Напярэдадні Дня правоў чалавека Вольгу Чайчыц зноў чакаюць суды за «Белсат»
Разгляд адміністратыўных справаў журналісткі Вольгі Чайчыц адбудзецца 6 і 8 снежня – яе вінавацяць у «незаконным вырабе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 ч. 2 КаАП).
Адна адміністратыўная справа будзе разглядацца ў судзе Дзяржынскага раёну 6 снежня а 16‑й гадзіне. Вольга Чайчыц мяркуе, што падставай для складання гэтага пратаколу стаў сюжэт пра кватэрны канфлікт у Дзяржынску.
Другая адміністратыўная справа будзе разглядацца 8 снежня ў 9.30 у судзе Ленінскага раёну Менску.
Раней журналістку папярэджвалі, што ў адносінах да яе складзены адміністратыўны пратакол за сюжэт «Менчукі змагаюцца з Памежным камітэтам супраць ушчыльнення ў цэнтры», які быў паказаны ў эфіры «Белсату» у кастрычніку, аднак Вольга Чайчыц не ўпэўненая, што менавіта гэтая адміністратыўная справа будзе разглядацца ў Ленінскім судзе 8 снежня.
Нагадаем, паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі за гэты год журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000. Паводле «Рэпарцёраў без межаў», менавіта журналістаў нашага тэлеканалу беларускія ўлады пераследуюць часцей за ўсё.