• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Намесніка гендырэктара «БелТА» па ідэалогіі асудзілі да пяці гадоў калоніі за «злівы» тэлеграм-каналу «Нік і Майк»

    У судзе Савецкага раёна Мінска 10 студзеня да пяці гадоў калоніі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэкса) асудзілі нядаўняга намесніка генеральнага дырэктара «БелТА» па ідэалагічнай працы Сяргея Адзярыху. Роўна два гады таму ў гэты дзень былога чыноўніка асабіста ўзнагароджваў Лукашэнка за «высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі». Цяпер Адзярыха асуджаны за перадачу прадстаўніку «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» і тэлеграм-каналу «Нік і Майк» службовай інфармацыі, якая знаходзілася ў ягоным распараджэнні.

    Матыў — «пазбяганне люстрацыі пасля змены ўлады». Да суда намеснік гендырэктара «БелТА» па ідэалогіі знаходзіўся пад вартай. Прысуд вынес суддзя Аляксандр Волк, Адзярыха яго ўжо абскардзіў як празмерна строгі, але безвынікова. «Вясна» распавядае, што вядома па справе.

    Хто такі Сяргей Адзярыха?

    Сяргей Адзярыха — нядаўні намеснік гендырэктара «БелТА» па ідэалагічнай працы. У яго падначаленні знаходзіўся 21 супрацоўнік інфармагенцтва. Раней ён працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі і нават атрымліваў ад яго ўзнагароды. Напрыклад, яшчэ 10 студзеня 2020 года ён быў сярод працаўнікоў дзяржаўных СМІ, хто быў ганараваны падзякай Лукашэнкі за «высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».

    Дакладная дата затрымання былога чыноўніка невядомая. Але вядома, што 8 верасня 2021 года прадстаўнікі сілавых структур склалі рапарт пра тое, што «падчас правядзення комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў атрымана інфармацыя пра тое, што дзейсны супрацоўнік «БелТА» Адзярыха, магчыма, дае тэлеграм-каналу «Нік і Майк» закрытую інфармацыю пра працоўны графік Аляксандра Лукашэнкі».

    Неўзабаве чыноўнік быў затрыманы. Справай займаліся супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Да суда Адзярыха ўтрымліваўся пад вартай.

    Тэлеграм-канал «Нік і Майк»

    «Нік і Майк» — апазіцыйны тэлеграм-канал з больш як 53 тысячамі падпісчыкаў (у верасні 2021 года на канале было больш як 68 тысяч падпісчыкаў), створаны ў кастрычніку 2020 года. Вядомы шматлікімі «злівамі» інфармацыі, якая тычыцца чыноўнікаў Беларусі.

    2 снежня 2021 года інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «Нік і Майк» была прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Падставай для гэтага зрабілася заява пракуратуры Мінска.

    30 сакавіка 2022 года МУС прызнала тэлеграм-канал «Нік і Майк», а таксама ягоныя аналагі ў іншых сацсетках (у тым ліку ў YouTube, Viber і «Аднакласніках») «экстрэмісцкім фармаваннем».

    У чым абвінавацілі былога ідэолага?

    Лукашэнка ўручае падзяку Адзярыху 10 студзеня 2020 года

    Паводле версіі абвінавачвання, Сяргей Адзярыха «ўступіў у злачынную змову з іншай асобай, якая знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца адным з кіраўніком так званага «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення», здзяйсняе незаконную дзейнасць па звяржэнні дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь і захопе ўлады неканстытуцыйным шляхам, ставіць сваімі мэтамі «забяспечыць мірнае завяршэнне выканання функцый нелегітымнымі органамі ўлады, стабілізацыю сістэмы кіравання краінай пасля пераходу ўлады да народа», а задачай — «ухіленне прычынаў крызісу і падрыхтоўку да адстаўкі Лукашэнкі», а таксама з’яўляецца адным са стваральнікаў і прадстаўніком дэструктыўнага тэлеграм-канала «Нік і Майк», мэтай якога за кошт публікаваных матэрыялаў у паказаным тэлеграм-канале ў інтэрнэце з’яўляюцца высмейванне і дакаранне дзейснага дзяржаўнага апарата кіравання, фармаванне ў грамадзян недаверу да інстытутаў улады Рэспублікі Беларусь, і за кошт гэтага дэстабілізацыя палітычнага і грамадскага становішча ў Рэспубліцы Беларусь».

    Пры гэтым Адзярыха выказаў гатовасць да апублікавання ў сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь сістэматычна і канфідэнцыйна перадаваць іншай асобе службовую інфармацыю, што ён атрымлівае ў «БелТА», а гэтая асоба запэўніла Адзярыху, што пасля захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі і змены палітычнага кіраўніцтва дзяржавы забяспечыць ягонае знаходжанне на кіраўнічай пасадзе і гарантуе недатыкальнасць набытай ім маёмасці.

    «Адзярыха ўсведамляў, што паказаны тэлеграм-канал не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі, і звесткі, якія ён атрымліваў у «БелТА», адносяцца да службовай і камерцыйнай таямніцы і не могуць перадавацца да апублікавання ў ім, аднак, выйдучы за межы дадзеных па службе правоў і паўнамоцтваў, дзейнічаючы з іншай асабістай зацікаўленасці, сістэматычна незаконна перадаваў іншай асобе звесткі, атрыманыя «БелТА», на падставе якіх у вышэйпаказаным тэлеграм-канале было размешчана не менш за 58 публікацый, што змяшчаюць звесткі пра планаваныя мерапрыемствы з удзелам прэзідэнта, прэм’ер-міністра, вышэйшых службовых асоб і іншыя звесткі, якія тычацца Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў абвінавачванні.

    Пры гэтым, як паказана ў абвінавачванні, Адзярыха ўсведамляў, што інфармацыя, якую ён перадаваў, публікуецца ў адкрытым доступе тэлеграм-каналам «Нік і Майк», колькасць падпісчыкаў якога перавышае 60 000 чалавек, і выкарыстоўваецца ў мэтах стварэння бачнасці атрымання звестак названым дэструктыўным інтэрнэт-рэсурсам непасрэдна ад службовых асоб дзяржаўных органаў, якія нібы імкнуцца да супрацьпраўнай змены канстытуцыйнага ладу, а таксама дзеля аказання незаконнага ўплыву на працоўныя графікі службовых асоб дзяржавы, што пасля і пацягнула асобныя змены ў працоўных графіках прэзідэнта.

    Згодна з версіяй абвінавачвання, дзеянні Адзярыхі выклікалі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, якая выявілася ў:

    • дыскрэдытацыі займанай ім пасады намесніка гендырэктара «БелТА»;
    • падрыве аўтарытэту і дзелавой рэпутацыі «БелТА»;
    • дыскрэдытацыі дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія даюць «БелТА» інфармацыю;
    • стварэнні ў грамадстве меркавання аб прадажнасці, незадаволенасці дзяржаўных службовых асоб і дзяржаўных службоўцаў палітычным курсам, які праводзіцца ў Рэспубліцы Беларусь;
    • вымушанай змене працоўных графікаў прэзідэнта;
    • парушэнні прыватнасці інфармацыі, што паступае «БелТА».

    «Іншая асабістая зацікаўленасць Адзярыхі выявілася ў імкненні прадэманстраваць іншай асобе як прадстаўніку групы асобаў, якія здзяйсняюць дзейнасць па звяржэнні дзяржаўнай улады ў Беларусі і захопе ўлады неканстытуцыйным шляхам, сваю лаяльнасць і значнасць, а таксама атрымаць ад яе абяцаныя выгады і перавагі».

    На судзе Сяргей Адзярыха віну прызнаў цалкам і раскаяўся ў зробленым.

    Што казаў экс-чыноўнік на судзе?

    Сяргей Адзярыха на працэсе пацвердзіў, што дамовіўся з прадстаўніком «НАУ» аб перадачы ім інфармацыі ў абмен на тое, што, калі адбудзецца змена ўлады, ён зможа пазбегнуць люстрацыі і ў яго захаваецца маёмасць, і, як мінімум, ён застанецца на займанай ім пасадзе. Ён ведаў, што прадстаўнік «НАУ», знаходзіцца ў Польшчы, паколькі «з абавязку сваёй працы адсочваў дзейнасць апазіцыі». У снежні 2020 года Адзярыха ўбачыў інфармацыю, якую раней даваў «НАУ», у дэструктыўным тэлеграм-канале «Нік і Майк», пасля чаго ён зразумеў, што прадстаўнік «НАУ» звязаны з паказаным тэлеграм-каналам і выкарыстоўвае атрыманую ў яго інфармацыю там.

    «Нягледзячы на гэта, перадаваў розную інфармацыю, пачынаючы з графікаў прэзідэнта і вышэйшых службовых асоб дзяржавы, заканчваючы прэс-рэлізамі розных органаў дзяржаўнага кіравання».

    Да затрымання Адзярыхі на тэлеграм-канале было апублікавана 58 допісаў на падставе інфармацыі, якую ён падаваў.

    Што распавяла на судзе гендырэктарка «БелТА»?

    Генеральная дырэктарка Ірына Акуловіч распавяла, што супрацоўнікі «БелТА» сапраўды мелі інфармацыю пра графікі Лукашэнкі і вышэйшых службовых асоб Рэспублікі Беларусь. Адзярыха ў яе адсутнасць наведваў адміністрацыю Лукашэнкі, дзе праходзілі планёркі, у тым ліку агучваўся ягоны графік на бліжэйшы тыдзень.

    «Уся паступаючая інфармацыя з’яўлялася службовай і камерцыйнай і не падлягала распаўсюду асобам, якія не маюць дачынення да арганізацыі вытворчага працэсу «БЕЛТА»».

    Таксама Акуловіч расказала, што ў публікацыях тэлеграм-канала «Нік і Майк» была размешчаная інфармацыя, якая абмяркоўвалася, у тым ліку, на планёрках «БелТА».

    «Інфармацыя датычна прызначэння намесніка міністра інфармацыі, адносна курсу беларускага рубля, санкцый ў дачыненні да «МакДональдс» на планёрках не абмяркоўвалася».

    На працэсе было дапытана яшчэ чатыры супрацоўнікі «БелТА». Адзін з іх адзначыў, што «дакладна памятае, што Адзярыха ў яго прасіў інфармацыю, калі Лукашэнка збіраўся на прадпрыемства «Мотавела»».

    Даведка. 3 сакавіка 2021 года ў тэлеграм-канале «Нік і Майк» з’явілася інфармацыя, што «Лукашэнка ў чацвер едзе на «Мотавела». На наступны дзень з’явілася ўдакладненне: «Лукашэнка перанёс свой візіт на завод на 5 сакавіка».

    Чыстасардэчныя прызнанні

    Што цікава, у матэрыялах справы ёсць пратакол аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў «аператыўны эксперымент», дзе Адзярыха ў What­sApp перапісваецца з прадстаўніком «НАУ» пры аператыўніках. Акрамя гэтага, паводле пратаколу аператыўна-вышуковага мерапрыемства, «аператыўнае атаясамліванне» Адзярыхі «ўласнаручна на добраахвотнай аснове паказвае 58 публікацый у тэлеграм-канале «Нік і Майк», якія былі размешчаныя пры дапамозе перададзенай ім інфармацыі».

    Таксама ў крымінальнай справе ўтрымліваюцца дзве яўкі з пакаяннем былога намесніка гендырэктара «БелТА», дзе той прызнаецца ў здзяйсненні злачынства і паказвае акалічнасці яго здзяйснення, у перадачы інфармацыі тэлеграм-каналу «Нік і Майк», а таксама распавядае пра датычнасць да супрацьпраўнай дзейнасці прадстаўніка «НАУ», але гэта не было прызнана змякчальнай акалічнасцю.

    «Паколькі на момант затрымання Адзярыхі і напісання ім заявы і яўкі з пакаяннем органамі папярэдняга расследавання былі атрыманы дадзеныя, дастатковыя для завядзення крымінальнай справы ў дачыненні да яго, суд не прызнае актыўнае спрыянне выяўленню злачынства акалічнасцю, што змякчае адказнасць абвінавачанага.

    Суд не ўгледжвае падставы для прызнання змякчальнай адказнасць Адзярыхі акалічнасцю выкрыванне іншых удзельнікаў злачынства, паколькі выкладзеныя ім акалічнасці здзяйснення злачынства, яго добраахвотны ўдзел у аператыўна-вышуковым мерапрыемстве «аператыўны эксперымент» расцэньваюцца судом як прызнанне ім віны ў здзяйсненні злачынства», — прыйшоў да высновы суддзя Аляксандр Волк.

    Чым скончылася справа? 

    Сяргей Адзярыха

    Суд праходзіў у адкрытым рэжыме. Суддзя Аляксандр Волк 10 студзеня прызнаў Сяргея Адзярыху вінаватым паводле ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 500 базавых велічынь (16 000 рублёў). Акрамя гэтага, яго пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на пяць гадоў. Суд зняў арышт з ягоных дзвюх кватэр, а вось аўтамабіль Renault Megane Scenic пакінуты пад арыштам у кошт забеспячэння выканання прысуду ў частцы выплаты штрафу.

    Прысуд Адзярыха ўжо абскардзіў 15 сакавіка ў апеляцыйным парадку ў Мінскім гарадскім судзе. Ён меркаваў, што прысуд «незаконны і неабгрунтаваны», а прызначанае пакаранне «відавочна несправядлівае з прычыны строгасці». Але скаргу былога чыноўніка судовая калегія пакінула без задавальнення, а прысуд — без змены. Згодна з тэрмінамі, Адзярыху мусілі этапаваць у калонію, аднак праваабаронцам пакуль невядома, у якую.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці