«Нават не пытайцеся, як яны будуць збіраць гэты тэтрыс». Як праходзіць суд над журналістам Паўлам Мажэйкам
У Гродзенскім абласным судзе 10 ліпеня пачалі судзіць вядомага журналіста і культурнага менеджара Паўла Мажэйку, а таксама пазбаўленую ліцэнзіі адвакатку Юлію Юргілевіч. На падставе ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса іх вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, учыненым паўторна, групай асоб па папярэдняй змове. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 7 гадоў зняволення. Справу разглядае рэкардсмен па палітычных прысудах суддзя Максім Філатаў. Сёння паказанні давалі абвінавачаныя. На наступным пасяджэнні ўжо плануюцца спрэчкі бакоў.
Судовыя пасяджэнні праходзяць у адкрытым рэжыме. Падрабязнасці працэсу распавяла жонка Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка.
Паводле яе інфармацыі, у крымінальнай справе фігуруюць два эпізоды за 2022 год: ад 23 лютага і ад 30 сакавіка. Нібыта ў гэтыя дні Юлія Юргілевіч распавяла падчас тэлефоннай гутаркі Паўлу Мажэйку пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну (агалошванне прысуду адбывалася ў адкрытым рэжыме).
Пракурор спрабуе даказаць, што менавіта Павел Мажэйка размясціў гэтую інфармацыю на старонцы прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем» тэлеканала «Белсат» — у нявысветлены час, нявысветленым спосабам, праз нявысветленых асоб.
Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч адразу цалкам адмовіліся прызнаваць віну.
У першы дзень Юргілевіч прывезлі ў суд з карцара следчага ізалятара: на фота, распаўсюджаным дзяржаўным інфармагенцтвам БелТА, яна стаіць у турэмнай робе з надпісам на спіне «Карцар № 2». Падчас пасяджэння Юлія заявіла, што яе ўтрымліваюць у «скоцкіх умовах», а таксама, што не далі магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.
Сярод доказаў абвінавачання:
- Запісы тэлефонных гутарак. Аднак няма доказаў часу гэтых гутарак, бо білінг тэлефонаў паказвае, што ў дні «злачынства» 23 лютага і 30 сакавіка 2022 ніякіх тэлефанаванняў між Юліяй і Паўлам не было.
- раздрукоўкі артыкулаў з сайта тэлеканала «Белсат» за гэтыя даты.
Ні намеру на «размяшчэнне», ні факту перадачы інфармацыі для публікацыі, ні спосабу публікацыі, ні датычных да гэтага асоб следствам «не высветлена», распавядае Ірына Чарняўка.
Паводле яе слоў, замест доказаў у судзе разглядаецца рознае інфармацыйнае смецце: гадзіну суд аглядаў дыск з любімым серыялам Юлінай маці, што быў забраны пасля ператрусу, гадзіну слухалі запіс адвакацкай прамовы Юліі падчас працэсу над Андрэем Аўсіевічам, якога Юлія бараніла па справе за абразу міліцыянта, гадзіну праслухоўвалі запісы побытавых размоў бацькі Паўла — таксама неразборлівай праслушкі невядома адкуль.
«Тэлефонны нумар, на які нібыта званіла Юлія ў дні здзяйснення «злачынства», належыць мне. Таму ва ўсіх іхніх пратаколах праслушкі фігурую я як суразмоўца Юліі. Нават не пытайцеся, як яны будуць збіраць гэты тэтрыс», — напісала Ірына Чарняўка на сваёй старонцы ў Facebook.
На другі дзень працэсу суддзя Максім Філатаў выгнаў з залы дзвюх жанчын за тое, што яны засмяяліся. У трэці дзень судовага пасяджэння свае паказанні давалі абвінавачаныя Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч. На наступным ужо плануюцца спрэчкі бакоў.
Паўла Мажэйку затрымалі летась у канцы жніўня па вяртанні ў Беларусь з‑за мяжы. Сёлета ў сакавіку стала вядома, што журналіста абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Юлія Юргілевіч працавала адвакаткай амаль 18 гадоў. За гэты час яна абараняла ў судзе палітвязняў: Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага, памерлага за кратамі мастака Алеся Пушкіна. 23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў з фармалёўкай за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Пад вартай Юргілевіч трымаюць ужо больш за 10 месяцаў.
Чытай яшчэ:
Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні
«Тата ловіць беларускага дыназаўра». Хто такі гарадзенец Павал Мажэйка, які двойчы стаў палітвязьнем
Другі запар дзень нараджэння за кратамі адзначае журналістка Ірына Слаўнікава