Не можаш знайсці працу — райся з сябрамі, прапаноўвай тэмы і паўсюль хадзі
Цягам года стаў сведкам вялікай колькасці як паспяховых, так і непаспяховых працоўных пошукаў. І лепшай парады, чым біблейскі выраз «шукайце — і знойдзеце», я асабіста даць не магу…
Медыі ў новых умовах
Асноўнымі выклікамі для недзяржаўных медыяў у 2017‑м будуць зусім не пераслед уладаў, затрыманні ці суды.
Галоўная праблема 2016 – 2017 гадоў — эканамічны крызіс, які, пэўна, закрануў абсалютна ўсе СМІ, што не маюць дзяржпадтрымкі. Ды і некаторым дзяржаўным выданням прышлося несалодка. Істотна скараціўся аб’ём рэкламы ў беларускім інтэрнэце. Медыі пазбавіліся 20—30 % прыбытку ад рэкламы на сайтах.
Замежныя донары, якія доўгі час падтрымлівалі беларускі недзяржаўны медыясектар, істотна скарацілі, а некаторыя і наогул спынілі свае датацыйныя праграмы.
Для журналістаў гэта азначае зніжэнне заробкаў і жахлівае словазлучэнне «скарачэнне штату». Безумоўна, добрага рэпарцёра ніхто з рэдакцыі не папросіць. Але што рабіць тым, хто толькі прыходзіць у прафесію ці так альбо інакш усё ж апынуўся без працы? У такім выпадку ёсць некалькі варыянтаў паводзінаў.
Хто патрэбны рынку?
— Каго б мы адразу ўзялі на працу? Гэты чалавек павінен валодаць зайздросным наборам якасцяў, — кажа галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава. — Самае галоўнае — бясконцая невычарпальная цікаўнасць да ўсяго! Журналіст не можа быць эгацэнтрычным!
Журналіст мусіць упітваць інфармацыю, мець вялікае жаданне падзяліцца гэтай інфармацыяй з іншымі. Цікавасць у журналіста павінна быць да падзеяў і любых зменаў, якія адбываюцца вакол яго: новая будоўля, новыя знакі, новыя абвесткі на пад’ездах. І канешне ж, людзі!
Таксама важна ўмець структураваць інфармацыю, фільтраваць і аддзяляць факты ад фэйкаў. Раней усе скардзіліся на тое, што інфармацыі мала і яе складана атрымаць. Сёння ж галоўная праблема СМІ — вялізная колькасць інфармацыі, з якой неабходна ўмець выбраць галоўнае.
Важнай якасцю журналіста з’яўляецца пісьменнасць. Раней у газетах спачатку журналіст пісаў тэкст, потым яго чыталі карэктар, рэдактар і гэтак далей. Цяпер такога вялізнага штату і канвеера нідзе няма. Таму, калі журналіст робіць круты матэрыял, але не бачыць розніцы паміж «-тся» і «-ться», гэта вельмі зніжае каштоўнасць усёй публікацыі, — зазначае Золатава.
— Але найперш у журналіста павінны гарэць вочы, ён павінен быць цікаўны да ўсякай інфармацыі і яе пошуку. Штогод да нас на практыку з Інстытута журналістыкі БДУ прыходзіць даволі шмат людзей, але працаваць застаюцца адзінкі. Такіх мы самі запрашаем застацца. Гэта людзі, якія сапраўды хочуць шукаць інфармацыю, цікавіцца, капаць і даносіць знойдзенае да чытача, — канстатуе Марына.
Як жа знайсці запаветную рэдакцыю?
Актыўны пошук працы
Да 2016 года Арына Сандовіч ужо працавала ў журналістыцы, супрацоўнічаючы з вядомымі СМІ. Але ў нейкі час вырашыла пашырыць свой прафесійны досвед і стала прэс-сакратаром Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
— Пісала рэлізы і публікацыі на сайт федэрацыі, асвятляла спаборніцтвы, паступова ўзбагачалася новымі карыснымі кантактамі ў спартыўным асяродку. Але па незалежных ад мяне абставінах была вымушана сысці адтуль, — распавядае Арына.
Новы досвед — гэта заўсёды крута. Ён дапаможа вам потым значна пашырыць сферы, дзе вы б маглі прымяніць свае прафесійныя здольнасці. Напрыклад, Арына зараз можа прэтэндаваць на працу не толькі ў СМІ, але і ў розных арганізацыях. І пакуль шукала новую працу, ні дня не сядзела на месцы — рассылала рэзюмэ, тэлефанавала, спяшалася на сустрэчы.
— Я актыўна супрацоўнічала з рознымі выданнямі, прапаноўвала ім свае тэмы ў тых сферах, якія мяне цікавяць. Гэта быў і спорт, і мода, і нават бізнес. І вось аднойчы мне прыйшлі адразу тры запрашэнні ад дастаткова буйных і вядомых анлайн-выданняў, арганізацый, так што мне нават прыйшлося выбіраць адно, і выбар быў цяжкім, — прызнаецца Арына.
— Мая парада ўсім, хто шукае працу, — пад ляжачы камень вада не цячэ. Пішыце, банальна прыходзьце ў рэдакцыі, прапаноўвайце тэмы. І не трэба баяцца быць пасланым! Трэба разумець, што многія прапановы рэальна могуць прайсці міма: банальна — ліст трапіў у спам ці табе яго несвоечасова перадалі і г. д. Актыўна распавядайце свайму атачэнню, што шукаеце працу: так па ланцужку можна таксама знайсці карысную інфармацыю пра новыя вакансіі.
Гэты рэцэпт рэкамендуе скарыстаць і яшчэ адна знаёмая журналістка з 15-гадовым стажам.
— Калі я пачынала, у мяне наогул не было ніякага досведу працы ў журналістыцы. Але было вялікае жаданне, — распавядае Кацярына. — І я банальна хадзіла па рэдакцыях, прапаноўвала тэмы, бралася за нейкія сюжэты, напрацоўвала знаёмства. Калі ствараўся тэлеканал АНТ, праз нейкіх знаёмых я нават знайшла тэлефон Юрыя Казіяткі і адважылася яму патэлефанаваць. Так моцна я хацела працаваць і прыкладала да гэтага ўсе намаганні, што ўсім і раю.
За час працы ў БАЖы мне дзясяткі разоў даводзілася дапамагаць калегам у пошуку працы і не заўсёды намаганні прыводзілі да хуткага выніку. Часам сапраўды так складваюцца зоркі, што менавіта ў той галіне, дзе вы хочаце працаваць, акурат усе вакансіі занятыя, а за дзвярыма стаіць яшчэ і чарга жадаючых. У такім выпадку разумна перайсці да плану «Б».
Праца на імя
Гэты варыянт для тых, у каго не асабліва гарыць фінансавае пытанне, і ён шукае найперш не грошы, а хутчэй цікавую працу з, так бы мовіць, доўгатэрміновым разлікам.
Настасся Роўда працавала ў «Рэгіянальнай газеце» ў Маладзечне чатыры гады. За гэты час маладая калега вельмі добра засвоіла асновы журналістыкі, выпрацавала асабісты стыль і падыход да працы.
— І вось у адзін цудоўны дзень мне напісаў прадстаўнік сталічнага інтэрнэт-выдання і запрасіў паўдзельнічаць у конкурсе на пасаду шэф-рэдактара. Я выканала ўсе заданні і мне прапанавалі далучыцца да каманды, — распавядае Наста.
— Толькі я сабрала рэчы каб пераязджаць у Мінск, да мяне звярнулася яшчэ і «Наша Ніва». Кіраўніцтва выдання таксама прапанавала працу, патлумачыўшы, што ведаюць мяне па працы ў «Рэгіяналцы».
Мая парада тым, хто хоча трапіць у крутое выданне, — рабіце сваю справу вельмі якасна, дзе б вы цяпер ні працавалі. Шукайце цікавыя тэмы, ракурсы, удзельнічайце і перамагайце ў конкурсах. Калі вы насамрэч чагосьці вартыя — вас заўважаць!
Прасунутым выданням патрэбны светлыя галовы, здольныя генераваць ідэі, працаваць хутка, шмат і ў любых умовах. І натуральна, нікому не патрэбны чалавек без досведу і разумення, як працаваць. У буйныя выданні трэба ісці падрыхтаваным, таму што памыліцца перад аўдыторыяй у тысячу чалавек прыкра, але выставіцца няўмекай перад аўдыторыяй у сто тысяч чалавек — гэта поўны правал!
Па сцэнары «Б» летась знайшоў працу і малады эксперт «Ліберальнага клуба» Вадзім Мажэйка.
— Калі хочаш знайсці добрую працу, укладай у сябе. Хадзі на мерапрыемствы, цікаўся падзеямі ў сваёй галіне, удзельнічай у дыскусіях, каб цябе ведалі. Летась, напрыклад, я даведаўся, што «Белорусы и рынок» шукаюць аўтара, і напісаў ім сваю прапанову. А з рэдакцыі мне адказалі, што добра мяне ведаюць, ведаюць, што я разбіраюся ў патрэбных галінах, добра пішу і дакладна ім падыходжу, — кажа Вадзім.
Гэта класічны прыклад, калі твая «залікоўка» працуе на цябе. Калі ў цябе былі цікавыя публікацыі па тэме, у якой ты разбіраешся, калі ты працягваеш пошук і хочаш паглыбляцца, цябе абавязкова ўбачаць. Нават калі спачатку ты пісаў артыкулы «на грамадскіх пачатках».
Яшчэ адзін варыянт — самому стварыць працоўнае месца
Вядомы музычны журналіст Сяргей Будкін прызнаецца, што ніколі не працаваў у штаце. Пасля журфака пісаў артыкулы ў «Згоду», «Нашу Ніву», «Беларускую маладзёжную». У 2003‑м годзе Сяргей разам з сябрамі стварыў галоўны беларускі музычны партал «Тузін Гітоў», рэдактарам якога з’яўляецца і па сёння.
За 14 гадоў Сяргей апроч «Тузіна» прыдумаў і рэалізаваў бясконцую колькасць медыяпраектаў, праграм на радыё і цыклаў артыкулаў у розных СМІ. Сярод іх «РадыёТузін» і «Музыка тыдня» на «Радыё Рацыя», «Белы спіс» на Свабодзе, Belsat Music Live і Навагодняе тэлешоў-2016 на Белсаце.
— Я заўсёды прыдумляў нейкія ідэі для матэрыялаў і праектаў, цікавіўся беларускім музычным жыццём і сам імкнуўся актыўна ў ім удзельнічаць. Фактычна сам ствараў сабе працоўныя месцы, запачаткоўваў ініцыятывы, якія прыносілі плён і мне, і маім паплечнікам, і тым, пра каго мы рабілі матэрыялы. А пачынаў я звычайным маладым і даволі наіўным журналістам, — прызнаецца Сяргей.
Такім жа шляхам год таму пайшла і стваральніца ўжо вядомага часопіса «Имена» Кацярына Сінюк. Нейкі час журналістка TUT.by разам з аднадумцамі выношвала ідэю, прапрацоўвала магчымасці і аспекты, і ўрэшце запусціла ўласны праект, стварыўшы працоўнае месца не толькі сабе, але і іншым журналістам.
— Мы хацелі займацца сацыяльнай журналістыкай, адключыць мозг ад вялікай колькасці непатрэбных навінаў і працаваць у канкрэтным накірунку. Самае галоўнае, што патрэбна — вялікае ўнутранае жаданне. Калі б жадання не было, я б і журналісткай ніколі не стала, — прызнаецца Кацярына.
У цяперашніх умовах зноў выратаванне тапельцаў — справа саміх тапельцаў. Варушыцеся, цягніцеся — той яшчэ каму дапаможаце!
Зрэшты, на сайце БАЖа ёсць адмысловая рубрыка «Вакансіі і рэзюмэ».