У Хельсінкі ўскрылі скрыні з паштоўкамі для беларускіх журналістаў-палітвязняў
Пасланні фінаў зняволеным журналістам перакладуць на беларускую ці рускую мовы і перададуць адрасатам або іх блізкім.
1 лістапада 2024 года ў Хельсінкскім музеі медыяў Merkki ўскрылі скрыні з паштоўкамі для беларускіх журналістаў у няволі.
Паштоўкі пачалі збіраць 8 жніўня. У гэты дзень адбылася акцыя салідарнасці, падчас якой сцяну са скрынямі для лістоў зняволеным журналістам прэзентавалі прадстаўнікі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» і Саюза журналістаў Фінляндыі, старшыня камітэту па замежных справах парламенту Фінляндыі, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў.
— Для Фінляндыі з’яўляецца нонсэнсам, што за кратамі могуць знаходзіцца палітычныя вязні, а тым больш прадстаўнікі прэсы. Таму ў самым цэнтры Хельсінкі ў Музеі медыяў паўстала такая сцяна з паштовымі скрынямі для дзясяткаў беларускіх журналістаў за кратамі, каб кожны наведнік музея мог даведацца пра сітуацыю са свабодай медыяў у Беларусі і адправіць лісты і паштоўкі беларусам і беларускам за кратамі, — расказвала летам сябра праўлення «Рэпарцёраў без межаў – Фінляндыя» Інгрыд Сванфельд.
1 лістапада скрыні з пасланнямі да зняволеных журналістаў ускрылі.
— Гэтыя паштоўкі прызначаюцца для беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі. Паштовак было шмат — больш за сотню. Насамрэч нас здзівіла такая колькасць паштовак для беларускіх журналістаў-палітвязняў, хаця і не лічылі канкрэтна, — кажа Кірыла Кірылаў, грамадзянін Беларусі, які з 2008 года жыве ў Фінляндыі.
Фінска- і англамоўныя паштоўкі арганізатары перакладуць на беларускую ці рускую мовы і перададуць іх адрасатам:
— Далей арганізатары звяжуцца з роднымі і блізкімі палітвязняў ці з журналістамі, якія ўжо выйшлі на волю, каб перадаць паштоўкі непасрэдна ў рукі. Адпраўляць іх за краты не мае сэнсу: яны ўсё роўна не дойдуць да адрасатаў, — адзначае Кірыла Кірылаў.
— Мне здаецца, акцыя салідарнасці аказалася эфектыўнай, — мяркуе Кірыла Кірылаў. — Але патрэбна больш інфармацыі: для многіх сітуацыя з беларускімі палітвязнямі стала навіной. На жаль, пра Беларусь кажуць усё менш і менш, пра беларускую сітуацыю інфармацыі ўсё менш і менш, але чым больш інфармацыі з’явіцца ў публічнай прасторы пра гэтую акцыю і іншыя, тым мацнейшай акажацца зваротная рэакцыя.
Выстава-акцыя працягвае працу ў музеі:
— Пакуль яна будзе цікавая людзям, датуль будзе працаваць, — падкрэсліў Кірыла Кірылаў.