«Нават калі я адпачываю, першы тыдзень праходзіць нармальна, а потым у галаве пачынаюць круціцца сюжэты…»
«Абажур» распытаў калег, як яны рэлаксуюць, каб не наступіла прафесійнае выгаранне. Апытанне адбывалася праз тэлефон з рэдакцыйнага шэзлонга 🙂
Алесь Пілецкі, «Еўрарадыё»
Першапачаткова сёлета я планаваў адпачынак акурат на першую палову кастрычніка, але выбарчы працэс прымусіў мяне ў гэты час, наадварот, глыбока акунуцца ў працу. Але пасля выбараў разам са сваёй любімай футбольнай камандай я накіраваўся ў Іспанію на матч «Барселона» — БАТЭ.
Што тычыцца штодзённага адпачынку, то пасля працы я звычайна нешта гатую дома. Апроч гэтага ў добрае надвор’е мне падабаецца некалькі гадзінак пакатацца на ровары: 50 кіламетраў за раз — і ўжо не думаецца ні пра выбары, ні пра апазіцыю, ні пра акцыі (смяецца). Ну, у зімовы час гэта менш актуальна, але снег жа ў нас не так шмат часу ляжыць на вуліцах.
Аляксандр Баразенка, «Белсат»
Кожны дзень я прыходжу пасля працы даволі позна, таму мой адпачынак — гэта добры фільм. А па выходных я хаджу глядзець футбол. Я заўзятар Manchester United, і з суполкай беларускіх заўзятараў мы разам збіраемся на прагляды. З актыўнага адпачынку магу прыгадаць наш нядаўні сплаў на байдарках па невялічкіх рэчках у Гарадзенскай вобласці. Калі няма сілаў зусім, стараюся выехаць на прыроду куды-небудзь.
Зміцер Лукашук, «Еўрарадыё»
Самы лепшы адпачынак для мяне — гэта паехаць на вёску, пратапіць лазню ды добра папарыцца. Прафесійнае выгаранне ў мяне не наступае, бо гэта шмат у чым залежыць ад таго, ці знаходзіцца чалавек на сваім месцы. Калі ты журналіст, калі табе падабаецца твая праца, то цябе яшчэ больш зацягвае. Нават калі я ў адпачынку, першы тыдзень, здаецца, праходзіць нармальна, а потым у галаве пачынаюць круціцца сюжэты нейкія, тэмы.
Алесь Залеўскі, «Белсат»
Кожны чацвер я гуляю у футбол. Летам па выходных мы сям’ёй стараемся выязджаць на прыроду, праўда, зараз халодна стала. А так мы выязджаем, напрыклад, у Лохаўшчыну да Верасня і Жэні Манцэвіч, у Шаблі… Наогул, мы захапляемся агратурызмам у любы час года.
Віталь Зыблюк, «Еўрарадыё»
Больш за усё я люблю адпачываць за стырном аўтамабіля. Лепш за усё, калі ты канцэнтруешся на дарозе, кудысьці едзеш. Можна так астудзіць галаву, а з іншага боку — падумаць зноў над працай. Таму больш за ўсё я люблю зладзіць нейкая далёкае падарожжа для адпачынку. Шыны на зіму даўно памяняў. 🙂
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»
Я футбольчык гляджу і гуляю ў яго. Летам мы рэдакцыяй гуляем супраць іншых выданняў таварыскія матчы, а зімой толькі гляджу. Таксама мне падабаецца падарожнічаць — і за мяжой, і па Беларусі. Серыялы гляджу таксама, камедыі нейкія. Сур’ёзнае кіно глядзець не люблю — для сур’ёзнага ёсць кніжкі. Наогул, я ўвесь час чытаю.
Воля Ярохіна, «КП»
Мой улюбёны адпачынак — гэта кіно, паездкі і сустрэчы з сябрамі. Летам я ездзіла ў Амерыку, але гэта была такая праграма для журналістаў. Летась быў Берлін, але гэта таксама быў не адпачынак. Звычайна выязджаю на выходныя ў Вільню ці Кіеў да сяброў. Некалькі год таму ездзіла ў Турцыю загараць на дзесяць дзён, у Барселону ездзіла таксама. А так усю восень я ездзіла ў лес па грыбы — я разбіраюся не толькі ў цікавых інфармацыйных нагодах…
Усе здымкі узяты з Facebook старонак саміх герояў