Пастанова Камісіі па этыцы: у публікацыі “Народнай волі” не было парушэнняў
12 снежня адбылося апошняе ў 2013 годзе пасяджэнне Камісіі па этыцы ГА “БАЖ”.
ПАСТАНОВА
Камісіі па этыцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ад 12 снежня 2013 года.
Камісія па этыцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у складзе Анатоля Гуляева, Марыны Загорскай, Валерыя Карбалевіча, Змітра Падбярэзскага, Любові Лунёвай разгледзела на сваім пасяджэнні заяву чальцоў ініцыятыўнай групы (ІГ) «Полісексуальная Беларусь» Алексы Кліменкі і Сержука Смірнова.
Сутнасць звароту, паводле заявы, палягае ў тым, што ў матэрыяле «Выключыць аўтаматычна», надрукаваным на першай паласе газеты «Народная воля» ад 29.10.2013 года за подпісам Ігара Марозава, утрымліваецца дэзінфармацыя пра гомасексуальную схільнасць, а таксама прапаганду дыскрымінацыі па прыкмеце гомасексуальнасці – прапаганду гомасексафобіі (тут і далей цытаты са скаргі «Полісексуальнай Беларусі» падаюцца паводле арыгіналу).
Заяўнікі лічаць, што вышэйназваная публікацыя «…парушае такія правы чалавека, як права на аб’ектыўную інфармацыю, права на павагу асобы ды адсутнасць дыскрымінацыі».
Заяўнікі просяць разгледзець іх зварот і прыняць меры ўздзеяння:
– да журналіста Ігара Марозава, які дазволіў сабе на старонках газеты друкаваць не адпаведную навуковай рэчаіснасці інфармацыю, а таксама разам з героямі свайго артыкула сцвердзіць, што гомасексуальнасць ёсць разбэшчанасцю;
– да рэдакцыі газеты «Народая воля», якая прапускае ў друк публікацыі з заведама хлуслівай інфармацыяй, а таксама дыскрымінацыйныя сцверджанні на адрас гомасексуальнасці і гомасексуальных людзей.
Абмеркаваўшы заяву чальцоў ініціыятыўнай групы «Полісексуальная Беларусь», Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адзначае:
– у згаданай публікацыі «Народнай волі» прыводзіцца інфармацыя пра з’езд не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт», у якой дакладна пераказваецца змест рэзалюцыі з’езду пра каштоўнасны падмурак арганізацыі.
– дзеючае заканадаўства забараняе цытаванне ў СМІ дакументаў назарэгістраваных палітычных і грамадскіх арганізацый, таму змест рэзалюцыі «Маладога фронту» прыведзены ў пераказе, дакладна і без парушэнняў. Што адпавядае Кодэксу журналісцкай этыкі ГА “БАЖ”, дзе адзначаецца: «Свабода СМІ ўключае ў сябе магчымасць свабодна абмяркоўваць і крытыкаваць дзеянні як уладаў, так і грамадскіх і прыватных структур. Журналісты садзейнічаюць рэалізацыі права выказваць непапулярныя меркаванні ці пагаджацца з поглядамі большасці».
У Кодэксе журналісцкай этыкі таксама адзначаецца: «Журналіст… павінен супрацьстаяць любым спробам скажэння інфармацыі ці ўвядзення цэнзуры». А спробы недакладна перадаць ці ўвогуле замаўчаць думку з’езду па тым ці іншым пытанні якраз і былі б скажэннем інфармацыі ці спробай увядзення цэнзуры;
– такім чынам, усе прэтэнзіі чальцы ІГ «Полісексуальная Беларусь» павінны накіроўваць з’езду «Маладога фронту», а не рэдакцыі «Народнай волі».
Камісія па этыцы пастанаўляе:
Публікацыя «Выключыць аўтаматычна» ў газеце «Народная воля» ад 29.10.2013 года не ўтрымлівае хлуслівай інфармацыі, бо дакладна пераказвае змест рэзалюцыі, прынятай на з’ездзе «Маладога фронту». Ні журналіст, ні СМІ не нясуць адказнасці за змест і сутнасць дакументаў, прынятых палітычнымі ці грамадскімі арганізацыямі.
Старшыня Камісіі Анатоль Гуляеў
Сакратар Камісіі Марына Загорская