«Нават зняць грошы не атрымалася». Ва Украіне ў беларускіх журналістаў па-ранейшаму заблакаваныя банкаўскія карткі
Працягваюцца непрыемнасці з банкаўскімі карткамі ў беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца ва Украіне. Раней іх заблакавалі, спробы зняць наяўныя магчымыя толькі ў тэорыі, распавёў рэпарцёр Алесь Мінаў, які з канца 2021 года жыве ў Кіеве.
— Маю картку паўторна заблакавалі ў сярэдзіне сакавіка 2023 года, — расказвае журналіст. — Прыйшоў у банк. Там запыталіся, як хачу вывесці грошы. Папрасіў зняць наяўнымі. Не, кажуць, такой функцыі няма. Трэба назваць банкаўскі рахунак, на які зробяць перавод. Аднак ні ў кога са знаёмых беларусаў рахунку няма.
Нават спроба звязацца са службай падтрымкі, па словах рэпарцёра, немагчымая: банк заблакаваў званкі беларусаў (карткі прывязаныя да тэлефонных нумароў).
— Ведаю, што звярталіся да дэпутатаў з фракцыі «За вільну Білорусь», аднак адказаў адтуль пакуль няма, — дадаў Алесь Мінаў. — Таксама я асабіста напісаў ліст у Службу бяспекі Украіны з тлумачэннямі, чаму лічу гэта рашэнне неабгрунтаваным. Мне паведамілі, што ліст прынялі. Праз два тыдні павінен прыйсці адказ, але асаблівых спадзяванняў няма. Хтосьці са знаёмых казаў, што фармулёўкі тыповыя, нібыта недастаткова звестак.
Цяпер журналіст супрацоўнічае з некалькімі выданнямі, якія знаходзяцца ў Еўразвязе, і кажа, што адзінае выйсце — перадаваць грошы наяўнымі з‑за мяжы. Аднак гэта вельмі няпроста, улічваючы цяжкасці са з’ездам-выездам з Украіны.
Некаторыя беларусы просяць сяброў-украінцаў адкрыць картку на сваё імя, але гэта цяжка суадносіцца з фінансавай бяспекай, да таго ж узнікаюць праблемы з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу.
Нагадаем, у першы раз карткі беларусаў заблакавалі адразу пасля масавага ўварвання расійскіх войскаў у лютым-сакавіку 2022 годзе.
Аднак праз садзенічанне Беларускай асацыяцыі журналістаў карткі часткі беларускіх рэпарцёраў былі разблакаваныя. Але праз год праблема ўзнікла ізноў. У сакавіку-красавіку 2023-га беларускія журналісты зноў сутыкнуліся з немагчымасцю карыстацца банкаўскім прыкладаннем і разлічвацца ненаяўным чынам. Праблема не вырашаная дагэтуль.
Чытайце яшчэ:
У беларускіх журналістаў зноў заблакавалі банкаўскія карткі ва Украіне
«Я ў бронекамізэльцы і касцы, мясцовыя такога не маюць». Як беларускі журналіст працуе на вайне ва Ўкраіне
«Бачу палярнае стаўленне да беларусаў». Што абмяркоўвалі на журналісцкай сустрэчы ў Кіеве