Наладзіць стасункі з палешукамі. Заходняя Беларусь і дзейнасць КАП на старонках польскага вайсковага часопіса “Вярус”
Часопіс “Вярус” быў адным з найбольш папулярных выданняў у Другой Рэчы Паспалітай. У ім друкавалася шмат матэрыялаў, якія мелі дачыненне да падзей ў Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах у міжваенны час.
Галоўнае — абарона
У 1930‑я гады Корпус аховы памежжа (КАП) адыгрываў важную ролю ў грамадскім і палітычным жыцці ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. Таму гэтаму вайскова-паліцыйнаму фармаванню надавалася шмат увагі ў тагачасных польскіх перыядычных выданнях. Адным з найбольш папулярных часопісаў вайсковай накіраванасці быў “Вярус”. Значная яго частка была прысвечана асвятленню жыцця і дзейнасці Войска Польскага, але ў кожным нумары быў асобны раздзел, прысвечаны Корпусу аховы памежжа. У выданні публікаваліся факты з жыцця і дзейнасці асобных падраздзяленняў корпуса, даваліся парады наконт узаемадзеяння з мясцовым насельніцтвам, а таксама звярталася ўвага на адметнасці ўсходніх ускраін.
Так, у № 25 часопіса за чэрвень 1933 года быў апублікаваны вялікі артыкул “Стражніца ў абароне”, у якім даваліся парады наконт таго, як памежнікам эфектыўна супрацьстаяць ворагу ў выпадку нападу на заставу.
“Кожнаму жаўнеру на стражніцы трэба ўбіць у галаву, што ў выпадку дыверсіі ці ўзброенага нападу на стражніцу першыя некалькі гадзін яе гарнізон будзе вымушаны змагацца самастойна, кожны жаўнер павінен дзейнічаць індывідуальна і ведаць сваё месца падчас боя. […] Камандзір стражніцы павінен увесь час быць гатовы да розных нечаканасцяў. […] Адразу пасля прыбыцця на стражніцу навабранцаў камандзір павінен вызначыць кожнаму месца, якое той зойме ў выпадку баявых дзеянняў”, — адзначалася ў артыкуле.
Гэтая інфармацыя будзе вельмі карыснай праз шэсць год, калі 17 верасня 1939 года савецкія памежнікі пяройдуць мяжу і атакуюць польскіх калег. Дарэчы, на момант Вераснёўскай кампаніі на большасці польскіх застаў будуць як раз навабранцы з ліку мясцовага насельніцтва, якіх мабілізуюць незадоўга да пачатку Другой Сусветнай вайны.
Акрамя гэтага, у часопісе друкавалася інфармацыя пра дзейнасць спартовага клубу батальёна КАП “Давыд-Гарадок”, падафіцэрскага клуба палка “Вілейка”, культурна-асветніцкага гуртку падафіцэраў у Глыбокім і іншых арганізацый.
У № 38 “Вяруса” за 1937 год быў надрукаваны вялікі артыкул, прысвечаны працы жаўнераў і афіцэраў КАП з мясцовым насельніцтвам. “Культурна-асветніцкая дзейнасць мае вялікае значэнне, асабліва ў нашых усходніх ваяводствах, таму афіцэрам і падафіцэрам КАП трэба імкнуцца ўдзяляць гэтай праблематыцы шмат увагі”, — падкрэслівалася ў матэрыяле.
Дзяліцца досведам земляробства з палешукамі
У іншым нумары “Вяруса” за той жа 1937 год можна было прачытаць матэрыял, прысвечаны ўплыву падафіцэраў КАП на развіццё сельскагаспадарчай культуры ва ўсходніх ваяводствах. “Мясцовага селяніна нават старанна падрыхтаваная лекцыя не пераканае. Каб пераканаць палешука, трэба яму паказаць вынікі апрацоўкі зямлі. Толькі тады ён паверыць і пажадае навучыцца новым тэхналогіям. […] Асабліва гэта тычыцца памежных вёсак, дзе культура апрацоўкі зямлі не вельмі высокая. Між тым, шмат хто з падафіцэраў КАП, якія служаць у стражніцах побач, да службы былі паспяховымі землеўласнікамі. Яны апрацавалі зямельныя надзелы побач са стражніцамі і зрабілі з іх прыгожыя агароды. Мясцовыя сяляне пачалі звяртацца да камандзіраў стражніц па насенне і за парадамі. […] Нажаль, такая палітыка праводзіцца не паўсюль, таму камандзірам стражніц варта звяртаць больш увагі на гэтую праблему”, — гаварылася ў публікацыі.
Паважаць мясцовае насельніцтва
Выданне шмат пісала пра працэсы навучання жаўнераў КАП. У публікацях адзначалася, што польскія памежнікі павінны пастаянна імкнуцца атрымліваць новыя веды. І памочнікам у гэтым для “капістаў” на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў павінны былі стаць мясцовыя настаўнікі сярэдніх школ: “Настаўнік можа даць неабходныя тэарытычныя веды, асабліва жаўнерам з крэсаў, а таксама дапамагчы ў падборы неабходных падручнікаў і навуковай літаратуры ў школьнай бібліятэцы”.
У шматлікіх артыкулах аўтары часопісу “Вярус” адзначалі неабходнасць ветлівага і паважлівага стаўлення жаўнераў і падафіцэраў корпусу да мясцовых жыхароў, беларусаў, габрэяў, украінцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў.
У адным з артыкулаў можна было прачытаць наступнае: “Прычынай усіх непаразуменняў паміж стражніцай і мясцовымі жыхарамі з’яўляецца нетактоўныя паводзіны капістаў да сялян. Часцей за ўсё да гэтага прыводзіць жаданне жаўнера КАП пахваліцца сваёй культурай і ўзроўнем жыцця. Як толькі такі Ясь пачне размаўляць з мясцовымі, адразу пачынае распавядаць, як людзі жывуць у яго частцы Польшчы, як яны апрануты, якія ў іх дамы, зямля. Пасля гэтага жаўнер пачынае высмейваць узровень мясцовых жыхароў. І гэта моцна крыўдзіць селяніна. Бо ён ёсць такім жа грамадзянінам, як і гэтыя “панове” з іншых ваяводстваў. Плаціць падаткі, служыць у войску, працуе ў поце, а жыццё яго горшае за тое, што маюць гэтыя жаўнеры. […] Калі на стражніцы знойдзецца некалькі такіх балбатуноў, то гэта вялікая праблема для яе камандзіра, бо яны цалкам адштурхнуць мясцовых ад капістаў. Жаўнер з унутранай Польшчы не павінен здзеквацца з мясцовага насельніцтва. Калі ён, напрыклад, убачыць, як дзяўчыны разкідваюць па полі гной рукамі (часта здараецца ў Палессі), то не павінен смяяцца з іх, а мусіць навучыць карыстацца віламі. […] Жаўнеры стражніцы павінны разумець, што мясцовы селянін — такі ж польскі грамадзянін, як і яны і таму яго трэба шанаваць”.
Сапраўды, з‑за пагардлівага стаўлення польскіх вайсковых і цывільных улад да жыхароў Заходняй Беларусі ў міжваеннае дваццацігоддзе ў шматлікіх беларусаў, украінцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў сфарміравалася крыўда на Варшаву і “панскую ўладу”. У верасні 1939 года некаторыя з гэтых людзей пра яе забудуць і пайдуць ваяваць з вермахтам у шэрагах Войска Польскага. Іншыя, наадварот, апрануць чырвоныя павязкі і стануць паляваць на ўчорашніх “гаспадароў жыцця”.
Жаўнерскія магілы, Нарач і чароўнае Палессе
Асобная група матэрыялаў, якая друкавалася ў часопісе “Вярус”, была прысвечана прыродным, культурным і гістарычным асаблівасцям усходніх ваяводстваў.
Так, у аднім з нумароў выдання за 1936 года быў надрукаваны артыкул, прысвечаны гісторыі старых пахаванняў. Размова ішла не толькі пра могілкі Першай Сусветнай вайны, але і пра больш старажытныя магілы. ”З даўніх часоў усходнія землі былі арэнай шматлікіх войнаў. Тут змагаліся з татарамі, туркамі, казакамі Хмяльніцкага, шведамі, маскалямі. Менавіта тут падчас Сусветнай вайны разыграліся крывапралітныя бітвы паміж немцамі і рускімі. […] Ад тых пахаванняў сёння ў большасці засталіся толькі курганы. […] Нядаўна ў Круговіцкай гміне Лунінецкага павету адбылося здарэнне. Падчас перабудовы дарогі Агарэвічы-Шашкі павятовы геадэзіст у лесе ўбачыў 30 курганаў. Пан Стахурскі вырашыў раскапаць адзін з іх. У выніку былі знойдзены некалькі чарапоў, косці, а таксама сякера, металічныя часткі лука і стрэл. Усё гэта было адпраўлена ў распараджэнне староства. І гэта не адзіны выпадак. Да камандзіраў стражніц часта звяртаюцца мясцовыя сяляне і інфармуюць, што падчас сельскагаспадарчых прац знайшлі нейкія косці, часткі зброі, манеты і іншыя рэчы”, — адзначалася ў адным з артыкулаў. Варта падкрэсліць, што ў міжваеннае дваццацігоддзе польскія ўлады з дапамогай Германскага хаўрусу па догляду за ваеннымі пахаваннямі аднавілі на тэрыторыі Заходняй Беларусі значную колькасць вайсковых могілак часоў Першай Сусветнай вайны. Актыўны ўдзел у гэтым бралі і жаўнеры Корпуса аховы памежжа.
Шматкроць аўтары “Вяруса” з захапленнем пісалі пра заходнебеларускую прыроду.
“5 чэрвеня (1937 г. — аўтар.) была ўрачыста адкрытая новая галіна вузкакалейнай чыгункі Кабыльнік-Нарач, пабудаваная пры дапамозе Міністэрства камунікацыі і Таварыства развіцця ўсходніх зямель. […] Нарач — наша ўнутранае мора, рай для спартсменаў, турыстаў і яхтсменаў. […] Сустракаем мясцовага рыбака, які нам на беларускай мове распавядае: “У 1916 годзе вясной рускія пачалі артылерыйскі абстрэл. Затым яны пайшлі наперад і ўсталі на другой нямецкай лініі. Немцы пайшлі ў контрнаступ і напрацягу чатырох дзён адбілі ўсё, што маскалі з такой цяжкасцю здабылі. Тут паўсюль былі жаўнерскія магілы” […] Сапраўды, тут шмат магіл жаўнераў, якія паходзілі з берагоў Рэйна і Камчаткі”, — адзначалася ў адной з публікацый часопіса.
Шмат увагі надавалася і Палессю. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо ў міжваенны час палескі рэгіён прыцягваў увагу жыхароў этнічна польскіх тэрыторый як выдатнае месца для турызму. “Уражанні, атрыманныя ад падарожжа па палескай рацэ, застануцца з намі на ўсё жыццё. Гэтыя два дні, праведзеныя на прыродзе, поўныя паляўнічых і рыбацкіх эмоцый, можна лічыць аднымі з лепшых падчас нашага летняга адпачынку. І зноў цэлы год мы будзем сумаваць па гэтай дзівоснай і ціхай палескай краіне”, — пісаў аўтар артыкула “На водах Палесся”, апублікаванага ў часопісе “Вярус” у верасні 1937 г.
Падсумоўваючы дваццацігадовую дзейнасць КАП на ўсходняй мяжы, аўтары перыядычнага выдання ў лістападзе 1938 года адзначалі: “КАП адбудоўваў дарогі і масты. […] Значнай заслугай корпуса з’яўляецца адукацыйная дзейнасць корпусу сярод жыхароў памежжа. Жаўнерскія бібліятэкі КАП размешчаны паўсюль.[…] Корпус арганізоўвае бясплатнае харчаванне для мясцовага насельніцтва. Там, дзе знаходзіцца хоць нейкая частка КАП, арганізуюцца абеды для мясцовых школ і сялян.
Большасць матэрялаў, якія друкаваліся ў “Вярусе” непасрэдна перад пачаткам Другой Сусветнай вайны, мелі патрыятычна-прапагандысцкі характар.
Аўтары інфармавалі пра збор сродкаў для абарончых фондаў, набыццё зброі для частак Войска Польскага і КАП, пра мабілізацыйныя мерапрыемствы. У верасні 1939 года Германія напала на Польшчу, і было ўжо не да выдання часопісаў і газет. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР бібліятэкі стражніц КАП знішчаліся, а кнігі, часопісы і газеты, якія знаходзіліся там, выкідваліся на сметнік. Аднак, нягледячы на ваеннае ліхалецце, некаторыя з тых артэфактаў дайшлі да нашых дзён і сёння з’яўляюцца цікавымі крыніцамі па гісторыі Беларусі 1930‑х гадоў.