• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Швецыі ў межах «Рэха жаночых галасоў» прагучалі словы Ірыны Леўшынай

    На пачатку сакавіка ў арт-музеі шведскага Мальмё ў межах акцыі «Рэха жаночых галасоў» узгадалі і палітзняволеных журналістак Беларусі. Пры садзейнічанні Беларускай асацыяцыі журналістаў ПЭН-клуб горада распавёў пра дзевяць медыйшчыц, якія зараз знаходзяцца за кратамі, а таксама  агучыў цытаты з апошняга слова ў судзе галоўнай рэдактаркі агенцтва БелаПАН Ірыны Леўшынай.

    Рэха жаночых галасоў палітзняволеныя жанчыны

    Удзельнікі акцыі «Рэха жаночых галасоў» пішуць на вокнах тэксты палітзняволеных жанчын. Фота з архіва (Mar­gare­ta Fly­gt)

    Акцыю ў падтрымку зняволеных жанчын «Рэха жаночых галасоў» правялі некалькі арганізацыяў: PEN Malmö, «Феміністкі за Джыну» (іранская група), ABF (арганізацыя адукацыі дарослых у Швецыі).

    Імпрэза пачалася з таго, што наведвальнікі пісалі на вокнах музея тэксты, якія сугучныя з пачуццямі зняволеных жанчын свету. Сярод трыдцаці ўрыўкаў, выбраных арганізатарамі, сустракаліся і беларускія. У вокнах можна было пабачыць, напрыклад, словы нашай паэткі Юліі Цімафеевай.

    — Былі і яшчэ тэксты з Беларусі, але яны ананімныя, бо на радзіме гэтых аўтараў такая абстаноўка, што некаторым  дужа небяспечна называць свае імёны, — падкрэсліла прадстаўніца ПЭН-клуба Мальмё Маргарэта Флігт .

    Пра акцыю «Рэха жаночых галасоў» шмат пісалі ў прэсе Мальмё

    Падчас арт-канцэрту, што таксама адбыўся ў арт-музеі, Маргарэта Флігт зачытала кавалак з апошняга слова ў судзе галоўнай рэдактаркі агенцтва БелаПАН Ірыны Леўшынай. Журналістка-фрылансерка са Швецыі Оса Олсан, якая прыклала многа намаганняў для развіцця кантактаў паміж беларускімі і шведскімі рэпарцёрамі, распавяла пра палітзняволеных каляжанак з Беларусі.

    — Мы рабілі падобныя акцыі і раней, асабліва для іранскіх пратэстоўцаў у 2022 годзе, — распавяла БАЖ Маргарэта Флігт. — Рэакцыя была вельмі станоўчай. Людзей зацікавіла і кранула пачутае і пабачанае: многія амаль нічога не ведаюць пра Беларусь, а зараз вельмі лёгка забыць пра беларускую трагедыю, калі ў свеце адбываюцца ўсё новыя катастрофы. Гэта быў харошы напамін пра вашую краіну.

    БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseThe­Jour­nal­ist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media .

    #СвабодуЖурналістам
    #BecauseThe­Jour­nal­ist

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці