• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Нават калі нас усіх затрымаюць, беларусы самі дашлюць інфармацыю». Як працуюць журналісты пасьля выбараў

    Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала больш за 400 парушэньняў правоў журналістаў з пачатку году. У журналістаў прыцэльна стралялі, саджалі іх на суткі, жорстка зьбівалі, штрафавалі, канфіскавалі і разьбівалі тэхніку.

    Цяпер у праваахоўнікаў новая тактыка: журналістам проста не даюць працаваць, прэвэнтыўна затрымліваючы «для праверкі дакумэнтаў», трымаюць па 12 гадзін у пастарунку і выпускаюць з позвамі ў суд — за непадпарадкаваньне міліцыі (арт. 23.4 КаАП), хоць затрымліваў іх асабіста афіцэр прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму Раман Лашкевіч.

    «Будзем працаваць як і раней — пад сваімі імёнамі, без балаклаваў і масак»

    На галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча заведзена крымінальная справа «за паклёп», а 16 кастрычніка яго чакае суд па адміністрацыйнай справе — менавіта за «непадпарадкаваньне міліцыі» 11 кастрычніка. У пратаколе запісана: «На неаднаразовыя законныя патрабаваньні Андрэя Ўладзімеравіча Арэхвы пакінуць месца адказаў катэгарычнай адмовай». Да таго ж у пратаколе пазначана, што затрымалі яго ў 14.00 каля «Макдональдса» на Прытыцкага, а насамрэч — у 17.45 насупраць Кальварыйскіх могілак, пра што сьведчыць відэа затрыманьня.

    Ягор Марціновіч

    Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч кажа, што рэпартэры выданьня працягваюць асьвятляць падзеі ў краіне, як і раней — пад сваімі імёнамі, без балаклаваў і масак.

    «Такой жа адкрытай і сумленнай працы мы чакаем і ад праваахоўнікаў. Ня ведаю, якія правілы гульні хоча навязаць журналістам міліцыя, але іх дзеяньні супярэчаць і нормам заканадаўства, і здароваму сэнсу.

    Наша зброя — салідарнасьць і падтрымка мільёнаў людзей. Гэта важыць больш, чым абсурдныя загады нейкага чалавека ў балаклаве. Мы будзем абскарджваць усе незаконныя рашэньні. Перакананы, што ў будучыні суды дадуць справядлівую ацэнку дзеяньням кожнага.

    Трэба разумець, што нават калі ўсіх журналістаў затрымаюць для «праверкі дакумэнтаў», беларусы самі дашлюць інфармацыю ў СМІ для выстаўленьня на сайт ці ў тэлеграм-канал», — перакананы Ягор Марціновіч.

    «Працягваем змагацца — пісаць скаргі, аспрэчваць судовыя рашэньні»

    Міністэрства інфармацыі Беларусі з 1 кастрычніка пазбавіла Tut.by статусу СМІ. Парталу вынесьлі 4 пісьмовыя папярэджаньні «ў сувязі з парушэньнем артыкулаў 4 і 49 Закону аб СМІ». Цяпер выданьне працуе як інтэрнэт-рэсурс. Журналісты ня маюць права працаваць на вулічных акцыях. А Tut.by працягвае законнымі мэтадамі адстойваць правы журналістаў.

    Галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава зьбілася зь ліку, колькі скаргаў і аспрэчваньняў падавала яе выданьне ў суды, Сьледчы камітэт ды іншыя інстанцыі. І ва ўсіх выпадках атрымлівала адмовы і адпіскі.

    Марына Золатава

    «Месяц таму мы яшчэ лічылі: 12 нашых журналістаў затрымлівалі 19 разоў. Цяпер затрыманьні сталі настолькі частымі, рэгулярнымі, што я праўда зьбілася зь ліку, колькі іх было. Але працягваем змагацца — пісаць скаргі, аспрэчваць судовыя рашэньні.

    З нагоды многіх затрыманьняў журналістаў мы падавалі заявы ў Сьледчы камітэт па артыкуле 198 Крымінальнага кодэксу — перашкоды законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста. На ўсе заявы прыйшлі адмовы. Наконт брутальнага затрыманьня Станіслава Коршунава ў Берасьці праверка працягваецца. Разумеем, што атрымліваем адпіскі, але стараемся дзейнічаць прававымі мэтадамі.

    Аспрэчваем і свае папярэджваньні ў судах — 26 кастрычніка ў нас чарговы разгляд скаргі ў Вярхоўным судзе», — сказала Марына Золатава.

    «Змагацца да апошняга, паказваючы абсурднасьць, незаконнасьць, неабгрунтаванасьць дзеяньняў уладаў»

    Юрыст, адвакат Сяргей Зікрацкі, які спэцыялізуецца на абароне журналістаў, кажа, што праблему перашкодаў журналісцкай працы можна разглядаць толькі праз прызму права.

    Сяргей Зікрацкі

    «Выраз „прававы дэфолт“ цяпер стаў вельмі папулярны.

    Нягледзячы на тое, што многія лічаць, што прававы дэфолт наступіў, усё ж такі неабходна выкарыстоўваць прававыя мэханізмы.

    Я асабіста гатовы змагацца да апошняга аргумэнта, да апошняй інстанцыі, каб даказваць невінаватасьць журналістаў, калі яны насамрэч невінаватыя.

    Што да іншых шляхоў, яны, хутчэй за ўсё, не прававыя. Гэта і журналісцкая салідарнасьць, і іншыя. Гэта ўжо пытаньні не да юрыстаў», — перакананы Сяргей Зікрацкі.

    Адвакат раіць у кожным канкрэтным выпадку змагацца да апошняга, паказваючы абсурднасьць, незаконнасьць, неабгрунтаванасьць дзеяньняў праваахоўных органаў, іншых дзяржаўных структур, якія ўціскаюць журналістаў.

    «Абскарджваць, дыскутаваць, даказваць. Я абсалютна ўпэўнены, што на сёньняшні момант прававыя мэханізмы яшчэ могуць быць выкарыстаныя», — кажа ён.

    На пярэчаньне Свабоды, што на практыцы не было ніводнага пакараньня, прыцягненьня да адказнасьці тых, хто парушае артыкул 198 Крымінальнага кодэксу «Перашакода прафэсійнай дзейнасьці журналіста», Сяргей Зікрацкі адказаў, што ўсё адно трэба абскарджваць.

    «Я цалкам згодны, бачу ўсе парушэньні, яны відавочныя.У справу кладуцца аднолькавыя паказаньні двух сьведак, а з боку абароны прадстаўлены іншыя абсалютна абгрунтаваныя доказы, сьведкі. Але бярэцца пад увагу толькі адзін бок. На жаль, маем што маем. Можа, нешта зьменіцца, калі агульная сытуацыя ў краіне зьменіцца», — спадзяецца юрыст.

    Камізэлька з надпісам «Прэса» — мішэнь?

    Рэдактары некаторых СМІ прыходзяць да высновы, што камізэлька з надпісам «Прэса» — гэта мішэнь для сілавікоў. 11 кастрычніка ў Менску ўсе затрыманыя журналісты былі ў сініх камізэльках.

    Аднак у ніводным законе ці прававым акце не напісана, што журналіст павінен быць абазначаны камізэлькай. У артыкуле 10 Закону аб масавых мерапрыемствах ​прапісана толькі, што журналіст на акцыі павінен мець «ясна бачны знак адрозьненьня прадстаўніка СМІ», але не ўдакладняецца, які.

    Дакладна прапісаныя толькі дакумэнты, якія павінен мець пры сабе журналіст «пры выкананьні»:

    • дакумэнт, які пацьвярджае асобу;

    • службовае пасьведчаньне журналіста СМІ (калі ён супрацоўнік беларускага выданьня);

    • дакумэнт, які пацьвярджае акрэдытацыю журналіста замежнага СМІ ў Рэспубліцы Беларусь (калі ён супрацоўнік замежнага выданьня).

    Кіраўнікі СМІ абураюцца: рэдакцыі ж выконваюць пажаданьні прэс-службы ГУУС — журналісты абазначаныя і маюць усе дакумэнты.

    «А ў выніку прадстаўнікі ўлады, якія нібыта прадстаўляюць закон, самі яго парушаюць і перашкаджаюць працы журналістаў, якія таксама выконваюць свае працоўныя абавязкі.

    Калі супрацоўнікі міліцыі не выконваюць законы, чаму журналісты павінны абазначаць сябе і выконваць нейкія пажаданьні людзей, якія прадстаўляюць уладу і самі парушаюць закон?» — задае рытарычнае пытаньне галоўны рэдактар аднаго СМІ, які пажадаў, каб яго не называлі, бо апасаецца наступстваў для сваіх калег на чарговых вулічных акцыях.

    Юрыст Сяргей Зікрацкі кажа, што камізэлька — гэта пажаданьне прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму. І тут кожны журналіст сам прымае рашэньне.

    «Калі прыйшоў у камізэльцы — вялікая верагоднасьць, што цябе затрымаюць яшчэ да мерапрыемства. Калі ты без камізэлькі — цябе могуць затрымаць як удзельніка масавага мерапрыемства, журналіст рызыкуе і фактычна вядзе рэпартаж з палёў. Або ён апранаецца так, як ад яго патрабуюць дзяржаўныя службы, але ён ня зробіць рэпартаж. Тут ужо ўнутранае, уласнае рашэньне кожнага журналіста, як ён будзе працаваць», — кажа юрыст Сяргей Зікрацкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці