Нараўлянская лякарня перадумала: на падпіску трэба 4675 рублёў, а не 18 700
Нараўлянская раённая лякарня вырашыла, што на квартальную падпіску на СМІ ёй трэба толькі 4675 рублёў, а не 18 700, як паведамлялася раней. Пра гэта піша сайт "Моцныя навіны".
Еўрарадыё распавядала, што на сайце goszakupki.by з’явіўся тэндар на квартальную падпіску на СМІ для Нараўлянскай раённай лякарні. Там было пазначана, што на гэтыя мэты пойдзе амаль 8500 долараў.
Пасля публікацыі ў СМІ гэтай навіны прадстаўнік лякарні звязаўся з сайтам «Моцныя навіны» і заявіў, што астранамічная лічба — гэта проста тэхнічная памылка. Гэтая лічба была пазначаная як арыенціровачная на год, а сайт аўтаматычна загружае арыенціровачны кошт гадавой патрэбы з гадавога плана. Карэктная сума пазначаная ў дакументах, прымацаваных да закупкі, — 4675 беларускіх рублёў (крыху болей за 2000 долараў).
Прадстаўнік лякарні заявіў, што закупка будзе скасаваная і размешчаная з правільнымі данымі.