У Таліне прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі-палітвязнямі
На пачатку лістапада прадстаўнікі Global Affairs Canada (Міністэрства замежных адносін Канады) і Journalists for human rights («Журналісты за правы чалавека») разам з беларускімі незалежнымі журналістамі ў выгнанні сабраліся перад МЗС Эстоніі, каб яшчэ раз нагадаць свету пра зняволеных журналістаў, якія сядзяць у турмах Беларусі.
Сёння ў беларускіх турмах па палітычных прысудах сядзяць 36 супрацоўнікаў медыя. Рэпрэсіі ўнутры краіны нарастаюць з набліжэннем так званых «прэзідэнцкіх выбараў». Беларуская асацыяцыя журналістаў працягвае Марафон салідарнасці каб свет не забываўся: журналісты — не злачынцы!
Гэтым разам акцыя ладзілася каля Міністэрства замежных спраў Эстоніі. З партрэтамі палітзняволеных медыйшчыкаў выйшлі прэзідэнтка найбуйнейшай міжнароднай арганізацыі Канады па развіцці СМІ Journalists for human rights Рэйчал Пулфер, дырэктарка еўрапейскіх праграм JHR Джанін Дэ Врыс, дырэктар вядучай канадскай платформы маніторынгу і выкрыцця дэзінфармацыі за мяжой DisinfoWatch Маркус Колга і іх канадскія каляжанкі. Побач з замежнікамі выказалі сваю салідарнасць з калегамі, якія зараз знаходзяцца за кратамі, беларускія незалежныя журналісты ў выгнанні і прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі Віталь Малчанаў.
Да Марафону салідарнасці, які ладзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў, таксама далучыліся прадстаўнікі адзінай штотыднёвай рускамоўнай газеты ў Эстоніі «Северное побережье». Папяровае выданне выходзіць ва ўедзе Іда-Вірумаа, што месціцца на паўночным усходзе краіны. У гэтым рэгіёне пражывае каля 130 тысяч чалавек — практычна 10 адсоткаў насельніцтва Эстоніі.
Галоўны рэдактар газеты Эрык Гамзееў і выканаўчы рэдактар Эрык Калда падкрэсліваюць: недапушчальна, калі ў нашыя дні журналісты трапляюць за краты толькі з‑за таго, што добрасумленна выконвалі свае прафесійныя абавязкі.
Эстонія стала 25‑й краінай, якая падтрымала беларускіх журналістаў у няволі.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.