• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Наша Ніва” сыходзіць з расійскіх сацсетак на знак нязгоды з блакаваннем адміністрацыяй “ВКонтакте”

    Следам за блакаваннем шэрагу інфармацыйных рэсурсаў на тэрыторыі Беларусі расійская сацсетка “Вконтакте” абмежавала доступ да старонкі найстарэйшай нацыянальнай газеты “Наша Ніва”. У адказ на гэты выданне заклікала калег ды чытачоў спыніць карыстацца “недружалюбнымі віртуальнымі лакацыямі”.   

    Пачынаючы з 10 студзеня адміністрацыя сацыяльнай сеткі «ВКонтакте» пачала блакаваць інфармацыйныя старонкі медыя і арганізацый, якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі».

    У гэтым пераліку апынуліся старонкі выданняў “Зеркало”, “Медиазона. Беларусь”, тэлеканала «Белсат», а таксама суполка праваабарончага цэнтра “Вясна”.

    Як вынікае з абгрунтавання службы тэхнічнай падтрымкі, такое рашэнне прынята ў адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 арт. 38 закона “Аб сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь”. А менавіта гэтым артыкулам звычайна прыкрываецца Міністэрства інфармацыі, адносячы той ці іншы кантэнт да “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. 

    “Забарона на публікацыю інфармацыі, накіраваную на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці (або заклікаў да такой дзейнасці), парнаграфіі, гвалту і жорсткасці (у тым ліку якая падахвочвае да самагубства), іншай інфармацыі, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”, – адзначаецца ў афіцыйным тлумачэнні адміністрацыі “ВКонтакте” .

    Праз дзень у “чорны спіс” расійскай сацсеткі патрапіла і папулярнае беларускае выданне “Наша ніва”, матэрыялы якога гэтаксама прызнаныя беларускім судом “экстрэмісцкімі”. Зваротная рэакцыя на блакаванне з боку кіраўніцтва рэдакцыі аказалася імгненнай: спыніць прысутнасць не толькі “ВКонтакте”, але і на іншай рускамоўнай пляцоўцы – “Одноклассниках”.  

    “Яшчэ пачынаючы з другой паловы 2020 года тэхслужба “ВКонтакте” штучна абмежавала ахоп нашых допісаў, але мы працягвалі публікаваць там навіны і спасылкі на матэрыялы. За гэты час зроблена шмат усяго цікавага, але ўмовы мяняюцца. Пасля блакавання ў Беларусі мы спыняем публікацыі “Вконтакте”. А таксама ў “Одноклассниках” — гэта сацсетка належыць расійскай карпарацыі VK. Беларусам, якія працягваюць карыстацца гэтымі пляцоўкамі, раім у мэтах бяспекі таксама адтуль сысці”, – гаворыцца ў звароце на тэлеграм-канале выдання.

    “Наша Ніва” ўдакладняе, што сачыць за навінамі і публікацыямі можна без абмежаванняў за мяжой і праз VPN на сайце, а таксама ў наступных сеткавых лакацыях: TelegramFace­bookTwit­terYouTubeTik­Tok.

    Напярэдадні Лілія Ананіч, экс-міністарка інфармацыі, а цяпер кіраўніца Камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет праяваў экстрэмізму, расказала пра поспехі ў дзейнасці падначаленых ёй “экспертаў”.

    Чыноўніца заявіла, што ад пачатку дзейнасці кантрольнага (а на справе “рэпрэсіўнага”) органа ў лютым 2021 года, створанага якраз дзеля барацьбы з іншадумствам у медыйнай галіне, падначаленая ёй камісія выявіла 1379 “праяваў экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму, па ўсіх фактах прынятыя рашэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам”.

    З улікам, што агулам за гэты час праведзена ацэнка 1400 “аб’ектаў даследавання”, на якія паступілі сігналы, у далейшы “прававы абарот” накіравана 98,5% “крамольных файлаў”.  

    Менавіта гэты кантэнт далей трапляе ў судовую вытворчасць і папаўняе спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” у базе Міністэрства інфармацыі – гэта тэсты друкаваных і электронных СМІ, аўтарскіх блогаў, тэлеграм-каналаў, рознажанравых выданняў.

    Адметна, што ў склад Рэспубліканскай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці праяваў экстрэмізму ўваходзяць не толькі прадстаўнікі цывільных ведамстваў, а і дэлегаты сілавых структур –  Камітэта дзяржбяспекі, Памежнага камітэта, МУС і нават асобна падраздзялення з шырокімі паўнамотвамі ГУБАЗіК. 

    Чытайце яшчэ:

    Аксана Колб, Наста Лойка, Камітэт па расследванню катаванняў — названыя пераможцы Праваабарончай прэміі

    З удзелам прэзыдэнтаў: «Радыё Свабода» адкрыла ў Вільні сваё бюро

    Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын моцна захварэў пасля змяшчэння ў карцар

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці