«Не хотите по-хорошему — будет по-плохому». З супрацоўнікам «Белсату» хоча паразмаўляць КДБ
Да спецыяліста рэкламнага аддзела тэлеканала «Белсат» Алеся Марчанкі тэлефануюць і прыходзяць дахаты людзі ў цывільным. Яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ і хочуць «паразмаўляць», паведамляе сайт тэлеканала. Але не хочуць рабіць гэта афіцыйна.
Алесь Марчанка. Фота з Facebook
Увечары 22 лістапада Алесь Марчанка распавёў, што яго настойліва шукаюць людзі, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ.
«Мне сёння патэлефанавалі і прапанавалі паразмаўляць — нібыта з КДБ. На жаль, імя суразмоўцы я не запомніў. Пасля таго, як я папрасіў даслаць афіцыйны пазоў, мне сказалі: «Не хотите по-хорошему — будет по-плохому». Я сказаў: «Добра» — і паехаў у офіс параіцца з калегамі, што рабіць. Калі я вярнуўся дахаты, жонка сказала, што прыязджалі два супрацоўнікі ў цывільным і паказалі чырвоныя пасведчанні. Яна разгубілася і таксама не запомніла іхныя прозвішчы. Яны не пакінулі ніякай позвы і з’ехалі».
Алесь Марчанка здзіўлены інтарэсам з боку спецслужбаў ды мяркуе, што найбольш імаверная прычына іхнага візіту — ягоная службовая паездка ў Магілёў разам з намеснікам дырэктара канала Аляксеем Дзікавіцкім.
«Мяркую, іх цікавіць больш Аляксей, а мяне хацелі нешта распытаць неафіцыйна на гэты конт», — кажа Марчанка.