — больш за 20 разоў. Апошні штраф (945 рублёў) журналістка-фрылансер атрымала ў свой дзень народзінаў 13 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.