Не выжыванне, а развіццё. Беларускія СМІ вучацца думаць стратэгічна
У Мінску гэтымі днямі знаходзіцца Юрый Пургін – заснавальнік і генеральны дырэктар расійскага выдавецкага дома «Алтапресс», пад дахам якога ўжываюцца каля дзясятка газет і часопісаў, некалькі сайтаў, а да нядаўняга часу – і ўласная радыёстанцыя.
Цяпер медыяэксперт кансультуе групу беларускіх выданняў у межах доўгатэрміновай праграмы “Канвергентныя СМІ”, распрацаванай шведскім інстытутам FOJO. Удалае зрошчванне тэхналогій і журналістыкі – менавіта тое, на чым Пургіну ўдалося пабудаваць прыбытковы бізнэс.
Сярод удзельнікаў праграмы – рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” (Маладзечна), “Інфа-кур’ера” (Слуцк), “Intex-Press” (Баранавічы), “Информ-прогулки” (Лунінец), сайта “Белрынок” (Мінск), “Ганцавіцкага часу”. Папярэдняя сустрэча адбылася ў Мінску ў лістападзе 2015 года. Некалькі дзён прадстаўнікі недзяржаўных выданняў уводзілі госця ў курс сваіх творчых і тэхнічных спраў, слухалі яго парады і атрымалі “хатняе заданне” – правесці сесію стратэгічнага планавання ў рэдакцыі. Цяпер надышоў час прад’явіць напрацоўкі і прадэманстраваць, што змянілася на сайтах і ў друкаваных версіях выданняў за мінулыя 4 месяцы.
Пасля прэзентацыі кожнай рэдакцыі трэнер прадастаўляў права выказацца групе “апанентаў”, заточнай на крытыку, і групе “прагрэсараў”, якія мелі адзначыць станоўчыя моманты. Сам жа трэнер у асноўным акцэнтаваў увагу на пазітыве і мякка мадэраваў дыскусію. Такая драматургія стымулявала ўдзельнікаў па-сапраўднаму заглыбляцца ў “суседскія” справы і шчыра дзяліцца адзін з адным карыснымі назіраннямі. А заадно і дазволіла пазбегнуць няўтульнага падзелу роляў “вучань – настаўнік”.
“Вельмі небенадзейна мы сустрэліся ў лістападзе, я гляджу. Нават мне некаторыя пачутыя сёння рэчы былі шалёна цікавыя”, – падвёў вынікі дня трэнер.
Праверкай “хатняга задання” справа не абмяжуецца. Найбліжэйшыя два дні будуць прысвечаныя кіраванню зменамі ў рэдакцыях, новым падыходам да працы з калектывам, манетызацыі кантэнту сайтаў і іншым цікавым тэмам.
Прэс-служба ГА “БАЖ” плануе ўзяць эксклюзіўнае інтэрв’ю ў Юрыя Пургіна, скарыстаўшыся яго візітам у Мінск.
Пра “Алтапресс”, яго гісторыю і ролю ў ёй Юрыя Пургіна
Пра тое, чаму “Алтапресс” вырашыла прадаць сваё радыё і засяродзіцца на інтэрнэце