• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі занепакоены будучыняй тэлеканалу

    11 сакавіка ліквідатар TVP S.A. (Польскае грамадскае тэлебачанне TVP з канца мінулага года знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі юрыдычнай асобы – заўвага «Белсату»). Даніэль Гаргош падчас асабістай сустрэчы прапанаваў дырэктарцы і заснавальніцы тэлеканалу «Белсат» Агнешцы Рамашэўскай-Гузы датэрмінова прыпыніць кантракт па ўзаемнай згодзе бакоў пасля 17 гадоў кіравання тэлеканалам.

    Былая дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы ў рэдакцыі. Варшава, Польшча. 8 лютага 2024 года.

    Заўвагаў да працы дырэктаркі не было, а рашэнне было абгрунтаванае новымі выклікамі ў сувязі са скарачэннем бюджэту тэлеканалу ў 2024 годзе (з запланаваных сёлета 75 млн злотых да 40 млн злотых). Пры гэтым ліквідатар TVP S.A. прапанаваў Агнешцы Рамашэўскай-Гузы вельмі выгадныя фінансавыя ўмовы датэрміновага скасавання кантракту.

    Дырэктарка «Белсату» адхіліла прапанову ліквідатара TVP S.A., матывуючы гэта адсутнасцю ўпэўненасці ў далейшым існаванні тэлеканалу. Паводле яе, скарачэнне бюджэту «Белсату» амаль на 47 % можа прывесці да звальнення большай часткі журналістаў і працаўнікоў тэлеканалу, што ў сваю чаргу адабʼецца на скарачэнні эфірнай сеткі і колькасці праграмаў. Усё гэта ставіць ставіць пад пытанне лёс тэлеканалу і яго далейшае існаванне.

    — У цяперашняй геапалітычнай сітуацыі «Белсат», несумненна, зʼяўляецца элементам польскай нацыянальнай стратэгіі. У дзвюх суседніх з намі краінах на ўсходзе пануе сапраўдны таталітарызм, а ў трэцяй ідзе поўнамаштабная вайна. Акрамя таго, Расея і Беларусь выдзяляюць непараўнальна большыя рэсурсы, чым тое, што прапаноўвалася для працы «Белсату», на гіганцкія кампаніі па дэзынфармацыі і прапагандысцкую машыну. Таму мы не можам дазволіць сабе маргіналізаваць найважнейшы медыйны праект, які як у Польшчы, так і за мяжой супрацьстаіць гэтым дзеянням і забяспечвае нам кантакт з паняволенымі грамадствамі постсавецкай прасторы. Ніякая сума, прапанаваная мне за разрыў кантракту, не кампенсуе мне шкоду, якую панясе Польшча, – пракаментавала сітуацыю дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

    Намеснік дырэктара тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі таксама выказаў занепакоенасць будучыняй «Белсату»:

    — Як адзін з тых, хто разам з Агнешкай Рамашэўскай-Гузы ствараў «Белсат» ад самага пачатку, я шчыра шкадую, што такая сітуацыя адбылася. Спадарыня Агнешка Рамашэўская-Гузы шмат гадоў паспяхова кіруе камандай, якая мае бясспрэчныя заслугі ва ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і ў барацьбе з прапагандай, – адзначыў Аляксей Дзікавіцкі.

    Падобнага меркавання прытрымліваецца і намесніца дырэктаркі Бэата Красіцкая :

    — Я стала сузаснавальніцай гэтага праекту 17 гадоў таму, бо памятаю, якое значэнне мела для палякаў Радыё Свабодная Еўропа ў часы Польскай Народнай Рэспублікі… «Белсат» стаў незвычайным медыя інстытутам з вялікімі магчымасцямі і аўдыторыяй. Цяпер, падчас вайны ва Украіне і рэпрэсіямі ў Беларусі, праца праекту яшчэ больш неабходная. І вельмі цяжка будзе працягваць працу пры скарочаным удвая бюджэце і без чалавека, які стварыў і паспяхова кіраваў тэлеканалам усе гэтыя гады.

    9 лютага ў адкрытым лісце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага каманда «Белсату» заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсату». Раней кіраўніцтва тэлеканалу некалькі разоў спрабавала звязацца з Міністэрствам замежных справаў і кіраўніцтвам Польскага грамадскага тэлебачання.

    – Мы пачыналі вяшчанне як беларускамоўнае спадарожнікавае тэлебачанне і за 17 гадоў выраслі ў адно з найбуйнейшых медыяў такога кшталту, якое вяшчае з тэрыторыі ЕЗ амаль на ўсю тэрыторыю былога СССР. Гэта таксама ваш – польскі – эфектыўны інструмент мяккай сілы; ваш поспех і справа нашага жыцця. Праца, за якую сёння 17 нашых калегаў расплачваюцца свабодай і здароўем, знаходзячыся ў беларускіх турмах – напісала каманда «Белсату».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці