Незалежных журналістаў Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача пакаралі вялікімі штрафамі ў Докшыцах
Докшыцкі райсуд 27 снежня прызнаў незалежных журналістаў з Глыбокага Змітра Лупача і Таццяну Смоткіну вінаватымі ў парушэнні заканадаўства паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.
Суддзя Вячаслаў Елісеенка пакараў журналістаў штрафам: на 25 базавых велічыняў Таццяну Смоткіну і на 40 базавых велічыняў Змітра Лупача.
Падставай для адміністрацыйнага пераследу сталі журналісцкія матэрыялы, якія выйшлі на “Радыё Рацыя” і тэлеканале “Белсат”. У іх распавядалася пра збор подпісаў за стварэнне прыпынку хуткаснага цягніка Мінск — Полацк на станцыі Параф’янаў, які арганізаваў грамадскі актывіст Кастусь Шыталь.
На судзе журналісты вырашылі скарыстацца артыкулам 27 Канстытуцыі Беларусі і адмовіліся сведчыць супраць сябе. Яны лічаць, што гэтыя справы, як і іншыя, распачатыя па адным і тым жа сцэнары. Суды праходзяць па тых жа самых сцэнарах, дзе не ўлічваюцца абгрунтаваныя тлумачэнні ні журналістаў, ні іх адвакатаў. Таму сёння на судзе была занятая менавіта такая пазіцыя.
Як кажа Таццяна Смоткіна, ёй вядома, хто на самой справе ініцыюе гэтыя справы і чым яны звычайна для іх заканчваюцца. Безумоўна, спецслужбы напярэдадні любых выбараў або іншых значных падзеяў паказваюць, як яны шчыра працуюць у рэгіёнах, некаторыя з іх мараць пра падвышэнне і новыя зорачкі на пагонах. Таму і ціснуць на незалежных журналістаў (бо палітыкаў у рэгіёнах проста няма), якія падаюць аб’ектыўную інфрмацыю і паказваюць рэальную карціну жыцця. Але робяць гэта завуалявана: не сваімі рукамі, з дапамогай міліцыі, і прыцягваючы журналістаў да адказнасці за станоўчыя сюжэты, каб у людзей узнікала непаразуменне: чаму і за што. Яны, напэўна, лічаць, што людзі будуць баяцца нават размаўляць з незалежнымі журналістамі.
— Але атрымліваецца якраз усё наадварот: людзі цікавяцца, разбіраюцца ў сітуацыі, выказваюць словы падтрымкі і салідарнасці. І гэта дае разуменне, што недарэмна ты робіш сваю працу, якія б складаныя ўмовы не былі, — адзначае Таццяна Смоткіна.
Паводле Змітра Лупача, на яго ў гэты раз былі заведзеныя аж дзве адміністрацыйныя справы: за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат” і за супрацу з радыё “Рацыя”. Як кажа журналіст, з “Беларускім Радыё Рацыя” ён ніколі не супрацоўнічаў. Але яго аштрафавалі аж на 40 базавых велічыняў, напэўна, менавіта таму, што было заведзена дзве справы і, напэўна, яшчэ таму, што сёлета яго судзяць ужо чацвёрты раз па гэтым артыкуле. Яшчэ Зміцер Лупач падкрэслівае тое, што ўжо ў каторы раз у судах ён тлумачыць, што нічога не вырабляе і не размяшчае на сайтах, бо не можа гэта рабіць фізічна, а толькі збірае інфармацыю, што гарантуе яму Канстытуцыя. Але яшчэ ні адзін суд гэта не ўлічыў. Таму сёння ён скарыстаўся таксама 27-ым артыкулам Канстытуцыі і не даваў ніякіх тлумачэнняў у судзе, бо лічыць гэта марнаваннем часу.
Надалей журналісты збіраюцца абскарджваць пастанову Докшыцкага райсуда і працягваць займацца журналісцкай дзейнасцю.