• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Не даць забыць пра тых, хто за кратамі: беларускія і літоўскія журналісты выйшлі 3 траўня на акцыю салідарнасці

    У Міжнародны дзень свабоды прэсы Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы правялі ў Лукішскай турме ў Вільні сімвалічную акцыю вызвалення беларускіх палітзняволеных медыйшчыкаў.

    Лукішская турма палітзняволеныя беларускія журналісты

    Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ

    Беларусь — у Еўропе, а ў рэйтынгах суседнічае з Таджыкістанам і Эрытрэяй

    3 траўня — у Міжнародны дзень свабоды прэсы — медыйшчыкі, праваабаронцы, актывісты з Беларусі і Літвы прыйшлі ў былую вязніцу, каб выказаць салідарнасць са зняволенымі беларускімі журналістамі.

    Лукішская турма, пабудаваная ў  1901—1904 гадах і зачыненая ў 2019 годзе, гняце і давіць дагэтуль. Менавіта тут арганізатары акцыі зладзілі сімвалічную фотасесію з партрэтамі зняволеных журналістаў. Ірына Леўшына, Марына Золатава, Ігар Лосік, Андрэй Кузнечык, Ігар Карней, Анджэй Пачобут, Андрэй Аляксандраў і іншыя — сёння за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 35 журналістаў. Уся іх віна палягае толькі ў тым, што яны сумленна выконвалі свой прафесійны абавязак.

    На акцыю салідарнасці прыйшлі і нядаўнія палітвязні. Журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча затрымалі 23 снежня 2021 года, асудзілі на паўтара года зняволення па народным 342 артыкуле Крымінальга кодэкса. У верасні 2022 года Алега Груздзіловіча вызвалілі, і ён з’ехаў у Літву.

    Праваабаронцу Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня 2021 года і асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Па тым жа народным артыкуле. Праваабаронца адбыў увесь тэрмін зняволення і выйшаў на волю 21 ліпеня 2023 года. І неўзабаве таксама з’ехаў у Літву.

    Леанід Судаленка Лукішская турма

    Праваабаронца Леанід Судаленка падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ

    Кіраўнік Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус правёў для «навічкоў» вельмі кароткі экскурс у гісторыю лакацыі:

    — У нашым рэгіёне турмы будавала толькі Расійская імперыя. Мы ўжо вызваліліся: у 2019 годзе Лукішская турма як  выпраўляльная установа зачынілася. Спадзяюся, хутка вызваліцца Беларусь і таксама зачыніць свае астрогі.

    На брыфінгу падчас імпрэзы выступіў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

    — Свабода прэсы і сённяшняя Беларусь не вельмі суадносяцца паміж сабой. 35 нашых калегаў, нашых сяброў, знаходзяцца за кратамі. Мы згадвалі іх год назад. Але за мінулы год сітуацыя не палепшылася: калі нехта з журналістаў выходзіў на волю, іншыя журналісты аказваліся за кратамі.

    Пакуль мы не можам дабіцца галоўнай мэты — вызвалення нашых калегаў. Але ў нашых сілах нагадваць пра нашу трагічную сітуацыю, нагадваць пра Беларусь, нагадваць пра беларускіх журналістаў за кратамі і наогул пра ўсіх беларускіх палітвязняў.

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ

    Старшыня БАЖ нагадаў пра чарговы рэйтынг свабоды прэсы, які зрабілі «Рэпарцёры без межаў». На жаль, сітуацыя са свабодай прэсы пагаршаецца: у параўнанні з леташнім рэйтынгам сёлета Беларусь апусцілася яшчэ на 10 радкоў ніжэй, апынуўшыся ў адной кампаніі з  Туркменістанам, Афганістанам, Сірыяй і Эрытрэяй. Сённяшняя Беларусь займае 167 радок са 180 краін свету, якія ўключаныя ў рэйтынг свабоды прэсы.

    — Гэты паказчык красамоўна сведчыць пра сітуацыю, у якой апынуліся беларускія медыя сёння. Але я веру, што сітуацыя зменіцца, дзякуючы ў тым ліку і нашай салідарнасці, — падкрэсліў старшыня БАЖ.

    Беларусь без свабоды слова і незалежных медыя

    Унутры Беларусі склалася сапраўды сумная сітуацыя:

    — Беларусь татальна без свабоды слова і практычна без незалежных медыя. Невялікая колькасць незалежных выданняў, якая спрабавала захавацца, цягам мінулага года трапіла пад хвалю зачыстак і рэпрэсій. Частку з іх гвалтоўна ліквідавалі, а частка паблікаў вымушаная працаваць ва ўмовах максімальнай самацэнзуры, максімальна адмяжоўвацца ад грамадска-палітычнага кантэнту, бо ніхто не ведае, што раптам можа не спадабацца ўладам, — канстатуе намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

    Лукішская турма партрэты беларускіх журналістаў БАЖ марафон салідарнасці

    Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ

    БАЖ, прызнаная «экстрымісцкім фарміраваннем», не можа падтрымліваць ніякіх стасункаў са зняволенымі журналістамі. Але Асацыяцыя кантактуе з усімі незалежнымі журналістамі, якія выехалі з краіны, і сочыць за лёсам зняволеных журналістаў – па адкрытых і закрытых крыніцах.

    — Ёсць людзі, пра якіх мы ведаем шмат, а ёсць людзі, пра якіх мы даўно нічога не чулі – проста няма ніякай інфармацыі, — кажа Барыс Гарэцкі. — Журналісты сядзяць, а наша задача — нагадваць пра іх. За гэты год мы, напэўна, правялі каля 30 акцый салідарнасці ў розных краінах свету, і будзем працягваць.

    «Хай усе зняволеныя журналісты выйдуць з турмы ў вольны горад»

    Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус падкрэсліў, што мэтай гэтай акцыі салідарнасці з палітзняволенымі беларускімі журналістамі была не толькі неабходнасць нагадваць лічбы:

    — Я хачу, каб мы гаварылі не пра лічбы, не пра колькасць журналістаў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах Беларусі, а каб мы паказвалі асобы, твары, імёны, лёсы гэтых людзей.

    Мы павінны нагадваць міжнароднай супольнасці, тым, хто прымае рашэнні,— найперш Еўрасаюзу, — што мы павінны пастаянны ціснуць на беларускі рэжым з мэтай дабіцца вызвалення нашых калегаў. І самае галоўнае, каб усе: пракуроры, суддзі, следчыя, хто пісаў даносы на журналістаў – адказалі перад правасуддзем у будучыні.

    Андрэй Бастунец Барыс Гарэцкі Дайнюс Радзявічус Алег Груздзіловіч Лукішская турма палітвязні

    Андрэй Бастунец, Барыс Гарэцкі, Дайнюс Радзявічус і Алег Груздзіловіч падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ

    Падчас брыфінгу узгадалі, што старшыня БАЖ Андрэй Бастунец прыняты ў Саюз журналістаў Літвы, як і Дайнюс Радзявічус — у шэрагі БАЖ. 

    — Для мяне вельмі каштоўна, што вашая арганізацыя свабодная: у Вільнюсе, у Літве, у свеце. Адзіная краіна свету, дзе вы прызнаныя экстрэмісцкай арганізацыяй — гэта Беларусь. Але я рады такой кампаніі, і думаю, што я разам з вамі мушу быць такім жа харошым экстрэмістам, — пажартаваў старшыня СЖЛ.

    Сумесная акцыя БАЖ і СЖЛ завяршылася сімвалічным вызваленнем беларускіх журналістаў-вязняў з Лукішскай турмы.

    — Кожнага з нашых калег, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, давайце паспрабуем вызваліць хаця б з гэтай турмы. Хай усе зняволеныя журналісты выйдуць з турмы ў вольны горад, — патлумачылі арганізатары сэнс фінальнай акцыі.

    Алег Агееў палітвязні Лукішская турма

    Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ

    Удзельнікі акцыі, трымаючы ў руках партрэты зняволеных беларускіх журналістаў, па аднаму пакідалі Лукішскую турму праз уваходную браму. Іх сустракала вольная Вільня.

    lukishskaja-tjurma-15

    Image 7 of 17

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці