«Нам трэба перастаць быць рускай інтэлігенцыяй» — Мацкевіч, Бабкоў, Севярынец пра інтэлектуальны клюб Алексіевіч
7 сьнежня ў Галерэі Tut.by першая запрошаная нобэлеўскай ляўрэаткай госьця — Вольга Седакова — прачытала лекцыю пра асаблівасьці стаўленьня да зла ў расейскай традыцыі. Прадстаўляючы расейскага паэта і філёзафа, Сьвятлана Алексіевіч найперш сказала, што «вельмі яе любіць».
«Заўжды хацелася знайсьці людзей, зь якімі можна было б не мітынгаваць, а глыбока прадумваць нейкія пытаньні, — патлумачыла Алексіевіч мэты свайго клюбу. — Трэба мець сьмеласьць і мужнасьць прызнаць, што мы гэтай трэніроўкі пазбаўленыя і што мы вельмі мала гэтым займаемся».
Сярод іншых заплянаваных выступоўцаў, па словах самой пісьменьніцы, — Дзяніс Драгунскі, палітыкі Ірына Хакамада і Рыгор Яўлінскі, рэжысэр Аляксандар Сакураў, лінгвіст Тацяна Чарнігоўская.
Радыё Свабода пацікавілася, які ўражаньні ад першага паседжаньня засталіся ў прысутных там філёзафаў Ігара Бабкова, Уладзімера Мацкевіча і ў пісьменьніцы і настаўніцы Ганны Севярынец.
Ігар Бабкоў называе Вольгу Седакову ці ня самай любімай сярод расейскіх творцаў. «Гэта чалавек, рэакцыі і ацэнкам якога верыш на 150 працэнтаў», — характарызуе філёзаф сваё стаўленьне да выступоўцы. Імпрэза пакінула ў яго пазытыўныя ўражаньні і добры настрой.
«Адзінае, што выклікала непаразуменьні ў зьнешніх гледачоў — гэта накладка двух фарматаў. З аднаго боку — сустрэча з сэлебрыці, якая прадугледжвае публічнасьць, запрашэньне мэдыяў. А з другога боку — вось гэты крок на заглыбленьне, пра які казала сама спадарыня Сьвятлана. Наколькі я разумею гэтую ідэю — гэта запрашэньне людзей, якія думаюць, у своеасаблівы тэатар думкі».
Ігар Бабкоў быў аўтарам самага папулярнага ў публікі пытаньня пра адрозьненьні паміж расейскім і беларускім разуменьнем зла, што выклікала аплядысмэнты ў залі.
«Я прапаноўваў, па сутнасьці, разгледзець беларускае і расейскае зло як дзьве альтэрнатыўныя мэтафізыкі, як два альтэрнатыўныя спосабы прысутнасьці ў сьвеце. Расейскае зло як імпэрска-нарцысісцкае самаасьляпленьне культуры, якая ў выніку гэтага асьляпленьня вельмі бачная, выходзіць на бачнае мейсца, але пры гэтым ня бачыць і ня цэніць найбліжэйшага — то бок сваіх суседзяў. А беларускае зло — гэта гатоўнасьць надзяваць маску і быць кім заўгодна — і палякамі, і ліцьвінамі, і жыхарамі Пскоўскай вобласьці.
Пры такой раскладцы дыялёг паміж інтэлектуаламі вельмі складаны: з аднаго боку маска, з другога — заплюшчаныя вочы.
Седакова крышачку аспрэчыла ацэнку расейскай культуры і сказала, што не ўва ўсіх (ёсьць гэтае самаасьляпленьне. — РС). І дадала: „А пра вас я нічога ня ведаю“. І гэтага мала — сказаць „я пра вас нічога ня ведаю“. Трэба працягваць.
Напрыклад, „нічога ня ведаю і разумею, як гэта ненатуральна. Разумею, што ёсьць фантастычна цікавы мэтафізычны паэт Алесь Разанаў, мой калега, мысьляр, які робіць тую ж працу. Але расейская оптыка так настроена, што Разанаў не прысутнічае ні ў маім унутраным сьвеце, ні ў сьвеце самой культуры. Мне гэтага шкада, і я хацела б зьмяніць гэтую парадыгму“. Я прыблізна такога чакаў ад Седаковай.
А ёсьць іншы варыянт — „я пра вас нічога ня ведаю і не хачу ведаць, таму што вы маленькія, глупыя, не перакладзеныя, у вас няма прэміі Дантэ“.
Бо проста сказаць „ня ведаю…“ — гэта няправільна, я думаю».
Пісьменьніца і настаўніца Ганна Севярынец адзначыла годную арганізацыю мерапрыемства. «Не хацелася выглядаць правінцыяй, у якую прывезьлі замежную зорку», — кажа яна. Але ёй асабіста не хапіла «тэматычных акцэнтаў і разнастайнасьці фактаў».
«Я аказалася не гатовая да такой вельмі агульнай размовы на ўзроўні архетыпаў, — працягвае Ганна. — Вельмі адчувалася, што ў рамках падзеі такога эўрапейскага масштабу, у рамках таго, што мы не правінцыя, а грамадзтва, якое мае ўласныя мэнтальныя патрэбы, дыскусійныя патрэбы, культурныя запыты, усё ж такі хацелася, каб дыскусія ішла ў тым сілавым полі, якое нас цікавіць».
На думку Ганны, больш значныя тэмы для нашага грамадзтва — гэта нацыянальны мэнталітэт, самарэалізацыя ў межах нацыянальнай культуры, досьвед іншых краін на гэтым шляху.
«Я б сказала так: бывае, чалавеку вельмі хочацца паесьці, а яму даюць торт, — тлумачыць Ганна Севярынец. — Торт — гэта крута, але спачатку хацелася б паесьці мяса. Паслухаць Седакову, пабачыць лябараторыю пошукаў сапраўднага інтэлектуала, гуманітарыя — гэта вельмі важна, каштоўная падзея. Але ўвесь час слухаць гэта — напэўна, гэта для нас раскоша».
Ганна Севярынец кажа, што з задавальненьнем паслухала б мысьляроў з краінаў, якія «самаідэнтыфікаваліся ня так даўно» — напрыклад, з Ірляндыі і Каталёніі, а зь беларусаў — Ігара Бабкова і Валянціна Акудовіча.
Філёзаф Уладзімер Мацкевіч кажа, што крытычна ставіцца да формы інтэлектуальнай камунікацыі і манеры, у якой была праведзеная сустрэча. Але адчувае павагу да запрошанай Вольгі Седаковай і да самой ініцыятывы Сьвятланы Алексіевіч.
«Шэраг тых імёнаў, зорак, мысьляроў, да якіх апэлюе Седакова і тыя, што яе рэпрэзэнтуюць, мне знаёмыя. Я хадзіў на тыя ж самыя лекцыі, вучыўся ў тых самых людзей — як толькі была магчымасьць, бегаў на лекцыі Сяргея Аверынцава, калі прыяжджаў Юры Лотман, хадзіў на лекцыі Лотмана. Што тычыцца Аляксандра Пяцігорскага, то я па сёньняшні дзень сябрую з тымі, хто заснаваў прэмію Пяцігорскага, і яны ўключылі мяне ў камісію па вылучэньні намінантаў на яе. Я сябрую і з групай пасьлядоўнікаў Пяцігорскага ў Латвіі, якая грунтоўна вывучае яго спадчыну, — кажа філёзаф.
— Я вырас з таго самага асяродзьдзя, што і Седакова. Але ж я вырас. І сёньня мы жывем зусім у іншым сьвеце, і перад намі стаяць іншыя праблемы. І трэба станавіцца больш сучаснымі».
Другі момант, на які Ўладзімер Мацкевіч зьвяртае ўвагу, — фэномэн рускай інтэлігенцыі і яе прысутнасьці ў Беларусі.
«Я не русафоб, большую частку сьвядомага жыцьця пражыў у Расеі, вучыўся ў расейскіх мысьляроў, інтэлектуалаў, філёзафаў. Але я вельмі не люблю рускую інтэлігенцыю як фэномэн», — кажа Мацкевіч. «Рускія інтэлігенты — гэта іншаземцы ў сваёй краіне. Нават досыць глыбокія іх разважаньні не адпавядаюць рэчаіснасьці — ані рэчаіснасьці глябальнага сьвету, ані рэчаіснасьці, якая існуе ў самой Расеі».
На думку Мацкевіча, расейская інтэлігенцыя адказная за ўсё тое зло, пра якое разважае сёньня сама Седакова.
«Без асэнсаваньня гэтай зьявы, без таго, каб крытычна ставіцца да гэтага фэномэну, мы ня можам вызваліць сябе ад гэтай неабходнасьці, — кажа Мацкевіч. — Бо значная частка інтэлігенцыі ў Беларусі — гэта расейская інтэлігенцыя. Ня ў тым сэнсе, што яна гаворыць па-расейску і чытае расейскіх аўтараў, арыентуецца на расейскіх зорак. Але яна і думае па-расейску, нават калі размаўляе па-беларуску. У гэтым сэнсе расейская інтэлігенцыя — парадыгмальны прыклад, узор для інтэлігенцыі ва ўсіх краінах, якія даганяюць, якія разьвіваюцца».
Уладзімер Мацкевіч кажа, што калі мы хочам пазбавіцца ад сваіх шматлікіх праблем, ад адмоўнай спадчыны, мы павінны адрэфлексаваць фэномэн рускай інтэлігенцыі, крытычна паставіцца да яго.
«І перастаць быць рускай інтэлігенцыяй, перастаць быць рускай і перастаць быць інтэлігенцыяй, — заключае ён. — Нам патрэбныя сучасныя эўрапейскія, сусьветныя інтэлектуалы. І яны ў Беларусі ёсьць».
Уладзімер Мацкевіч нагадвае пра існаваньне шматлікіх пляцовак для сустрэч зь беларускімі і эўрапейскімі інтэлектуаламі, якія дзейнічаюць цяпер у Менску. У тым ліку на базе Лятучага ўнівэрсытэту .
«Зараз Тацяна Шчытцова з дапамогай інстытуту Гётэ робіць сустрэчу зь нямецка-амэрыканскім культуролягам Гансам Гумбрэхтам, — прыводзіць прыклад Мацкевіч. — Сёньня ў Менску разнастайнае інтэлектуальнае жыцьцё. Тым, хто шукае інтэлектуальнага апірышча, стасункаў з сусьветнай інтэлектуальнай думкай, Менск ужо дае такія магчымасьці, і гэтым трэба карыстацца і радавацца гэтаму. У нас шмат чаго ёсьць і няма на што скардзіцца».