Некалькі беларускіх раёнак сінхронна далі аб’явы аб наборы ў ваенныя ВНУ Расіі
На гэта звярнуў увагу канал магілёўскіх праваабаронцаў MAYDAY TEAM.
Некалькі беларускіх раёнак сінхронна далі аб’явы аб дадатковым наборы ў ваенныя ВНУ Міністэрства абароны Расіі.
Бялыніцкая «Зара над Друццю», «Ашмянскі веснік» і валожынская «Працоўная слава» напісалі «да ведама абітурыентаў» аб тым, што да 29 ліпеня праводзіцца дадатковы набор у ваенныя навучальныя ўстановы Мінабароны Расіі «ў інтарэсах Узброеных Сіл Беларусі» на месцы, якія засталіся вакантнымі.
Дадатковую інфармацыю прапанавана ўдакладніць у мясцовым камісарыяце.
Ваўкавыскі партал «Наш Час» дае табліцу з назвамі расійскіх ВНУ, тлумачыць, што 30 чысла пройдзе канчатковы прафадбор на базе Ваеннай акадэміі РБ і публікуе нават прамы тэлефон адказнага — палкоўніка Вячаслава Хроловіча.
Аб’явы далі таксама «Гомельскія ведамасці» і «Светлагорскія навіны». У апошнім выпадку апублікаваны ўвесь спіс ВНУ Мінабароны РФ:
- Ваенная акадэмія сувязі (г.Санкт-Пецярбург);
— Міхайлаўская ваенная артылерыйская акадэмія (г.Санкт-Пецярбург);
— Яраслаўскае вышэйшае ваеннае вучылішча супрацьпаветранай абароны;
— Ваенны ўніверсітэт радыёэлектронікі (г.Чарапавец);
— Разанскае гвардзейскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча;
— Новасібірскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча;
— Цюменскае вышэйшае ваенна-інжынернае каманднае вучылішча.