• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прэмія імя Дзмітрыя Завадскага-2006 / Мінск, 11.09.2006 г.

    Ў Мінску адбылося ўрачыстае ўручэнне беларускім журналістам прэміі "За мужнасць і прафесіяналізм" імя Дз. Завадскага, заснаванай калегамі Дзмітрыя - Першым расійскім тэлеканалам пры ўдзеле ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

     

    Сёлетнімі лаўрэатамі сталі фатограф Юлія Дарашкевіч, галоўны рэдактар газеты «Наша Ніва» Андрэй Дынько і карэспандэнт газеты «Комсомольская правда в Белоруссии» Алег Улевіч.

    Узнагароды ўручалі традыцыйна Павел Шарамет, кіраўнік аддзелу спецпраектаў «Першага канала», і ўпершыню Святлана Завадская, ад імя Фонда дапамогі беларускім журналістам, створанага сям’ёй трагічна зніклага журналіста, сёлета фонд далучыўся да ўганаравання лаўрэатаў.

    Гэта сумная цырымонія ў памяць нашага калегі, набывае тым не менш ўрачыстасць, бо кожны год мы стараемся ўзнагароджваць журналістаў, што працуюць у Беларусі і сапраўды вылучаюцца прафесіяналізмам і мужнасцю, — адзначыў на адкрыцці Павел Шарамет. — Выбар лаўрэатаў не з’яўляецца кулуарным, гэта быў сапраўды складаны працэс абмеркавання кандыдатур — спачатку на праўленні БАЖа, потым на пасяджэнні Савета дырэктараў Першага тэлеканала. Святлана Завадская падзякавала лаўрэатам за працу і адзначыла, што Фонд імя Завадскага, які яна прадстаўляе, і надалей будзе імкнуцца падтрымліваць незалежных журналістаў, што працуюць у складаных беларускіх умовах.
    Першай па праву атрымала ўзнагароду Юлія Дарашкевіч, фатограф газеты «Наша Ніва». Смелая і нават адчайная на працы Юля ў гэты ўрачысты момант ўсё ж такі хвалявалася: «Лічу, што гэта прэмія не толькі мне, але і тым людзям — героям маіх фотаздымкаў, дзякуй ім за гэта.»

    У складаных умовах працы газета «Наша Ніва» не страціла актуальнасці, прынцыповасці і якасці. «Наша Ніва» многа зрабіла для развіцця нацыянальнага самавызначэння беларусаў, — адзначыў Павел Шарамет, ўручаючы ўзнагароду Андрэю Дынько, галоўнаму рэдактару газеты. Падзякаваўшы расійскім журналістам за прафесійную салідарнасць, Андрэй выказаў спадзяванне, што «гэта прэмія — тыя першыя цаглінкі, закладзеныя ў падмурак добрых адносінаў паміж свабоднай Расіяй і будучай вольнай Беларуссю».

    «Рэпарцёрам Расіі і Беларусі, выконваючы сваю працу, даводзіцца сутыкацца з сур’ёзнымі выпрабаваннямі, рызыкаваць здароўем і свабодай», — гэтымі словамі Канстанціна Эрнста з віншавальнага ліста прывітаў Павел Шарамет трэцяга лаўрэата прэміі Алега Улевіча, тут ён трапна пажартаваў, выказваючы здзіўленне: «На што намякае кіраўнік тэлеканала?», і пажадаў Алегу і ў будучым пераадольваць цяжкасці, выконваючы доўг журналіста: «Прэмія імя Дзмітрыя Завадскага — пацвярджэнне чэснай рэпутацыі і прызнанне Вашага высокага прафесіяналізма.»

    Павел Шарамет адзначыў, што з кожным годам больш складана выбіраць лаўрэатаў, бо колькасць незалежных медыяў у Беларусі з’мяншаецца. «Але, з другога боку, на фоне працы супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, яшчэ больш яскрава вылучаюцца журналісты, які імкнуцца аб’ектыўна асвятляць падзеі, калі нават кожнае слова праўды патрабуе большай мужнасці», — дадаў ён.

    Сёлетніх лаўрэатаў прэміі імя Дз.Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм» таксама прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі дыпламатычных місій ў Беларусі, сям’я Дзмітрыя Завадскага і шматлікія калегі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці