• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Незалежным беларускім медыям надалей патрэбная польская дапамога

    Без польскай дапамогі незалежныя беларускія медыі не змаглі б існаваць у цяперашніх умовах. Гаворка ідзе найперш пра Беларускае Радыё Рацыя, тэлеканал “Белсат”, Еўрапейскае радыё для Беларусі і сайт charter97.org, а таксама медыі, якімі займаюцца прадстаўнікі непрызнанага афіцыйнымі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.

    У Беластоку прайшлі міжнародныя дэбаты на тэму „Польскі ўнёсак у развіццё свабодных беларускіх медыяў”.

    Арганізатарам мерапрыемства стаў Рэгіянальны асяродак міжнародных дэбатаў у Беластоку.

    На фота: арганізатары дэбатаў Войцех Слешыньскі (злева) і Анна Малгажата Кетліньска

    Сярод удзельнікаў – намеснік старшыні Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Міхась Янчук:

    – Тое, што рабіла, робіць і, спадзяюся, будзе рабіць Польшча на нашым беларускім палетку – цяжка пераацаніць, таму што лепшых сяброў у гэтай галіне – вельмі няшмат. І я буду спадзявацца, што мы данясем наш голас да тых людзей, якія прымаюць рашэнні і ў Польшчы, і ва ўсім Еўразвязе, наколькі важнае далейшае існаванне незалежнага вольнага слова ў Беларусі. Беларусь – гэта не проста сусед Польшчы і Еўразвязу, але гэта краіна, у якой сёння вырашаецца будучыня ўсёй постсавецкай прасторы, таму што калі дэмакратыя некалі пераможа ў Беларусі, то будзе магчымым і яе далейшы марш на ўсход. Калі ж мы сёння здамося імперскай Расеі ў яе цяперашнім выглядзе, то нічога не затрымае далейшага маршу “рускага міру” на захад.

    Анджэй Пісальнік, які прадстаўляе інтэрнэт-старонку znadniemna.pl, звяртае ўвагу на тое, што як сайт, так і часопіс “Głos znad Niem­na”, існуюць у фактычна падпольным рэжыме.

    Журналіст прыгадаў у размове з нашым радыё пра існаванне двух Саюзаў палякаў на Беларусі: афіцыйнага, марыянеткавага, які падтрымліваецца дзяржавай і кантралюецца спецслужбамі, і неафіцыйнага, які не прызнаецца ўладамі ў Беларусі, але затое прызнаецца па-за межамі краіны і карыстаецца падтрымкай большасці прадстаўнікоў польскай меншасці:

    – Зразумела, што ў гэтай сітуацыі палякі, якія знаходзяцца, скажам так, у апазіцыі да дзейнай улады, яны б не маглі выдаваць свае медыі без падтрымкі польскай дзяржавы.

    Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў тэлеканала “Белсат» Аляксей Дзікавіцкі:

    – Унёсак Польшчы ў існаванне тэлеканала “Белсат” цяжка пераацаніць. Нашым галоўным спонсарам і грантадаўцам з’яўляецца Міністэрства замежных спраў Польшчы. Гэта надае зусім іншы ўзровень, і спрыяе іншаму падыходу з боку іншых грантадаўцаў.

    РР: Як вы лічыце, наколькі змена ў палітычным клімаце паміж Менскам і Варшавай можа паўплываць на жаданне Польшчы надалей аказваць падтрымку незалежным беларускім медыям?

    – Я спадзяюся, што гэта не паўплывае адмоўна. Шкада было б змарнаваць тое, што зроблена за гэтыя 10 гадоў. У нас падрыхтаваныя журналісты, у нас цікавая праграмная прапанова, мы здымаем дакументальнае кіно, у нас цэлая сетка карэспандэнтаў, аператараў і не толькі ў Беларусі. Мы добра ведаем, што афіцыйны Менск вельмі спрытны ў такіх рэчах, як гульні то з захадам, то з усходам. Але ўсе гэтыя гульні і пацяпленні адносінаў могуць спыніцца толькі адным словам, якое прагучыць не з Менску нават, а з Масквы.

    Старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа ў час дэбатаў адзначыў, што цяпер на беларуска-польскім памежжы функцыянуюць 36 радыёстанцый у дыяпазоне FM, якія можна слухаць на мяжы і па абодва бакі мяжы. Таму Радыё Рацыя, якое мае трансгранічны абсяг, існуе ва ўмовах сапраўднай канкурэнцыі.

    На думку Яўгена Вапы, у такой сітуацыі адной з галоўных каштоўнасцяў і адметнасцяў Радыё Рацыя ёсць вяшчанне на беларускай мове.

    – Існаванне Беларускага Радыё Рацыя з 2006 году магчымае, дзякуючы польскаму МЗС‑у. Быў першы перыяд, калі мы існавалі без такой дапамогі, а цяпер маем гэтую дапамогу. З Міністэрствам у нас простая і зразумелая дамова: яны нас фінансуюць і не ўмешваюцца ў нашыя праграмныя справы, а мы можам займацца журналістыкай з незалежнага беларускага пункту гледжання. І гэта вельмі карыснае і патрэбнае ў сённяшнім свеце.

    Рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна ў час дэбатаў расказала пра пераслед журналістаў у Беларусі: Журналістаў пераследуюць за “абразу прэзідэнта” і прыкладам таму – справа карэспандэнта Gaze­ta Wybor­cza Анджэя Пачобута. Журналістаў пераследуюць за “экстрэмізм”, і толькі нядаўна прайшоў судовы працэс над блогерам Эдуардам Пальчысам. Але журналістаў і забіваюць. Сярод тых, хто паплаціўся сваім жыццём – Зміцер Завадскі, Вераніка Чаркасава, Васіль Гроднікаў, заснавальнік charter97.org Алег Бябенін, нядаўна забіты ва Украіне заснавальнік „Беларускага Партызана” Павел Шарамет.

    Таксама Наталля Радзіна прыгадала і пра складаныя ўмовы працы ў Беларусі журналістаў-фрылансераў, пра немагчымасць нармальнай працы без акрэдытацыі, якую трэба атрымаць у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

    – Таму ў гэтай сітуацыі надзвычай важная падтрымка незалежных СМІ. Паводле апошніх незалежных сацыялагічных апытанняў, каля 50 % беларусаў падтрымліваюць дзеянні Расеі ва Украіне. Калі б не незалежныя медыі, то гэта маглі быць і 70–80 працэнтаў. Я лічу, што Пуцін тады меў бы ўсе шанцы ўвесці расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі.

    Адзначыла Наталля Радзіна таксама важнасць незалежных медыяў у развіцці нацыянальнай свядомасці беларусаў.

    Дэпутат польскага Сейму ад апазіцыйнай партыі “Грамадзянская платформа” Робэрт Тышкевіч запэўнівае, што прыкладзе ўсе намаганні дзеля далейшай падтрымкі незалежных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі:

    – Я лічу, што гэта цудоўная традыцыя – дапамога Польшчы дэмакратычным, грамадскім беларускім асяродкам. І асабліва прыгожай часткай гэтай традыцыі ёсць падтрымка незалежных беларускіх медыяў. Развіваючы нашыя суседскія кантакты, мы павінны таксама клапаціцца пра тое, каб дэмакратычныя стандарты, якія тычацца грамадзянскіх свабодаў, свабоды слова, незалежных СМІ, каб яны ўвесь час развіваліся. Я прыкладу ўсе намаганні дзеля таго, каб польскі Сейм і польскі ўрад надалей рэалізоўвалі праграмы падтрымкі незалежных беларускіх медыяў.

    Мадэратарам дыскусіі выступіла дырэктарка „Белсату” Агнешка Рамашэўская-Гузы. Абмеркаванне закранала пытанне сітуацыі незалежных медыяў у Беларусі, патрэбаў журналістыкі ды пагрозаў для яе ва ўмовах пануючага ў краіне рэжыму. Усе ўдзельнікі дэбатаў падкрэслівалі важнасць далейшай падтрымкі вольнага слова ў Беларусі з боку польскай дзяржавы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці