• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як мне не далі з’есці сырок ад свайго імя, або Давайце не забываць пра аўтарскае права нават у эміграцыі

    Журналістка Вольга Класкоўская ў матэрыяле для БАЖ абмяркоўвае з экспертамі, ці магчыма незалежным медыям у выгнанні вярнуцца да паважнага стаўлення да аўтарскага права. І тлумачыць, чаму у такіх пытаннях эміграцыя — не апраўданне. 

    Вольга Класкоўская. Фота: з асабістага архіва

    Цаніць права на аўтарства тых, хто выступае з адкрытым забралам

    Напісаць гэты артыкул мяне прымусіла трошкі анекдатычная сітуацыя. Не так даўно ў выданні «Новы Час», для якога я працую, выйшла маё інтэрв’ю з былым палітзняволеным Дзімам Гоптам.

    Размова з хлопцам з асаблівасцямі развіцця, які прайшоў праз пекла турмы, была перадрукаваная шэрагам беларускіх незалежных медыя. Калегі спаслаліся на выданне, але нідзе не быў узгаданы аўтар публікацыі. Іронія палягала ў тым, што ў інтэрв’ю былі зададзеныя пытанні ад першай асобы жаночага роду, з узгадкамі пра асабісты турэмны досвед аўтара.

    У прыватнасці, прагучала пытанне: «А чаго табе больш за ўсё бракавала з ежы? Пра якія стравы ты марыў? Я, напрыклад, марыла аб тым, што калі выйду на волю, то адразу з’ем штук дваццаць глазураваных сыркоў». Незразумела, хто марыў пра сыркі, адкуль гэта ўвогуле ўзялося. І гэта не адзіны такі выпадак, на жаль, калі медыі перадрукоўваюць артыкулы, але не спасылаюцца на аўтара публікацыі.

    І гэтая гісторыя не адзінкавая. Ведаю, што і іншыя журналісты раз-пораз сутыкаюцца з некарэктным запазычаннем кантэнту, калі матэрыялы перадрукоўваюцца без спасылкі на аўтара, фотаздымкі прысабечваюцца, згадка пра першакрыніцу ідзе без гіперспасылкі.

    Фота: pexels.com

    Парушэнне аўтарскіх правоў — не тое, што шырока распаўсюджаная з’ява, але, на жаль, мае месца быць. Сварыцца з калегамі па цэху з гэтай нагоды, канешне, не камільфо, але і праглынаць гэтыя рэчы таксама няправільна.

    Часамі чуеш ад калег такі аргумент: маўляў, ну мы ж сядзім у адной лодцы, робім адну справу, не тая сітуацыя, каб яшчэ і свае ж чапляліся. Асабіста я ўспрымаю такія тлумачэнні як маніпуляцыі: тое, што мы падзяляем аднолькавыя каштоўнасці, не з’яўляецца падставай для парушэння аўтарскіх правоў, непавагі да працы іншых.

    Калі прыхільнікі дэмакратычных перамен кажуць, што яны лепшыя за рэжым, што змагаюцца за ўсталяванне законнасці ў краіне, то варта было б дэманстраваць гэта і на практыцы — прытрымлівацца правілаў, законаў і этыкі ў сваёй працы. Іначай атрымліваецца вельмі выбарачны падыход да законнасці і маралі. 

    У гэтым выпадку відавочнае парушэнне аўтарскіх правоў, бо аўтарскае права — гэта таксама і права на імя, — тлумачыць эксперт па аўтарскім праве, адвакат Сяргей Зікрацкі.

    Суразмоўца зазначае, што ў выпадку перадруку асабістыя і маёмасныя правы аўтара не могуць быць парушаныя:

    Я дапускаю, што такі артыкул мог быць перадрукаваны без дазволу, магчыма, па заканадаўстве краін, дзе знаходзяцца цяпер тыя медыі, у тым ліку «Новы Час». Але ў любым выпадку ў перадрукоўцы мусіла быць спасылка на вашае прозвішча як аўтара гэтай публікацыі, бо відавочна, што журналіст, які бярэ інтэрв’ю, з’яўляецца аўтарам.

    Можна спрачацца, ці з’яўляецца той, хто дае інтэрв’ю, суаўтарам, але ў любым выпадку журналіст, які рыхтаваўся да інтэрв’ю, браў яго, працаваў над тэкстам, рэдагаваў, з’яўляецца аўтарам матэрыялу, і неабходна абавязкова рабіць спасылку на яго прозвішча пры перадруку.

    Не так шмат журналістаў сёння піша пад сваім імем. Большасць — гэта ноўнэймы. І гэту драматычную сітуацыю можна зразумець: аўтары не хочуць свяціцца, бо страхуюцца ад крымінальнага пераследу. Але ж тым болей трэба цаніць права на аўтарства тых, хто не хаваецца, выступае з адкрытым забралам.

    На якія законы арыентавацца?

    Сёння, калі беларускія рэдакцыі раскіданыя па ўсім свеце, не зусім зразумела, на якія законы ў гэтых і іншых пытаннях трэба арыентавацца. У Беларусі ўсё было больш-менш ясна: якім бы кепскім ні быў Закон аб СМІ, але калі ты працуеш унутры краіны, то мусіш яго трымацца. А як цяпер? На што абапірацца і ад чаго адштурхоўвацца, калі гутарка ідзе пра тыя ж самыя аўтарскія правы?

    Перш за ўсё трэба казаць, што аўтарскае права ў нас — нацыянальнае. Яно рэгулюецца заканадаўствам той краіны, дзе журналіст, рэдакцыя знаходзяцца, — тлумачыць Сяргей Зікрацкі. — Калі рэдакцыя сёння ў Вільні, то гэта літоўскае заканадаўства будзе рэгуляваць такія праваадносіны. Калі рэдакцыя знаходзіцца ў Польшчы, то, адпаведна, гэта будзе польскае заканадаўства, калі ў Грузіі — грузінскае.

    Эксперт дадае, што нічога страшнага ці заблытанага ў гэтым няма. Паводле Сяргея Зікрацкага, заканадаўствы аб аўтарскіх правах вельмі падобныя, калі мы кажам пра правілы выкарыстання твораў і іх абарону.

    Механізмы абароны ў розных краінах могуць адрознівацца: недзе будзе адміністрацыйная адказнасць за парушэнне аўтарскіх правоў, недзе крымінальная. Могуць адрознівацца парадак звяртання ў суд, штрафы, кампенсацыі, але агульныя прынцыпы, паводле якіх абараняюцца творы і іх аўтары, будуць адзіныя, ва ўсялякім разе вельмі падобныя, — тлумачыць адвакат.

    Сяргей Зікрацкі. Фота: Face­book

    Сяргей Зікрацкі дадае, што нацыянальныя заканадаўствы аб аўтарскім праве грунтуюцца на Бернскай канвенцыі аб ахове літаратурных і мастацкіх твораў, да якой далучыліся ледзь ці не ўсе краіны свету. У тым ліку і Беларусь.

    Бернская канвенцыя прадугледжвае, што аўтарскае права рэгулюецца нацыянальным законам, але яна ўсталёўвае межы і прынцыпы, на якіх гэта ўсё грунтуецца, і прынцыпы свабоднага выкарыстання аўтарскіх твораў таксама ў ёй закладзеныя, — працягвае эксперт. — Таму калі нашыя журналісты ведаюць беларускае заканадаўства аб аўтарскіх правах і карыстаюцца ім, то я думаю, што яны цалкам могуць працягваць ім карыстацца, і хутчэй за ўсё ніякага заканадаўства еўрапейскага, грузінскага яны такім чынам не парушаць.

    У якіх выпадках можна перадрукоўваць творы без спасылкі на аўтара? Сяргей Зікрацкі тлумачыць, што без дазволу, свабодна і без выплаты аўтарскай узнагароды можна выкарыстоўваць цытаванне «ў разумных межах, калі робіцца спасылка на таго, хто з’яўляецца крыніцай гэтага цытавання».

    Мы можам выкарыстоўваць творы ў навучальных мэтах, калі кажам пра аўтара, і маем права выкрыстоўваць факты і агульную інфармацыю, паколькі яны не абараняюцца аўтарскімі правамі. То-бок калі мы проста цягнем з нейкага артыкула фактычную інфармацыю, то такая інфармацыя не абараняецца аўтарскімі правамі, і ў такой сітуацыі мы цалкам гэта можам рабіць і не мусім спасылацца на таго, ад каго мы гэтую інфармацыю атрымалі, — дадае эксперт.

    Сяргей Зікрацкі тлумачыць, што ў розных краінах могуць быць як дадатковыя абмежаванні, так і дадатковыя магчымасці для свабоднага выкарыстання твораў. Суразмоўца спасылаецца на беларускае заканадаўства, дзе прапісана, што артыкулы на агульныя, грамадска-палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя, культурныя тэмы, якія змешчаныя ў папяровых СМІ ці інтэрнэце, могуць перадрукоўвацца цалкам у іншых медыя, калі праваўладальнік не зрабіў забарону на такі перадрук. Але, зразумела, пры гэтым мусяць захоўвацца ўсе астатнія правы: гэта значыць, твор не можа быць зменены і павінна быць спасылка на яго аўтара.

    Самыя папулярныя лакацыі беларускіх журналістаў — гэта краіны Еўропы і Грузія, таму больш дакладна пра гэтыя нормы трэба глядзець у мясцовым заканадаўстве. Але нягледзячы на тое, што там будзе напісана, галоўны прынцып — што нават калі ёсць права свабодна выкарыстоўваць твор, мы ў любым выпадку абавязаныя спаслацца на аўтара і мы не маем права змяняць гэты твор, таму што гэта асабістыя і немаёмасныя правы, якія не могуць быць перададзеныя, і, адпаведна, мы іх не можам парушаць, — тлумачыць адвакат.

    А што з фотаздымкамі і тэлеграм-каналамі?

    Зноў з асабістага досведу. На жаль, даволі часта сутыкаюся з тым, што некаторыя рэсурсы рэгулярна бяруць з майго тэлеграм-канала фотаздымкі, не спасылаючыся на крыніцу. І калі з калегамі ўсё звычайна можна вырашыць даволі хутка, і адпаведная спасылка неўзабаве з’яўляецца, то рэсурсы, што не належаць да медыясектара, звычайна мае звароты цалкам ігнаруюць. І працягваюць браць фотаздымкі з майго тэлеграм-каналу, не спасылаючыся.

    «А як жа мой законны піяр?» — з сумнай усмешкай гляджу на чарговую пірацкую выхадку.

    На фотаздымак таксама распаўсюджваецца аўтарскае права, указваць яго аўтара абавязкова трэба, — кажа Сяргей Зікрацкі. — Па беларускім заканадаўстве свабодна выкарыстоўваць фотаздымкі нельга.

    І калі ў адносінах да артыкулаў ёсць шэраг умоваў, пры якіх іх можна перадрукоўваць свабодна, без згоды аўтара, калі няма такой забароны, то ў адносінах да фотаздымка такой нормы няма.

    На перадрук выявы абавязкова трэба атрымліваць згоду праваўладальніка. Беларускае заканадаўства, калі б гэтыя медыі знаходзіліся ў Беларусі, яны дакладна парушылі б, падкрэслівае суразмоўца. Я дапускаю, што яны парушылі і еўрапейскае заканадаўства, калі ўзялі гэтыя фотаздымкі без згоды. Ну і сто адсоткаў, яны ў любым выпадку парушылі заканадаўства, таму што не ўказалі імя аўтара.

    Фота: Pok Rie для pexels.com

    Закон аб аўтарскім праве распаўсюджваецца і на тэлеграм-каналы, дадае Сяргей Зікрацкі:

    У вашым выпадку будзе прымяняцца заканадаўства Швейцарыі, паколькі аўтар знаходзіцца ў Швейцарыі і кантэнт ствараўся там. І не важна, што тэлеграм-канал не зарэгістраваны як медыя. У выпадку аўтарскіх правоў рэгістрацыі ў якасці медыя ці індывідуальнага прадпрымальніка не патрабуецца.

    Як змагацца з некарэктным запазычаннем кантэнту?

    Абарона аўтарскіх правоў — складаны, доўгі і дарагі працэс. І ў першую чаргу б’е па кішэні праваўладальніка. У Еўропе суды, калі мы кажам пра аўтарскія правы, могуць цягнуцца некалькі гадоў. Ганарары юрыстаў дасягаюць дзясяткаў тысяч еўра за працэс.

    І тыя, хто парушае аўтарскія правы, вельмі часта застаюцца праз гэта беспакаранымі, бо не кожны можа сабе дазволіць уцягнуцца ў такую судовую эпапею.

    Таму я раю вырашаць усе гэтыя пытанні без звароту ў суды і дзяржаўныя інстытуцыі. Калі ёсць магчымасць камунікаваць з калегамі наўпрост і прасіць, каб яны выправілі, выдалілі, адкарэктавалі і гэтак далей — гэта найлепшае рашэнне, адзначае эксперт.

    Ісці ў суд ён раіць толькі ў выпадку, калі гэта вельмі балючае пытанне:

    Калі, напрыклад, аўтар бачыць, што з‑за плагіяту губляе вялікія грошы, рэпутацыю. І нават калі ўжо прынятае рашэнне ісці ў суд, то я б раіў не ісці туды адразу, а ўсё ж такі паспрабаваць ужо на афіцыйным узроўні накіраваць прэтэнзію. Магчыма, звярнуцца да мясцовых адвакатаў, якія ад свайго імя ў вашых інтарэсах накіруюць такую прэтэнзію. Гэта можа быць танней, чым пачынаць судовы працэс.

    Фота: Anete Lusi­na для pexels.com

    Яшчэ адзін дзейсны інструмент барацьбы з парушэннем аўтарскіх правоў — звяртацца да пляцовак, дзе незаконна размешчаны ваш матэрыял альбо фотаздымак.

    Калі мы кажам пра пляцоўкі кшталту Youtube, Tik­Tok, Insta­gram, Face­book і іншыя сацыяльных медыя, на якіх змяшчаюцца матэрыялы, мы можам звярнуцца да іх адміністрацый і папрасіць выдаліць гэты кантэнт. Ва ўсіх гэтых пляцоўках прапісаныя механізмы звяртання, і гэта працуе, нагадвае эксперт.

    Канешне, яны працуюць недасканала, але інструмент  варты таго, каб паспрабаваць.

    Каля 50 працэнтаў зваротаў, якія я накіроўваў туды, былі разгледжаныя, і пляцоўка выдаляла незаконны кантэнт, але ў 50 працэнтах выпадкаў — не. Пятнаццаць хвілін часу — і ты маеш афіцыйны зварот да пляцоўкі, на які яна абавязаная адрэагаваць. Ёсць нормы і ў амерыканскім заканадаўстве, дзе знаходзіцца большасць такіх пляцовак, і ў еўрапейскім, якія абавязваюць пляцоўкі рэагаваць як на парушэнні аўтарскіх правоў, так і на звароты праваўладальнікаў. Таму гэта той механізм, які варта выкарыстоўваць, — упэўнены адвакат.

    Неабходны аўтарытэтны орган самарэгулявання

    Сяргей Зікрацкі лічыць, што беларускай медыясупольнасці патрэбны аўтарытэтны орган самарэгулявання, які б дапамагаў вырашаць спрэчкі ў пытаннях аўтарскага права:

    Неабходна, каб арганізацыя была ўплывовай і каб усе прызнавалі яе аўтарытэт, пагаджаліся з яе рашэннямі і рэкамендацыямі. Гэта штосьці накшталт судовага працэсу: вы прадстаўляеце свае аргументы, іншы бок — свае, і потым аўтарытэтная арганізацыя выносіць сваю рэкамендацыю. Гэта працуе ў сістэме, дзе ўсе даражаць сваёй рэпутацыяй і гатовыя дзейнічаць у адпаведнасці з нейкімі прынцыпамі.

    Суразмоўца дадае: парушэнне аўтарскіх правоў, на жаль, не з’яўляецца ў нашым грамадстве крытычным для рэпутацыі асобы, якая іх парушае.

    Але пра гэтую праблему трэба казаць, звяртаць на яе ўвагу, дамагацца змен у свядомасці. І калі мы будзем гэта рабіць, вага, каштоўнасць аўтарскага права бузе павышацца. І ў пэўны момант тыя, хто парушае, пачнуць задумвацца: а ці варта так рабіць? Бо гэта больш заўважна будзе закранаць рэпутацыю гэтых людзей, — мяркуе эксперт.

    Пачынаючы з 1990‑х і да 2021 года ў Беларусі працавала Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў, куды любы чалавек альбо юрасоба маглі звярнуцца, калі бачылі з боку медыя парушэнне журналісцкай этыкі.

    Камісія разглядала той ці іншы кейс выключна з пункту гледжання этыкі, бо пытанні выканання заканадаўства могуць вырашаць толькі дзяржорганы (суд).

    Але ў 2021‑м годзе Камісія вымушана спыніла сваю працу, бо ўлады юрыдычна ліквідавалі БАЖ і ўвялі крымінальную адказнасць за супрацоўніцтва з незарэгістраванай арганізацыяй, фактычна крыміналізаваўшы звароты ў камісію.

    Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі прызнае, што адсутнасць органа самарэгулявання сапраўды пазбавіла магчымасці публічна разбіраць многія сітуацыі. А гэта было адной з мэтаў працы камісіі даваць публічны прыклад. З іншага боку, кардынальна змяніліся і ўмовы працы недзяржаўных медыяў.

    Барыс Гарэцкі. Фота: БАЖ

    Цяпер у сектары сапраўды няма агульнага публічнага органа, куды чалавек можа паскардзіцца, калі лічыць, што ёсць парушэнне этыкі. Гэта праблема. Але я не ведаю, ці хтосьці з уплывовых і аўтарытэтных беларускіх журналістаў сёння публічна гатовы стаць сябрам такога органа. Усе разумеюць, у якіх складаных умовах робіцца журналістыка. І наколькі ў такіх умовах ёсць верагоднасць банальнай памылкі. Мы шмат раіліся, і я асабіста не ведаю аўтарытэтных медыйшчыкаў, якія сёння возьмуцца быць такімі «суддзямі» над сваімі калегамі.

    Барыс Гарэцкі лічыць, што на на ўзроўні рэдакцый камунікацыя ўнутры медыясектара наладжана вельмі добра. Любы рэдактар, калі бачыць, што хтосьці перадрукаваў матэрыял без указання аўтара, парушыў нешта ці зрабіў не так, можа ў лічаныя секунды звязацца з іншым рэдактарам, зрабіць заўвагу і дамагчыся выпраўлення:

    — Магчыма, не ўсе рэдактары гатовыя пільна сачыць і адстойваць інтарэсы свайго медыя і сваіх журналістаў, але я раю не пазбягаць гэтага. Я даўно не прыгадваю выпадкаў, каб хтосьці з рэдактараў адмаўляўся б прызнаць памылку і аператыўна ўносіць праўкі, калі такое здарылася.

    Дык ці неабходна медыям у эміграцыі нейкая структура, якая б дапамагла разбірацца ў складаных пытаннях аўтарскага права? Прадстаўнік БАЖ лічыць, што такі орган вельмі патрэбны.

    —  Для простых людзей, чытачоў, герояў публікацый, такога механізму сёння няма. Кожная рэдакцыя разглядае такія звароты людзей праз свой уласны звод правілаў. У невялікіх выданнях аб’ектыўна можа наогул не быць такога зводу ці кодэкса, тлумачыць Барыс Гарэцкі.Таму мы ў БАЖы думаем, што было б добра ўнутры незалежнага медыясектара распрацаваць і пагадзіцца на агульны для вырашальнай колькасці рэдакцый абноўлены мемарандум ці кодэкс этыкі медыясектара, у якім менавіта рэдакцыі пагаджаліся б на вызначаны пералік агульных прынцыпаў. І калі рэдакцыі згодныя ўзяць на сябе такія абавязкі, стварыць нейкі орган самарэгулявання, які складаўся б менавіта з прадстаўнікоў рэдакцый.

    Беларуская незалежная журналістыка яшчэ ніколі не перажывала такія складаныя часы, як цяпер. Але новыя выклікі, цяжар эміграцыі, прафесійнае выгаранне ці туга па Радзіме не мусяць быць апраўданнем для парушэння канонаў прафесіі. І для таго, каб іх не парушаць, не абавязкова ведаць усе нюансы мясцовага заканадаўства: прафесійны журналіст адчувае такія рэчы на ўзроўні інтуіцыі.

    Зразумела, што мы працуем у экстрэмальных умовах. Але давайце ўсё ж такі не забывацца пра аўтарскія правы. Дазвольце мне з’есці сырок ад свайго імя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці