• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Незалежныя журналісты вярнуліся з адпачынку і даведаліся, што іх зноў пасудзілі

    Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава зноў атрымалі буйныя штрафы за супрацу з «Белсатам» – агулам больш за Br 2000.

    Яшчэ 31 траўня суддзя суду Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабанпрысудзіў Алесю Ляўчуку і Мілане Харытонавай па 40 базавых велічынь штрафу кожнаму – то бок агулам Br 2040. Нагодай для такога штрафу стала асвятленне акцыі пратэсту супраць акумулятарнага заводу, якая прайшла 7 красавіка.

    Ляўчуку позву ў суд уручыў супрацоўнік міліцыі Раман Хацько. Мілана Харытонова позву ў суд не атрымлівала, таму і падала скаргу ў абласны суд.

    – Падрыхтоўка справы вялася са шматлікімі парушэннямі: мяне не выклікалі для складання пратаколу, не апытвалі, копія пратакола не была мне накіраваная, ні позву ні пастанову суду я не атрымала. А пра прысуд мне паведаміў Алесь Ляўчук, які атрымаў электронны ліст з суду, – сказала ў размове з «Белсатам» Мілана Харытонава.

    Тым часам, Алесь Ляўчук дамагаецца пакарання для міліцыянтаў якія жорстка яго затрымалі 3 сакавіка.

    Журналіст напісаў скаргі ў Следчы камітэт і пракуратуру, але звароты Ляўчука былі адпраўлены ў той самы РАУС, супрацоўнікі якога затрымлівалі журналіста. Праз амаль два месяцы на Ляўчука склалі пратакол быццам бы за непадпарадкаванне міліцыі. Але пратакол быў складзены з такой колькасцю памылак, што суд нават не стаў яго разглядаць. Пакуль міліцыянты выпраўлялі памылкі, выйшлі тэрміны прыцягнення да адказнасці.

    – Я не атрымаў ніякага адказу на свае скаргі, таму напісаў новыя, а таксама папрасіў Берасцейскі гарвыканкам пакараць міліцыянтаў за парушэнне закону аб зваротах грамадзянаў, – кажа Алесь Ляўчук «Белсату».

    Вось такія адказы на свае скаргі атрымаў Алесь Ляўчук

    У адказе, атрыманым з упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкаму гаворыцца:

    – Вашы довады аб неналежным інфармаванні службовымі асобамі АУС Маскоўскага раёну Берасця аб выніках разгляду скаргаў на нібыта супрацьпраўныя і нетактоўныя паводзіны супрацоўнікаў міліцыі знайшлі сваё пацверджанне. Кіраўнікі АУС папярэджаны аб адказнасці, а вінаваты супрацоўнік міліцыі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Пры гэтым дзеянні супрацоўнікаў АУС, якія ўжылі ў дачыненні да вас фізічную сілу, прызнаныя законнымі і абгрунтаванымі.

    А ў самім Маскоўскім АУС журналісту адказалі, што супрацоўнікі міліцыі, якія яго затрымалі, не выйшлі за межы правоў і паўнамоцтваў прадстаўленых ім па службе.

    – Вада камень точыць. Я працягну пісаць скаргі на тое затрыманне. Цяпер кіраўніцтва міліцыі Маскоўскага раёну прызнаецца, што гэта было сапраўды затрыманне, а калі гэта так, то па законе павінен быць пратакол затрымання, які ў той дзень не складаўся. Замест таго, каб строга пакараць супрацоўнікаў, якія парушылі закон, міліцэйскае кіраўніцтва працягвае іх пакрываць, – лічыць Алесь Ляўчук.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці