• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Нам не ўсё роўна”. “Gazeta Wyborcza” – не толькі газета

    Рэдакцыя самага буйнога ў Польшчы выдання – гэта яшчэ і ініцыятар уплывовых сацыяльных акцый і грамадзянскіх кампаній. Вынікам сацыяльнай працы “Gazety Wyborczej” стала вырашэнне грамадска значных праблем, новыя законы і паляпшэнне жыцця і здароўя грамадзян Польшчы ўвогуле. Ці магчыма ў Беларусі нешта падобнае?

    Вопытам уплыву газеты на грамадства не толькі словам, але і справай, 26 лютага ў Мінску падзялілася Ганна Калтуновіч – каардынатарка сацыяльных праектаў “Gaze­ty Wybor­czej”. Сустрэча адбылася ў межах “Прэс-клуба Беларусь” (партнёры мерапрыемства — MYMEDIA, БАЖ, “Медиакритика”).

    Сустрэчу ў Мінску Г. Калтуновіч пачала з расповеду пра самую вялікую і значную сацыяльную акцыю “Gaze­ty Wybor­czej” – “Нарадзіць па-людску” (Rodz­ić po Ludzku). 20 гадоў таму журналісты газеты звярнулі ўвагу на тое, што роды ў шпіталях Польшчы адбываюцца ў негуманных умовах. “На той час у рэдакцыі працавала шмат маладых сем’яў. І журналісты, апынуўшыся ў радзільных дамах, зразумелі, што сітуацыю трэба мяняць”, – кажа Ганна Калтуновіч. Зараз “Нарадзіць па-людску” – гэта распаўсюджаны па ўсёй краіне самастойны сацыяльны рух, які ставіць за мэту стварэнне годных умоваў для мамаў, татаў і нованароджаных дзяцей у медыцынскіх установах.

    Па словах Г. Калтуновіч, у межах гэтай акцыі амаль у кожны польскі раддом прыйшлі валанцёры – журналісты “Gaze­ty Wybor­czej”. Шпіталь, дзе журналісты заўважалі паляпшэнні (напрыклад, дазваляліся партнёрскія роды), атрымліваў дыплом ці шыльду, на якой было напісана “Тут можна радзіць па-людску”. “Калі я думаю пра тое, што мая газета спрычынілася да паляпшэння ўмоваў у шпіталях – гэта робіць мяне шчаслівай”, – кажа Ганна Калтуновіч.

    Адным з вынікаў гэтай шматгадовай акцыі стала прыняцце заканадаўчага акту, які, у прыватнасці, забараняе першыя дзве гадзіны пасля родаў забіраць дзіця ў маці (раней гэта было звычайнай практыкай). Як рэдакцыя дамаглася такіх вынікаў? У чым сакрэт поспеху кампаніі?

     “Ніхто не зарабляе, але ўсе нешта атрымліваюць”

    “Я вельмі заахвочваю вас шукаць саюзнікаў для вашых сацыяльных акцый. Шукайце людзей, якія думаюць гэтак жа, як вы”, – кажа Калтуновіч. У кампаніі “Нарадзіць па-людску” журналісты “Gaze­ty Wybor­czej” супрацоўнічалі з НДА, чыноўнікамі, лекарамі і акушэркамі, навукоўцамі і прадстаўнікамі партый, рэлігійнымі і міжнароднымі арганізацыямі, фондамі і лідарамі думак.

    Да нядаўняга часу гадавы бюджэт акцыі “Нарадзіць па-людску” складаў 300 тыс. злотых (каля 100 тыс. долараў). “Прынцып такі, што ніводны бок не павінен зарабіць, але кожны павінен штосьці атрымаць, – кажа Ганна Калтуновіч. – Газета атрымлівае добры імідж і прыбытак ад рэкламы; навукоўцы – PR і інфармацыйную падтрымку сваіх даследаванняў; бізнес – вобраз сацыяльна адказнай кампаніі; лідары думак пачынаюць быць папулярнымі асобамі і ўспрымацца як эксперты”.

    “Сацыяльна акцыя – патрэба нашага сэрца”

    Як знайсці праблему для такой сацыяльна-карыснай справы? Якая ідэя адгукнецца ў грамадстве і знойдзе падтрымку? Паводле Ганны Калтуновіч, паспяховыя акцыі “Gaze­ty Wybor­czej” нараджаліся проста з патрэбаў і праблем супрацоўнікаў газеты. “Мы, журналісты, і ёсць грамадства. Мы павінны давяраць сабе. Калі мы бачым нейкую праблему – значыць, праблема на самой справе існуе, – кажа спн. Калтуновіч. – Кампанія “Нарадзіць па-людску” паўстала з патрэбы сэрца. Мы не рыхтаваліся да яе доўга. Так сама мы падтрымлівалі Украіну і Тыбет, баранілі Белавежскую пушчу. Гэтыя акцыі ўзнікаюць таму, што мы сацыяльна чулыя і адказныя людзі”.

    “… гэта абсурд, і мы з ім змагаемся” 

    Яшчэ адзін прыклад сацыяльнай акцыі – кампанія “Школа 2.0”. Многія журналісты “Gaze­ty Wybor­czej” не знаходзілі агульнай мовы з дзецьмі. Каб зразумець прычыны, каля 20 супрацоўнікаў рэдакцыі “вярнуліся” ў школу і цэлы тыдзень рабілі ўсе заданні, якія задаюць іх дзецям. “Яны прыйшлі да высновы, што школа не прыстасавана да сучасных умоваў. Дзеці больш слухаюць тэхналогіі, чым настаўнікаў, а настаўнікі не маюць доступу да тэхналогій, – падкрэслівае Ганна Калтуновіч. – Усе службоўцы маюць камп’ютары на працы. А настаўнік не мае. Гэта абсурд, з якім мы змагаемся”. Зараз сацыяльную акцыю “Школа 2.0” рэалізуе профільнае НДА, а газета забяспечвае інфармацыйную падтрымку гэтай працы.

    Gaze­ta Wybor­cza” ініцыявала агульнапольскі рух “Польшча бегае”, – за здаровы лад жыцця. “Усё пачалося з таго, што самі журналісты пачалі бегаць”, – узгадвае Ганна Калтуновіч. А таксама акцыі “Дапамажы сваім бацькам”,  “Дзеці дадому” – акцыя ў падтрымку сіротаў і прыёмных дзяцей, кампаніі па інфармаванні грамадства пра праблему ўцекачоў і г.д. Гэтыя і іншыя акцыі штонумар рэкламуюцца на старонках газеты ў выглядзе банераў і інфармацыйных матэрыялаў.  

    “Што мы кажам чытачам, калі акцыя не атрымалася? Праўду”

    Такім чынам, рэдакцыя пастаянна выступае з ініцыятывамі і дзейнічае як актыўны грамадскі інстытут. “У нас ёсць спецыяльны аддзел, які займаецца аналізам ідэй для сацыяльных акцый. Але ў маёй газеце суцэльная дэмакратыя: каардынатарам можа стаць любы, хто сапраўды хоча гэта зрабіць і возьме справу ў свае рукі”, – адзначае Г. Калтуновіч.

    Па яе словах, не ўсе акцыі паспяховыя і дасягаюць пастаўленай мэты. “Поспех – гэта калі нешта змянілася да лепшага. Калі зменаў няма – акцыя не мае поспеху. Што мы кажам чытачам у гэтым выпадку? Праўду. Мы ніколі не абяцаем людзям больш за тое, што можам ім даць”. 

    Пазіцыя выдання і супрацоўнікаў не мяняецца ўжо шмат гадоў:  журналісты павінны адгукацца на праблемы людзей не толькі як прафесіяналы, але і як адказныя грамадзяне. Агульны лозунг усіх сацыяльных акцый “Gaze­ty Wybor­czej” – “Нам не ўсёроўна”.

    У Мінску Ганна Калтуновіч правяла лекцыю і майстар-клас, на якім прысутнічалі і журналісты і прадстаўнікі НДА. Удзельнікаў сустрэчы асабліва цікавілі пытанні прыцягнення зацікаўленых бакоў да падобных акцый. Былі названыя асноўныя перашкоды ў іх рэалізацыі – адасобленасць, канкурэнцыя і недахоп салідарнасці. Хаця сфераў, якія даўно вымагаюць паляпшэння, у Беларусі хапае. І, магчыма, рэдакцыі яшчэ скажуць сваё слова ў гэтай справе.

    Галоўнае – каб, як кажуць польскія калегі, нам было “не ўсё роўна”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці