• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Недзяржаўныя віцебскія медыя перамаглі ў народным галасаванні

    Сацыяльна-культурніцкая пляцоўка Vitebsk4me (“Віцебск для мяне”) падсумавала вынікі галасавання  за найлепшыя грамадскія праекты рэгіёна.  Сярод пераможцаў названыя інфармацыйныя рэсурсы: “Народныя Навіны Віцебска”, “Витебский курьер news” і тэлеграм-канал Vitebsk4people.

    Узяць удзел у галасаванні мог кожны ахвотны, а пераможцаў вызначалі ў некалькіх намінацыях. Сайт “Народныя Навіны Віцебска” быў прызнаны адным з лідараў у намінацыі “Унёсак у развіццё супольнасці”.

    — Гэта такі “мастадонт” у інфармацыйнай прасторы Віцебска. Менавіта тут мы ўжо колькі гадоў сочым за падзеямі і здарэннямі, шукаем афішу, чытаем цікавыя артыкулы, бачым аўтарскія фотаздымкі. Але час не стаіць на месцы, і пераможцам у той самай намінацыі таксама стаў зусім малады рэсурс — тэлеграм-канал Vitebsk4people,  дзе неабыякавыя людзі абмяркоўваюць важныя гарадскія падзеі і праблемы, у тым ліку інфраструктуру, экалогію, архітэктуру, гісторыка-культурную спадчыну, — распавяла каардынатарка праектаў Vitebsk4me Вікторыя Фаміна.

    У намінацыі “Медыяпраект” перамогу атрымаў сайт “Витебский курьер news”, які  распачаў працу ўсяго некалькі месяцаў таму дзякуючы энтузіязму рэдакцыйнага калектыву.

    — Для мяне вельмі нечакана. Я нават не думала, што грамадская супольнасць так нас адзначыць. Вельмі прыемна і пачэсна, і за павагу дзякуй! Наш поспех быў бы немагчымы без тых людзей, якія побач, — без нашых чытачоў і ўсіх, хто дапамагаў: хто справай, а хто добрым словам, — каментуе перамогу рэдактарка “Витебского курьера news” Вольга Радзюк.

    У мінулыя два гады пераможцаў у сферы грамадскага актывізму ўганароўвалі падчас адмысловай імпрэзы пад назвай “Грамадскі фуршэт” ва ўрачыстай абстаноўцы ў адной з кавярняў Віцебска. Сёлета эпідэмія каранавіруса не дазваляе павіншаваць іх належным чынам, але арганізатары абяцаюць усім пераможцам даслаць памятныя дыпломы і абавязкова правесці сустрэчу ў нефармальнай абстаноўцы, як толькі гэта стане магчымым.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці