• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Незалежную журналістку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 5 базавых. Яна дома

    Затрыманая міліцыяй прэвентыўна 3 жніўня сябра ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова знайшлася  сёння ў ізалятары часовага ўтрымання. Вечарам яе асудзілі і пакаралі штрафам у 5 базавых велічынь.

    Афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў паведаміў 4 жніўня карэспандэнту Службы маніторынга ГА «БАЖ», што Ларыса Шчыракова затрымана супрацоўнікамі Гомельскага РАУС у межах адміністрацыйнай справы аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суд у дачыненні журналісткі прызначаны на 15.00.

    30 жніўня Шчыракова вяла стрым з шматтысячнага маршу незалежнасці і міру ў Гомелі. Пасля акцыі журналістку перастрэлі каля яе прыватнага дома людзі ў цывільным і адвезлі ў Гомельскі РАУС. Там ёй зрабілася блага. Шчыракову даставілі ў шпіталь інвалідаў вайны, які знаходзіцца непадалёку ад райаддзела міліцыі, у тым жа Навабеліцкім раёне Гомеля. Журналістка скардзілася на галаўны боль, таму яе  шпіталізавалі.

    На наступны дзень Шчыракову па яе просьбе выпісалі са шпіталя. Дома заставаўся 13-гадовы сын, якога да таго ж трэба было збіраць у школу.

    Суд над Шчыраковай мусіў адбыцца 3 верасня. Аднак напярэдадні журналістцы патэлефанавала сакратарка суддзі Тамары Застаўнецкай з Гомельскага раённага суда і папярэдзіла, што адміністрацыйны пратакол у дачыненні яе накіраваны  назад у РАУС на дапрацоўку — у суд прыязджаць не трэба.

    А вечарам Ларысу Шчыракову затрымалі зноў-такі супрацоўнікі Гомельскага РАУС  і прэвентыўна даставілі ў ізалятар. Непаўнагадовы сын журналісткі не мог патрапіць дадому, паколькі з‑за арышту маці застаўся без ключоў.

    «Позна ўвечары, — расказвае бабуля хлопчыка Тамара Шчыракова, — міліцыя прывезла ўнука да мяне дадому. Сёння ён не пайшоў у школу, бо да гэтага часу не можам патрапіць у свой дом». 

    Тамара Астапаўна дадала, што збірае дачцы перадачу, каб паехаць у ізалятар і заадно ўзяць ключы ад дома. Пра суд над дачкой на момант размовы з карэспандэнтам маніторынга ГА «БАЖ» жанчына яшчэ не ведала.

    У суд Гомельскага раёна Ларысу Шчыракову не прывезлі. Тут яе чакалі журналісты, праваабаронцы, гараджане. Каля 16‑й гадзіны памочніца старшыні суда Кушнярэвіч паведаміла, што Шчыракову будуць судзіць на выяздным пасяджэнні суда непасрэдна ў  Гомельскім РАУС. Каля 17‑й гадзіны група падтрымкі прыехала да райаддзела міліцыі.  Праз некаторы час сюды прыйшла з кіёчкам і Тамара Астапаўна, маці Шчыраковай. З ёю быў і сын Ларысы Святаслаў.

    Нікога з прысутных у будынак РАУС не пусцілі. Паставы старшы сяржант Рудзянок тлумачыў: «Вы ж ведаеце, якая сітуацыя ў краіне, таму цывільных у аддзел не пускаем». Тым не менш, міліцыянт абяцаў паведаміць, калі будзе разглядацца справа Шчыраковай.

    Яшчэ гадзіну  прысутныя чакалі вынікаў разгляду адміністрацыйнай справы. На пачатку 19‑й гадзіны той жа старшы сяржант заявіў, што  Шчыраковай у райаддзеле няма.

    Тамара Астапаўна звярнулася ў аддзел з вуснай заявай аб прапажы дачкі. Старшы сяржант запісаў хатні адрас жанчыны і абяцаў дакласці дзяжурнаму РАУС.

    А 19‑й гадзіне ў прэс-службе УВД Гомельскага аблвыканкама паведамілі, што Ларыса Шчыракова не прапала, яна аштрафавана на падставе артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях на 5 базавых велічыняў (135 рублёў) і хутка будзе дома.

    Сын Ларысы чакаў маці ў прыцемках ў двары дома яшчэ каля гадзіны. Журналістка прыехала дахаты толькі на пачатку 21‑й гадзіны.

    Шчыракова паведаміла Службе маніторынгу ГА «БАЖ», што напярэдадні, калі яна была на занятках вакальнага гуртка ў РДК, ёй патэлефанаваў участковы інспектар Гомельскага РАУС і папрасіў прыехаць.

    «Гэта блізка  ад райаддзела міліцыі. Я думала, што мяне выклікаюць, каб удакладніць пратакол, складзены інспектарам Окуневым за асвятленне маршу міру 30 жніўся. Аднак капітан міліцыі Алег Кемель склаў пратакол  на падставе артыкула 23.34 КаАП за рэпост у сацыяльнай сетцы акцыі салідарнасці са студэнтамі Мінска. Пасля складання пратакола ў мяне хацелі ўзяць адбіткі пальцаў, але я адмовілася.

    Супрацоўнік міліцыі Руслан Цітоў склаў яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне міліцыі. Пасля гэтага мяне і адправілі ў ізалятар, нягледзячы на тое, што дома застаўся непаўнагадовы сын», — распавяла сама Ларыса Шчыракова.

    Яна паведаміла таксама, што два адміністрацыйныя пратаколы суддзя Гомельскага раённага суда Фядосава сапраўды разглядала ў актавым зале райаддзела міліцыі і на падставе двух вышэйзгаданых пратаколаў аштрафавала Ларысу на 5 базавых велічыняў. Да вызвалення журналістка знаходзілася ў РАУСе на вуліцы Сцяпана Разіна.

    Міліцыянты наўмысна  ўводзілі ў зман сваякоў ды іншых прысутных, каб яны не сустрэлі журналістку пры вызваленні.

    Чаканні працэсу ў Гомельскім раённым судзе

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці