Пастанова Камісіі па этыцы ад 21 верасня 2021 года
ПАСТАНОВА
Камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў ад 21 верасня 2021 г.
26 жніўня 2021 года ў Камісію па этыцы паступіла скарга Алесі Песенка на рэдакцыю інтэрнэт-партала «Наша Ніва», каторая 23 жніўня 2021 года змясціла на сайце Nashaniva.com інфармацыю пад назвай «Хто тая жанчына, якую эканаміст Сяргей Чалы згадвае ў сваіх стрымах». Цягам абмеркавання тэксту згаданай інфармацыі Камісія прыйшла да высновы, што рэдакцыя «Нашай Нівы» парушыла прафесійную этыку, бо Інфармацыя пра прыватнае жыццё асобы можа быць апублікаваная толькі ў выпадку, калі яе паводзіны ў прыватнай сферы закранаюць грамадскія інтарэсы. У іншых выпадках, у тым ліку, калі існуе чытацкі інтарэс, СМІ павінны атрымліваць згоду ад асоб на публікацыю звестак пра іх прыватнае жыццё. Такой згоды рэдакцыя «Нашай Нівы» не прасіла і не атрымала.
Вывучыўшы падрабязныя вусныя і пісьмовыя тлумачэнні ад абодвух бакоў канфлікту, Камісія па этыцы прапанавала рэдакцыі «Нашай Нівы» выдаліць інфармацыю з сайта. У адказ атрыманы ліст наступнага зместу:
«Камісіі па этыцы
У сувязі з рашэннем камісіі па этыцы адносна публікацыі матэрыялу «Хто тая жанчына, якую эканаміст Сяргей Чалы згадвае ў сваіх стрымах?» на партале Nashaniva.com паведамляем наступнае. «Наша Ніва» паважае рашэнне камісіі, але не можа выдаліць публікацыю, паколькі гэта парушыць рэдакцыйную палітыку выдання, згодна з якой мы не выдаляем апублікаваныя на партале матэрыялы. Мы шкадуем, што публікацыя прынесла маральныя пакуты героям і прыносім за гэта выбачэнні. У сваёй далейшай працы мы ўлічым гэты досвед і будзем імкнуцца атрымліваць на публікацыю згоду ўсіх герояў.
З павагай, дырэктарка «Нашай Нівы» Настасся Роўда»
Па выніках галасавання (аднагалосна) Камісія па этыцы ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Рэдакцыяй інтэрнэт-парталу «Наша Ніва» дапушчана парушэнне прафесійнай журналісцкай этыкі;
2. З улікам выбачэнняў, прынесеных Алесе Песенка рэдакцыяй «Нашай Нівы», лічыць разгляд яе скаргі завершаным;
3. Рэкамендаваць рэдакцыям СМІ ўважліва ставіцца да публікацый звестак пра прыватнае жыццё публічных асоб з улікам адрозненняў паміж грамадскім, то бок важным для грамадства інтарэсам, і інтарэсам менавіта чытацкім.