Заява Камісіі па этыцы: Парушаны прынцып паважлівага стаўлення да асобы
Камісія па этыцы ГА «БАЖ» 24 ліпеня разгледзела калектыўную скаргу ад беларускіх журналістаў датычна выказванняў супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі Яўгена Перліна і Генадзя Давыдзькі пра Канчыту Вурст, якая сёлета на музычным конкурсе «Еўрабачанне» прадстаўляў Аўстрыю.
«Мы павінны былі рэагаваць на гэтую скаргу, тым больш калектыўную – зварот падпісалі 13 чалавек. Тым больш, Палажэнне камісіі па этыцы ГА «БАЖ» дазваляе рэагаваць на тое, што тычыцца не толькі сябраў нашай арганізацыі», – паведаміў у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» старшыня Камісіі па этыцы Анатоль Гуляеў.
– Мы разгледзелі каментары, на якія скардзіліся заяўнікі, на адпаведнасць Кодэксам журналісцкай этыкі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», ГА «Беларускі саюз журналістаў», а таксама Міжнароднай федэрацыі журналістаў і прыйшлі да высновы, што парушэнне прафесійнай этыкі ёсць. Па выніках разгляду скаргі мы прынялі заяву, а не пастанову, менавіта таму, што размова ідзе не пра сябраў ГА «БАЖ», – кажа Анатоль Гуляеў.
ЗАЯВА
Камісіі па этыцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ад 24 ліпеня 2014 года
У Камісію па этыцы грамадскага аб’яднання ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» паступіў калектыўны зварот супольнасці «Журналісты за талерантнасць».
У ім звяртаецца ўвага на каментар журналіста Яўгена Перліна адносна адкрытага гея Томаса Нойвірта, які сёлета на «Еўрабачанні» прадстаўляў Аўстрыю ў сцэнічным вобразе жанчыны з барадой пад псеўданімам Канчыта Вурст.
А таксама на ягонае ж інтэрв’ю газеце «Комсомольская правда» в Белоруссии», у якім Яўген Перлін ужыў наступныя фразы: «Интересно, как родители объяснят своим детям, почему на сцене стоит женщина с бородой?» А таксама: «Ну и чудо отправили австрийцы на конкурс!»
Пазней у інтэрв’ю той жа «Комсомольской правде» в Белоруссии» Перлін адзначыў: «Мне за эти сутки уже сотни раз рассказали, как нужно комментировать такой конкурс. А я, знаете, не собираюсь к этому прислушиваться… Я говорил то, что думаю… Мне кажется, что в стране, где преобладают традиционные семейные ценности, я отобразил мнение большинства».
У заяве звяртаецца ўвага таксама на словы старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі ў праграме «Клуб рэдактараў» ад 17 мая бягучага года зноў жа адносна канкурсанткі з Аўстрыі: «Я считаю, что это все-таки болезнь… Это заболевание, скорее всего – потеря половой идентичности. Больному надо посочувствовать, носить ему в больницу апельсины, не молиться на него как на икону». «Это просто исчадие ада (про Кончиту Вурст). И это не оскорбление, это классификация». «Кого посылать (на «Евровидение») в следующем году – обезьяну, скрещенную с носорогом?»
Заяўнікі лічаць, што сваімі выказваннямі супрацоўнікі дзяржаўнай кампаніі Перлін і Давыдзька не толькі нанеслі іміджавы ўрон Беларусі, але і парушылі нацыянальнае і міжнароднае заканадаўства.
Заяўнікі таксама лічаць, што выказванні Перліна і Давыдзькі супярэчаць нормам Кодэкса журналісцкай этыкі ГА «БАЖ», сярод якіх: «Перадузятасць у каментары з’яўляецца парушэннем прынцыпаў журналісцкай этыкі», «Выкладаючы факты, каментуючы іх і ўступаючы ў палеміку па тых ці іншых пытаннях, журналіст абавязаны прытрымлівацца этыкі і культуры дыялогу, выказваць павагу да чалавека, з якім палемізуе».
Камісія па этыцы адзначае, што прыведзеныя вышэй словы мелі месца ў каментарах Яўгена Перліна і Генадзя Давыдзькі, якія не з’яўляюцца сябрамі ГА “БАЖ”.
Камісія таксама лічыць, што конкурс «Еўрабачанне», як у гэтым, так і ў папярэднія гады не меў на мэце выявіць глядацкія сімпатыі да сексуальнай арыентацыі ягоных удзельнікаў. А прафесійнае журы конкурсу не ацэньвала выступы канкурсантаў паводле названага крытэру.
Таму выказванні наконт сексуальных арыентацый не бачацца камісіі мэтазгоднымі ў кантэксце размовы пра папулярнае музычнае свята. Хаця словы спадара Перліна наконт «жанчыны з барадой» і «чуда» выказваюць толькі думку аўтара наконт сцэнічнага выгляду, на што журналіст мае права. Таму і лічыць іх знявагай наўрад ці варта.
Затое цалкам неадпаведнымі мэтам «Еўрабачання» і прафесійным задачам журналістаў, што меліся асвятляць падзею, з’яўляюцца каментары старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі. Ён не мае хоць якой медыцынскай кваліфікацыі, каб цвердзіць, што гомасексуалізм, заканадаўча не забаронены ў Беларусі, з’яўляецца хваробай.
Нічым не абгрунтаваныя і здагадкі спадара Давыдзькі адносна таго, што гэта «скорее всего – потеря половой идентичности». Бо змена сексуальнай арыентацыі аніякім чынам не вядзе да страты палавай ідэнтычнасці, а толькі змяняе яе.
Словы Давыдзькі «Это просто исчадие ада» адносна Томаса Найвірта ўтрымліваюць пагардлівае і абразлівае стаўленне да яго асобы.
Камісія звяртае ўвагу на тое, што Дэкларацыя прынцыпаў паводзінаў журналістаў, прынятая на II кангрэсе Міжнароднай федэрацыі журналістаў, у артыкуле 7 патрабуе: «Журналіст павінен разумець небяспеку, якую ўтрымлівае заклік да дыскрымінацыі, што распаўсюджваецца праз СМІ, і павінен зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць нават міжвольнага стымулявання дыскрымінацыі на падставе расы, полу, сексуальнай арыентацыі, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых поглядаў, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання».
Таксама этычны Кодэкс ГА «Беларускі саюз журналістаў» у артыкуле 8 кваліфікуе як парушэнне гонару і годнасці асобы «…калі журналіст дэманструе ў невыгодным святле грамадзяніна альбо катэгорыю грамадзянаў у сувязі з іхнім полам, узростам, расавай ці нацыянальнай прыналежнасцю, мовай, прафесіяй, месцам жыхарства, адносінамі да рэлігіі».
Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі ГА «Беларускай асацыяцыі журналістаў» заклікае не дапускаць дыскрымінацыі паводле расавай прыналежнасці, нацыянальнасці, спавяданай рэлігіі, полу, сексуальнай арыентацыі, палітычных і іншых поглядаў і г. д.
Гэткім чынам Камісія па этыцы ГА «БАЖ» лічыць, што старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька парушыў прынцып неперадузятасці і паважлівага стаўлення да асобы. Камісія лічыць таксама неабходным звярнуць увагу на тое, што абмеркаванне ў медыя праблемы нетрадыцыйных сексуальных арыентацый як з’явы, што не знаходзіцца ў Беларусі па-за законам, вымагае ўдзелу ў ім спецыялістаў гэтак жа сама як і ншых зацікаўленых асобаў з мэтай пазбегнуць аднабаковага і выключна негатыўнага стаўлення да гэтай праблемы.
Камісія па этыцы ГА “БАЖ”
24.07.2014