• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Найбольш чытанае ў 2016 годзе. Андрусь Горват: “Мы — рускія людзі”

    Усё лета яны даймалі мяне канямі і свіннямі. Тыя хадзілі да мяне ў агарод, елі буракі і кавуны, тапталі мае градкі. Я не сварыўся з суседзямі, хоць варта было. Я прыехаў у вёску з горада і сварыцца не ўмею. Але я зразумеў адну простую ісціну: калі побач жыве нястрыманы чалавек, які хутка распаўсюджваецца і займае сабой усё навокал, паміж ім і сабою трэба паставіць высокі плот. Калі плота няма, кантраляваць сваю зямлю амаль не магчыма.

    І я цяпер не толькі пра суседа ў Прудку пішу — я пішу таксама пра Расію.

     

    Да мяне прыходзіць  прудкаўскі чачэн, сядае на кукішкі, закурвае цыгарку і гаворыць:

    — Мы — рускія людзі.

    Ён нават дзекаць умее, бо яго матка з Прудка.

    А я ўспамінаю, як на трэцім курсе журфака паехаў у Маскву. Гэта быў час, калі я не разумеў, хто я, навошта хаджу па зямлі і дзе маё месца. Нібыта і было ўсё: вучоба, койка ў інтэрнаце, сябры. Але на трэці год у Мінску я не ўбачыў для сябе ніякіх перспектыў. Ну і — малады быў, не ўмеў чакаць, захацелася хуткай лёгкай дарогі. Раненька выйшаў на трасу і да ночы дабраўся да той Масквы. Быў таксама канец лістапада, як цяпер. Я быў у чорным паліто і з партфелем, у якім ляжалі “Людзі на балоце” Мележа. Ніколі то не была мая любімая кніга, але ўзяў яе з сабой, нібы жменю роднай зямлі. Як ведаў, што сяду ноччу ў кавярні на вакзале, буду сёрбаць халодны чай і захачу дакрануцца да чагосьці роднага.

    “Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна”, — на Яраслаўскім вакзале простыя словы стралялі ў сэрца. Мне захацелася дадому і нараніцу я зноў выйшаў на трасу і вярнуўся ў Мінск.

    Тады я не мог патлумачыць, чаму з’ехаў у Расію, а цяпер разумею. Тут, дома, у мяне не было ніякай гравітацыі. Беларусь існавала толькі ў падручніках па гісторыі. Усе гэтыя князі і палацы — гэта быў як выдуманы сон. Калі падняць галаву, то навокал можна ўбачыць толькі вуліцы з камуністычнымі назвамі і прывіды зруйнаваных старых будынкаў, выцвілых, выкрасленых людзей і іх біяграфій.

    Беларусь была як слізкі шкляны шар, на якім нічога не расло, за што б можна было ўтрымацца. Як вялізнае гняздо, у якім вылупляюцца птушаняты і вылятаюць з яго ў розныя бакі. Яны шукаюць свой дом і знаходзяць яго на чужыне. Як, напрыклад, мая аднакурсніца Каця Кібальчыч, якая таксама з’ехала ў Маскву. Я вярнуўся, а яна — не. Ці мой аднакурснік Дзіма Шэпелеў. Яшчэ мае аднакурснікі жывуць у Францыі, Германіі, Польшчы, Амерыцы, Італіі, Канадзе, Чэхіі. Гэта адукаваныя, разумныя, таленавітыя людзі.

    А ў каго здольнасцяў і талентаў меней, той застаецца тут, каб быць не беларусам у Беларусі.

    Жыць без адчування, хто ты, чаму ты і навошта — складана. Таму сусед-чачэн сядае на кукішкі, закурвае цыгарку і гаворыць:

    — Мы — рускія людзі.

    Гэта дае яму пэўнасць. Ён не ведае, што значыць быць беларусам. Пра гэта амаль не расказвалі ў школе і не паказвалі па тэлевізары. А тое, што паказвалі і расказвалі, не суадносіцца з праўдай навокал. У школе мы вымяралі глыбіню расійскай душы, спазнавалі, каму на Русі жыць добра.

    Мая аднакласніца — харошая разумная дзеўка. З тых харошых разумных дзевак, якія адначасна за інтэнсіўную інтэграцыю з Расіяй і за пашырэнне ўжытку беларускай мовы. Ніколі не разумеў, як гэта можна сумяшчаць у адной галаве.

    Як і Святлана Алексіевіч, тая аднакласніца вырасла на расійскай літаратуры. Маёй любімай кніжкай у дзяцінстве былі казкі Джані Радары. Потым я зацёр да дзір “Прыгоды Тома Сойера”. Пасля Твэна перайшоў на Дзікенса. Апасля былі О. Генры і Рэмарк. Толькі пасля Рэмарка я зацікавіўся Чэхавым і Дастаеўскім. Але яны для мяне былі часткай сусветнай літараратуры. Я ніколі не адчуваў, што князь Мышкін болей родны і зразумелы за доктара Равіка.

    Дарэчы, з той аднакласніцай мы моцна пасварыліся, калі пачаўся “крымнаш”. Яна сказала, што калі я, як украінцы, буду крычаць на плошчы: “Хто не скача, той маскаль!”, то яна прыйдзе і сваімі рукамі мяне зарэжа, каб я тут, у Беларусі, не ўчыніў “от гэта от усё”. Крычаць на плошчы я не збіраюся, але думаю пра аднакласніцу, калі гляджу ў інтэрнэце, як людзі ідуць на сустрэчу з Салаўёвым. Я ведаю, што сярод іх таксама могуць быць харошыя разумныя дзеўкі, якія выступаюць за пашырэнне ўжытку беларускай мовы. Яны ідуць і апасліва пазіраюць на нейкі ненармальны агрэсіўны “Малады фронт”. Не, нават не апасліва, а раздражнёна, з нянавісцю. І дзе ўзяць агульныя словы, каб пагаварыць ім між сабой, я пакуль не ведаю. У мяне не атрымалася. Аднакласніца ўжо пару год са мной дэманстратыўна не размаўляе, хоць я не самы прапашчы рэвалюцыянер у гэтай краіне і не самы лепшы скакун.

    А патлумачце мне яшчэ: што такое “рускі мір”? Я прыйшоў да высновы, што кожны яго ўяўляе па-свойму. Харошыя дзевачкі ўпэўненыя, што гэта паэзія, Ахматава і глыбіня душы. Чамусьці асацыяцыі з літаратурай я чую найчасцей. Калі я думаю пра “рускі мір”, уяўляю вялізную прастору з цэрквамі, а ў цэрквах — папы ў золаце. Перад папамі на каленях стаяць бабулі з чорнымі тварамі. Яны моляцца і разбіваюць сабе ілбы да крыві. Бабулі разбіваюць ілбы, а недзе побач князь Мышкін разбівае вазу і крычыць, што каталікі прадалі Хрыста. А хлопцы з Самары, дзе я жыў два месяцы, сядзяць на кукішках у бандыцкіх кепках і “чёкаюць”: “Чё?”. І ўсё яно ненавідзіць не рускае. А я не хачу быць па іншы бок барыкад ад доктара Равіка і Тома Сойера. А яшчэ мне адна толькі Ганна Чарнушка родненькая. Я ў той “мір” пайду, дзе ёй будзе месца.

    Сказаў сябру, што буду пісаць тэкст пра Расію. Ён мне:

    — Толькі напішы, што ты не супраць Расіі, а супраць палітыкі Пуціна. Бо ў Расіі ж таксама харошыя людзі е.

    Прыём-прыём! Я не супраць Расіі. Я хачу, каб Расія была. Я хачу прыязджаць у Піцер з “Людзьмі на балоце” у партфелі. Але я хачу потым вяртацца дадому — туды, дзе Расіі няма.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці