Назіральная рада «Белсату» зьбярэцца на тэрміновае паседжаньне
Па выніках нарады 19 сьнежня будзе зробленая заява з нагоды магчымай рэарганізацыі каналу. Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў:
«Назіральная рада „Белсату“ будзе зьбірацца сёньня а 17.00 на закрытае паседжаньне. Мы прымем заяву з нагоды тых падзеяў, які адбываюцца вакол тэлеканалу. Заяву будзем дасылаць ня толькі ў Варшаву, але і ў структуры Эўразьвязу — з тым разьлікам, каб „Белсату“ было вернута фінансаваньне Эўразьвязу. Я адчуваю, што мы можам выйгрць справу. Ужо зараз відаць, што польскі МЗС не камэнтуе канкрэтна, кажа, што яшчэ нічога ня вырашана. Пачалі патроху адступаць. Да таго ж паднялася грамадзкасьць Польшчы, польскія інтэлектуалы выступілі ў падтрымку каналу. Таму надзея ёсьць, што „Белсат“ будзе працаваць далей».
У назіральную раду «Белсату», апроч Алега Трусава, уваходзяць Уладзімер Колас, Валянцін Акудовіч, Зінаіда Бандарэнка, Анатоль Гуляеў, Сьвятлана Калінкіна, Юры Хашчавацкі, Міхал Анемпадыстаў.