• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Найбольш чытанае ў 2016 годзе. Максім Жбанкоў. Old News from Belarus. Якімі нас купляюць

    Банальнасць дазваляе не губляць часу на тлумачэнні ды спасылкі. Чытачу камфортна, табе зручна – акей, у чым пытанне? У тым, што маркеры таксама хлусяць. І чым яны прасцей, тым большы ўзровень падману чытача. “Выспа свабоды”, “канструктыўны дыялог”, “імперыя зла”, “легенда джазу”… Што там далей? Ага, “апошняя дыктатура Эўропы”. Калісьці – трапная метка. Зараз – налепка на фотачцы дзявулі з пірсінгам.

    1171059_0.jpg

    Вядома, што прадаць можна што заўгодна. Галоўнае – каб было сугучным. Купляюць не тваю праўду, а тое, з чым загадзя згодныя. Прыймальнае. Сумяшчальнае з папярэднім досведам. Вось калі чувакі з Еўропы бачаць беларуса ўпершыню, што яны кажуць? У горшым варыянце: “Гэта дзе?” У лепшым: “Оў, Азаранка!” Альбо: “Ну, і як там у вас пад дыктатурай?”

    Код ахвярнасці – дагэтуль найпрасцейшы ў кантактах з еўра-донарамі, палітыкамі ды медыямі. Беларусь натхнёна гандлюе сваімі крыўдамі ды комплексамі. Калі ўніверсітэт – дык “у выгнанні”, калі тэатр – дык “свабодны”, калі ракенрол – дык “змагарскі”, калі літаратар – дык “забаронены”. Выдатны шлях зрабіцца адметнымі. Бо няшчасным даруюць нязграбнасць ды нягегласць. Бо да хворых прэтэнзіяў няма. Таму зручна заставацца хворымі: здаровых у замежжы сваіх хапае. Але ж і проста хворыя таксама нікому не патрэбныя. Таму будзем хворымі з ідэяй. Ахвярамі ды пакутнікамі. “Хэй, Джо! Ведаеш “1984”? Дык у нас тое самае…”

    Свежы “беларускі” сюжэт у фасонным брытанскім выданні DAZED – чарговы дэнс на нязменнай пляцоўцы: “Grow­ing up under Europe’s last dic­ta­tor­ship” – “Сталенне ў апошняй дыктатуры Еўропы”.  Шыльда з прэтэнзіяй. А што за ёй? Прасцюткі фотапраект менскай дзяўчыны Машы Святагор: серыя партрэтаў сяброў ды знаёмых ў пашарпанных інтэр’ерах сярэднестатыстычнага студэнцкага інтэрната. Звычайныя твары. Як бы андэрграунд. Звычайная дэкаратыўная альтэрнатыва: джынс, пірсінг, кветачкі, голыя азадкі. Сумныя вочкі. Маладзёвы дэпрэсняк. Вечная восень. А што яшчэ здымаць дзяўчыне з фоцікам?

    1171036_0.jpg

    Праўда аднак у тым, што юнацкая дэпрэсія ёсць транснацыянальнай. І канкрэтна для гэтых фота краіна Беларусь зусім не патрэбная. Тое самае – з амаль аналагічнымі тварамі ды эмоцыямі – можна было б лёгка зрабіць у Берліне. У Лондане. Ці ў Кракаве. Альбо ў ruin-pubs Будапешта. Але ў гэтым выпадку яно б ніяк не зачапіла правакатыўны ды нібыта сацыяльна заклапочаны DAZED.

    Што спрацавала? Дызайн падзеі. Правільны маркер: не проста маладзёны, а з няшчаснай краіны! Не проста дзевачкі, а ахвяры рэжыму! Не звычайны бруд, а таталітарны! І вось з гэтым ужо можна гуляцца. Ёсць, дзе разгарнуцца. Мы не проста сумуем. Мы сумуем супраць улады.

    І гэта не проста прыватная спекуляцыя на палітычным. Так сёння ёсць у глабальным мастацкім свеце: вырабляюць з большага не творы, а канцэпты. Не выказванні, а тлумачэнні. Пакунак больш істотны за прадукт. Больш за тое, прадукт ёсць дадаткам да зразумелага пакунка. І праца мастака ператвараецца ў тэхнікі прасоўвання. Здольнасць націснуць на патрэбныя гузікі ў свядомасці замоўцы ды спажыўца.

    1171040.jpg

    Дарэчы, каму насамрэч цікава, што там на фотках? У прынцыпе, іх увогуле магло б не быць. Толькі ўявіце сабе: пустыя аркушы з подпісамі ўнізе: “Вася, 17 год”, “Галя, 16 з паловай”, “Саныч, 21”. І тлумачэнне: “Яны не маюць будучыні. Для гэтай краіны іх няма!” Нармальна! Ёсць кантакт! Павага еўрапейскай грамадскасці гарантаваная. 

    Так сустракаюцца дзве спрошчаныя візіі беларускасці: замежная ды тутэйшая. І яны здольныя паразумецца – як шаблон з шаблонам. Больш дакладна – як дзве версіі той самай штучнай медыйнай шыльды.

    Пакуль дзевачкі (або хлопчыкі) робяць фотачкі, да іх пытанняў няма. Пытанні з’яўляюцца, калі яны спрабуюць адказаць за краіну. І высвятляецца, што сказаць няма чаго – адзінае, эмоцыі ды медыйныя штампы. Калі прыват гуляе за ўсю генерацыю – гэта альбо святая наіўнасць, альбо свядомая фальсіфікацыя. І першае, і другое не набліжае да разумення беларускага сюжэту, а наадварот, хавае яго пад стосам стэрэатыпаў ды шаблонаў.

    1171031.jpg

    Спекуляцыя на траўмах задавальняе абодва бакі дамовы. Бо насамрэч ў еўрапейскай поп-медыяіндустрыі нікому не цікава, якімі мы ёсць. Галоўнае – якімі нас хочуць. А мы, натуральна, хочам у Еўропу. Хочаце дыктатуру – будзе вам дыктатура. Дрэнна – гэта добра. Чарговая фотка лёгка кладзецца ў банальны пазл. Пакутуйце далей, guys! Мы зноў праплацім.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці