Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў: «Прысуд Пачобуту не мае дачынення да закона, гэта проста расправа над няўгодным журналістам»
Жорсткі прысуд журналісту пракаментаваў "Радыё Ўнэт" намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Алег Агееў.
У Гродзенскім абласным судзе напярэдадні быў абвешчаны прысуд журналісту і аднаму з актывістаў Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту. «Суддзя» Дзмітрый Бубенчык прысудзіў Пачобуту 8 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Бубенчык зрабіў працэс закрытым, забараніўшы прадстаўнікам грамадскасці прысутнічаць падчас разгляду, а ўдзельнікам працэсу разгалошваць звесткі пра яго.
Мы бачым, на жаль, што ў Беларусі па палітычна матываваных абвінавачваннях даваць такія прысуды, з такімі тэрмінамі – гэта ўжо тэндэнцыя. Ёсць пералік выпадкаў, калі суд можа цалкам ці ў нейкай частцы зрабіць працэс закрытым і разглядаць у закрытым судовым пасяджэнні. Але масавасць такіх судоў апошнім часам паказвае, што яны гэта выкарыстоўваюць таксама як спробу парушэння правоў абвінавачаных. І хутчэй за ўсё ў дачыненні да Анджэя было тое самае. А чаму гэта робіцца? Усё проста – каб грамадства не бачыла, што ніякіх доказаў, ніякіх падстаў для, не тое, што такіх буйных тэрмінаў, а ўвогуле для крымінальнага пакарання ў кожнай крымінальнай справе папросту няма.
Усе правы, якія толькі можна прадугледзець у міжнародным праве, якія б накладалі абавязкі на дзяржаву, наша дзяржава парушае ўсё масава і бессэнсоўна, мне здаецца. Вось такая паказальная жорсткасць, паказальная несправядлівасць, поўная адсутнасць таго, што прыгожым лацінскім тэрмінам называецца «юстыцыя» – справядлівасць, ігнараванне ўсяго гэтага, канешне, складана рабіць на вачах у грамадскасці. Таму яны зачыняюць дзверы, нікога не пускаюць. Раней яны нешта іншае спрабавалі рабіць: курсантаў Акадэміі міліцыі поўную залу набіваць. Зараз увогуле ніякіх абмежаванняў. Вось такая гадамі ідучая беспакаранасць службовых асоб прыводзіць да таго, што яны ўвогуле ігнаруюць ужо азы прававых нормаў і гатовыя парушаць на загад усё, што заўгодна.
Нават тэрмін, да якога быў асуджаны Анджэй, – гэта таксама яскравае сведчанне менавіта палітычна матываванага пераследу. Бо, як вядома з Палажэння аб прызнанні палітвязнямі, відавочна несправядлівы суд – гэта таксама адна з нагод казаць пра палітычна матываваны пераслед. А ў справе Анджэя нават з моманту затрымання ўсё сведчыць, што гэта спроба пакараць яго за рэалізацыю свабоды выказвання. І, на жаль, гэты прысуд – чарговае пацверджанне, што мы не памыляліся, калі з самага пачатку затрымання ставілі пытанне аб прызнанні Анджэя палітвязнем.
І, безумоўна, гэта не мае ніякага дачынення да закона, да расследавання крымінальных спраў, да крымінальнага суда. Гэта проста расправа над няўгодным журналістам. І ў дачыненні да Анджэя патрабаванні ранейшыя – яго вызваленне і зняццё ўсіх абвінавачванняў, якія на яго з палітычных матываў навесілі.
Цалкам каментар Алега Агеева слухайце ў плэеры ніжэй:
Чытайце яшчэ:
Журналіста Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Тихановская о приговоре Почобуту: Это персональная месть Лукашенко
Польша введет новые санкции против белорусских чиновников из-за приговора журналисту Андрею Почобуту