«Найперш змыла бруд калоніі». Дар’я Чульцова пра два гады нявольніцтва, страхі, адчуванне свабоды ды ад’езд з радзімы
«На волі пакуль адчуваю сябе крыху нязграбнай і разгубленай», — кажа журналістка тэлеканала «Белсат» Дар’я Чульцова, якой давялося па вызваленні пакінуць радзіму і знайсці сабе прыстанішча ў Польшчы. У інтэрв'ю яна расказала пра амаль два гады за кратамі, асаблівыя правілы для Марыі Калеснікавай і пачуццё страху, якое не пакідала пасля выхаду з калоніі.
25-гадовую Дар’ю Чульцову вызвалілі з гомельскай калоніі 3 верасня. У няволі яна прабыла з 15 лістапада 2020 года. Яе схапілі разам з каляжанкай Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай) у кватэры, дзе яны хаваліся пасля разгону пратэсту на Плошчы Перамен. Журналісткі вялі стрым з акцыі, прысвечанай памяці Рамана Бандарэнкі.
Спачатку іх асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванні». Потым жа абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і прысудзілі па 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Журналісткі былі прызнаныя палітзняволенымі.
У зняволенні Кацярыне Андрэевай выставілі новае абвінавачанне — «здрада дзяржаве» Следства праходзіла ва ўмовах сакрэтнасці, а працэс быў закрыты. 13 ліпеня журналістку асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму.
«Тое, што адбылося з Кацяй, для мяне было моцным ударам»
«З Кацяй мы сядзелі ў адной калоніі, але бачыцца маглі толькі на адлегласці, бо камунікаваць нам не давалі, — апавядае Дар’я Чульцова. —
Адна адну мы падтрымлівалі позіркамі. Чыталі па вуснах, што ўсё будзе добра, мацуемся».
«Першыя некалькі месяцаў, калі Кацю забралі з калоніі, то думалася, што яе вывезлі на нейкі працэс, як сведку. Асабліва не перажывала, бо была ўпэўненая, што ў яе, наколькі магчыма ў няволі, усё ў парадку. Яна проста сведка.
Потым прыехаў адвакат і сказаў, што на Кацю заведзеная новая крымінальная справа. Спадзявалася да апошняга, што ёй «пераб’юць» артыкул. Пазней дазналася, што ёй далі 8 гадоў і 3 месяцы», — кажа журналістка.
Пра гэты новы прысуд Дар’я даведалася на камісіі, якая размяркоўвала яе ў атрад.
«Калі выйшла з камісіі, то адчула сябе блага. Тыя эмоцыі дужа складана апісаць, бо тады гэта быў для мяне сапраўдны ўдар. Было адчуванне, што да мяне падышлі ззаду і перацялі па галаве», — згадвае эмоцыі дзяўчына.
«Калеснікавай забароненыя стасункі з іншымі асуджанымі»
Дар’я распавядае, з кім з палітычных перасякалася ў калоніі.
«Марыю Калеснікаву бачыла толькі на адлегласці, бо стасункі з ёю забароненыя ў прынцыпе. Да яе ніхто не падыходзіць і яна сама не падыходзіць. Усе разумеюць, што за гэта пакараюць дысцыплінарнымі спагнаннямі.
Бачылася з дзяўчатамі, асуджанымі «Па справе студэнтаў». Удавалася з імі гутарыць. З Тоняй Канавалавай была ў адным атрадзе. І цяпер падтрымліваю сувязь з ейнымі бацькамі».
«Вучыліся чытаць між радкоў, каб разумець, што адбываецца на волі»
Пра рэпрэсіі і суды зняволеныя ведалі, бо пастаянна завозілі новых палітычных, асуджаных за каментары, лайкі.
«Яны казалі, што следчыя ізалятары перапоўненыя. Сядзіць адна «палітыка», — згадвае журналістка
Пра вайну ва Украіне мы таксама ведалі. Для нас гэта быў шок.
Да нас даходзілі навіны. Мы разумелі, што ўсё не так, як паказваюць па тэлевізары. Вучыліся чытаць між радкоў».
«Адчуваю сябе на волі пакуль нязграбнай»
«Насамрэч на волі пакуль я ў разгубленасці. У мяне такое адчуванне, што я выйшла нібы з пячоры. Даводзіцца згадваць, як карыстацца рознымі праграмамі і тэхнікай. Адчуваю сябе нязграбнай у соцыуме», — прызнаецца Дар’я.
«Можа, яшчэ таму такі стан, бо апынулася ў іншай краіне і мне тут цяжкавата.
Але мне пашанцавала. У мяне тут шмат памочнікаў, якія могуць узяць за руку і адвесці туды, куды патрэбна, таму некаторыя пытанні адкідаюцца самі сабою», — адзначае яна.
«У калоніі з набліжэннем вызвалення мне станавілася ўсё больш некамфортна»
З Беларусі Дар’я выехала 21 верасня, 22-га была ўжо ў Варшаве.
«На беларускай мяжы не было ніякіх пытанняў. Можа, мяне не занеслі ў нейкія спісы. Чула, што «экстрэмістаў» абводзяць чырвонай рамачкай, але да мяне не было пытанняў. Прапусцілі, як усіх, дужа хутка», — мяркуе журналістка.
«Калі я яшчэ знаходзілася ў калоніі, то з набліжэннем вызвалення мне станавілася ўсё больш некамфортна. У галаву прыходзілі думкі, што выйду за агароджу, а там сустрэнуць не родныя, а бус, які зноў мяне забярэ. Адчула, што пачынаецца параноя, і гэта было дужа страшна», — прызнаецца Дар’я.
Першыя дні волі псіхалагічна ёй цяжка даваліся.
«У Шклове (Дар’я адтуль родам. — НН) пайшлі з сястрой гуляць і ехала міліцэйская машына. У мяне спрацаваў трыгер, нібы ў бок ад дарогі хто адкінуў, падалей ад гэтай машыны.
Баялася, калі ехала праз мяжу, што забяруць на ёй. Баялася кожны дзень, што пайду адзначацца ў міліцыю і мяне пакінуць там. Страх гэты прысутнічаў пастаянна», — заўважае журналістка.
«Збіранне валізкі далося мне балюча»
Журналістыку Дар’я ўпадабала ў старэйшых класах. Скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова. Працавала ў мясцовым інтэрнэт-выданні «Могилёв. Онлайн». У 2019 годзе пачала супрацоўнічаць з «Белсатам». У Магілёве яе двойчы штрафавалі за працу без акрэдытацыі. У верасні 2020-га дзяўчына перабралася ў сталіцу і пачала рабіць аператаркай.
«Калі б я засталася ў Беларусі, то не змагла б займацца сваёй прафесіяй. Мая прафесія засталася б ляжаць дыпломам на паліцы, і ўсё», — мяркуе Дар’я.
«Таму, — тлумачыць яна, — ад’езд быў прадвызначаны. Было зразумела, што мне нельга заставацца ў Беларусі. Такое рашэнне далося цяжка. Да апошняга моманту я не ўсведамляла, што напраўду зʼязджаю.
Я знаходзілася ў бацькоўскай кватэры, дзе ўсё было мне знаёма. Без святла ў цемры магла прайсці, нічога не зачапіўшы. У ёй было адчуванне, што гэта мой дом. Але я вымушаная была збіраць рэчы. Не ведаю, калі вярнуся назад і адчую роднае. І гэта адчуванне дужа цяжкое і таму збіранне валізкі далося мне балюча.
Свабодная Беларусь паўстане, і я вярнуся на радзіму. Адкажу дэвізам журналістаў і ўсіх беларусаў: «Ну, вы ж самі ўсё разумееце», што павінна адбыцца. Толькі тады ўсе беларусы, якія зʼехалі, могуць вярнуцца».
«Куды падзеліся два гады?»
У кожны перыяд часу Дар’я па рознаму ўспрымае перажытую няволю.
«Калі настрой кепскі, то думаеш аб двух змарнаваных гадах жыцця. Калі мяне пасадзілі мне было 23, а цяпер — 25. Мяне гэта дзівіць. Я нібыта пераскочыла гэтыя два гады. Яны зніклі з майго жыцця. Я разумею, што далей будзе 26, 27, а куды падзеліся мае 24? Іх як не было.
З добрым настроем два гады ўспрымаюцца іначай. У няволі пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі, з якімі падтрымліваю сувязь.
Мяне прыгнятае, што яны застаюцца там. Спадзяюся на змены і што яны выйдуць раней. Чакаеш, што да цябе прыйдуць гэтыя цудоўныя людзі. Пра іх я гатовая шмат гаварыць з любоўю.
Стасункі і знаёмствы з гэтымі людзьмі, якія праз страшныя абставіны там апынуліся, самы станоўчы момант няволі», — падкрэслівае яна.
«Па вызваленні пайшла ў краму, каб самой нешта купіць»
«Яшчэ ў следчым ізалятары пісала, што ў зняволенні бракуе свабоды волі. Ты пазбаўлены магчымасці такой дробязі, як купіць шампунь, напрыклад. Табе ўсё неабходнае дасылаюць. Альбо ты мусіш прасіць, каб табе даслалі», — тлумачыць Дар’я.
«Я жартавала, што хачу пайсці ў краму і там купіць хаця б шкарпэткі. Мне абыякава было ўрэшце, што там прыдбаць. Хоць якую дробязь. Каб адчуваць, што ты свабодны сам пайсці на касу і расплаціцца, а не прасіць некага.
Гэта магчыма гучыць дзіўна, але гэта так.
У краме я купіла розныя гігіенічныя сродкі. Шампуні, скрабікі, масачкі. Вырашыла адмыцца ад бруду калоніі. Адразу пайшла ў аддзел чысціні…»
Чытайце яшчэ:
«Какая этика, когда репрессии, война и угроза ядерного удара». Или все же актуально?
Гендиректор Yakaboo поплатился должностью из-за сексистской шутки
Матэрыялы сайта “Бобруйский курьер” прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі