Незалежным журналістам з Брэста зноў робяць перашкоды ў доступе да інфармацыі пра COVID-19
Журналісты-фрылансеры Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава 5 траўня накіраваліся ў Кобрын, каб спраўдзіць інфармацыю, пра наяўнасць выпадкаў захворвання на COVID-19 у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.
Як паведаміў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алесь Ляўчук, тэрыторыя інтэрната была зачынененая, а карэспандэнтаў не толькі не пусцілі, але і адмовіліся з імі размаўляць. Спробы нешта даведацца ў аздараўленчым лагеры “Колас”, дзе жывуць медыкі, таксама плёну не далі: за агароджу журналістаў не пусціла ахова.
Паводле слоў Алеся Ляўчука, падобных выпадкаў апошнім часам здараецца ўсё больш.
“Напрыклад, зараз вельмі складана нешта здымаць каля медычных устаноў, — распавядае Алесь Ляўчук. — Калі напрыканцы сакавіка здымалі будынак інфекцыйнага аддзялення Брэсцкай абласной больніцы, спачатку да нас выйшаў ахоўнік і сказаў, што здымкі забароненыя і ён будзе выклікаць міліцыю, пасля тое ж самае зрабіла лекарка бальніцы. У выніку з будынка бальніцы выйшаў міліцыянт і праверыў нашы дакументы. Абышлося без затрыманняў, але здымаць так і не дазволілі”. Такая ж сітуацыя склалася, калі журналісты наведалі Брэсцкую цэнтральную гарадскую бальніцу.
Як заўважае Алесь Ляўчук, адмаўляюцца адказваць на пытанні незалежных журналістаў, асабліва, калі гэта тычыцца тэмы каранавіруса, не толькі ў медычных установах.
“Напрыканцы красавіка кіраўнік аддзела адукацыі Брэсцкага гарвыканкама Анатоль Наскоў адмовіўся размаўляць па тэлефоне наконт выяўленага ў настаўніцы сярэдняй школы № 33 каранавіруса, — кажа сябра ГА “БАЖ” Алесь Ляўчук. — Чыноўнік папрасіў даслаць пісьмовы зварот, на які ён, маўляў, адкажа згодна з заканадаўствам. Пасля гэтага мы звярнуліся непасрэдна да настаўнікаў згаданай навучальнай установы, але і яны адмовіліся ад размовы. У выніку супрацоўніца школы запатрабавала пакінуць тэрыторыю школы і выклікала міліцыю”.
Алесь Ляўчук перакананы, што гэта ўжо не адзінкавыя выпадкі, а цэлая сістэма, паводле якой дзяржава на ўсіх узроўнях спрабуе схаваць інфармацыю. “Дзяржаўныя ўстановы яшчэ больш зачыняюцца ад незалежных СМІ: такая тэндэнцыя была і раней, але зараз — у сувязі COVID-19 — іх дзеянні нагадваюць параною”, — зазначае брэсцкі журналіст і падкрэслівае, што становішча, калі прадстаўнікам бюджэтнай сферы забараняюць размаўляць са СМІ, не нясе нічога добрага нашай краіне.