Не “пасля” Чарнобыля, а “з” Чарнобылем
29 красавіка адбудзецца прэзентацыя новай кнігі сябра нашай арганізацыі, журналіста Аляксандра Тамковіча “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы – да Сада Надзеі”. У хуткім часе кніга пабачыць свет і на нямецкай мове. Напярэдадні імпрэзы прэс-служба ГА “БАЖ” пагутарыла з аўтарам.
– Як і большасць навінаў гэтага тыдня, Ваша кніга прысвечаная 30‑й гадавіне Чарнобыля. Яна пісалася менавіта да гэтай даты?
– Я задумаў яе даўно, яшчэ пры жыцці стваральніка фонда “Дзецям Чарнобыля” Генадзя Грушавога. Аднак пэўныя абставіны не дазволілі рэалізаваць задуму раней. Пасля заўчаснага сыходу Генадзя Уладзіміравіча ідэю дапамагла рэалізаваць яго ўдава Ірына Львоўна Грушавая, за што ёй, як кажуць маладыя, “рэспект і ўважуха”.
Гэтая кніга – той рэдкі выпадак, калі аўтар дакладна можа назваць не толькі дату, але і час старту праекта – 9 лістапада 2014 года, каля 20‑й гадзіны вечара. Дакладнасць тлумачыцца вельмі проста. Па-першае, мой дзень народзінаў супаў з падзеннем Берлінскага Муру – 25-годдзе гэтай падзеі немцы ўрачыстым прыёмам і адзначалі. Па-другое, менавіта а 20‑й (паглядзеў час) я расказаў пра сваю задуму вядомаму многім беларускім журналістам супрацоўніку нямецкай амбасады Васілю Вішнякову. Ёй пераказаў сутнасць ідэі нямецкім дыпламатам, і “махавік закруціўся”.
Неўзабаве я ўжо ехаў збіраць фактуру па беларускіх рэгіёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і праехаў так каля пяці тысяч кіламетраў. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць падзяку нямецкаму амбасадару спадару Петэру Дэтмару, першаму сакратару нямецкай амбасады Марціну Гізэ і аташэ па культуры Мерле Софі Варнеке. Без іх дапамогі і чуласці кніга не адбылася б.
Потым, дзякуючы арганізацыйнаму таленту Ірыны Грушавой і ветлівасці яе сяброўкі Гізэлы Шміт-Вісбернд, я двойчы пабываў у Германіі і адзін раз – у Швейцарыі. Падчас гэтых паездак шмат размаўляў з людзьмі, якія па сёння прымаюць на аздараўленне і адпачынак чарнобыльскіх дзяцей.
Менавіта гэта больш за ўсё і ўразіла – з моманту катастрофы мінула ўжо 30 гадоў, а запушчаны Грушавымі “рухавік” працягвае працаваць… Думаю, прыкладаў такой працяглай міласэрнасці ў чалавечай гісторыі небагата. Мая кніга – шчырая падзяка гэтым добрым людзям!
– А ці будуць на прэзентацыі героі Вашай кнігі?
– І герояў, і гісторый так шмат, што яны склалі 352 старонкі тэксту. І гэта далёка не ўсё, пра што яшчэ хацелася расказаць. Калі дасць Бог, зробім.
Засяроджу ўвагу толькі на адным прыкладзе. Блізу Цюрыха я жыў у доме пастара рэфармісцкай царквы Андрэаса Гёрліха. Гэты цудоўны чалавек не толькі адным з першых далучыўся да дапамогі чарнобыльцам у Германіі, але і заснаваў адпаведны рух у Швейцарыі, куды трапіў пасля пераводу. Спецыяльна на прэзентацыю спадар Андрэас Гёрліх з Цюрыха прыляціць у Мінск, і ва ўсіх ахвочых будзе магчымасць задаць яму пытанні.
Дарэчы, на прэзентацыі таксама будуць людзі, якія жывуць непасрэдна ў тых раёнах, што сёння ўжо лічыцца “чыстымі”. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці? Журналісты змогуць пачуць пра гэта з першых вуснаў.
Я вельмі задаволены, што інфармацыйным спонсарам праекта будзе менавіта ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Менавіта журналісты могуць вызваліць людзей ад міфаў, у тым ліку пра тое, што “Чарнобыль – этап, які ўжо ў мінулым”.
– Афіцыйныя СМІ традыцыйна акцэнтуюць увагу на дасягненнях па пераадоленні наступстваў аварыі, а не на праблемах…
– Я ім паверу, калі ў “Дразды” пачнуць прывозіць ежу з Нароўлі, а дзеці VIP-чыноўнікаў будуць жыць блізу “зоны”.
У часе працы над кнігай я шмат разоў чуў выраз: “Не ПАСЛЯ Чарнобыля, а З Чарнобылем”. І я цалкам падзяляю думку першай беларускай набіліянткі Святланы Алексіевіч пра тое, што атамная энергетыка не можа быць бяспечнай па вызначэнні.
Калі б мне 25–30 гадоў таму нехта агучыў планы будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы, непадалёк ад маіх родных Ашмян, – я б падумаў, што суразмоўцу трэба да псіхіятра…
Прыемна, што Святлана Аляксандраўна Алексіевіч не толькі будзе сярод аўтараў кнігі, але, так бы мовіць, благаславіла аўтара на яе напісанне. Дадам таксама, што пад адной вокладкай тут можна знайсці нарысы нашага слыннага паэта Уладзіміра Някляева, легендарнага мастака Алеся Марачкіна і знакамітага кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага. Аднак больш за ўсё там будзе твораў маіх сяброў і калег-журналістаў. Сярод іх – Яўген Агурцоў, Алесь Дашчынскі, Сяргей Давыдавіч Ваганаў, Генадзь Кеснер, Таццяна Мельнічук, Алена Панкратава, Канстанцін Скуратовіч, Раман Якаўлеўскі, паэтка па духу і журналістка па прафесіі Валярына Кустава. Усе яны – мае суаўтары.
На жаль, міфы пануюць не толькі сярод улады. Пэўны час таму давялося чуць, як былы апазіцыйны дэпутат расказваў, што па лініі фонда за мяжу ездзілі дзеці “вялікіх начальнікаў”. Нешта падобнае на досвітку нашай незалежнасці казаў і адзін з яе першых кіраўнікоў… І ніхто пры гэтым не нагадваў, што першапачаткова камітэт, які займаўся чарнобыльскімі праблемамі, быў створаны Беларускім народным фронтам. А калі ён стаў фондам, некаторыя філіялы ўзначальвалі менавіта прадстаўнікі БНФ, якіх у сімпатыях да камуністаў можа абвінаваціць толькі не зусім адэкватны чалавек…
Па лініі фонда “Дзецям Чарнобыля” і структур, якія ад яго адгалінаваліся, за мяжой на аздараўленні пабывала каля шасцісот тысяч беларускіх дзяцей. Цэлы горад! Так, там былі розныя людзі, бо радыяцыя не звяртае ўвагу на пасады. Не было там толькі дзяцей сваякоў Грушавых…