Камісія: У публікацыях “Intex-press” пра самагубства падлетка не было парушэнняў этыкі
ПАСТАНОВА
Камісіі па этыцы “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе Анатоля Гуляева, Валерыя Карбалевіча, Сяргея Ваганава, Таццяны Рэвяка, Змітра Падбярэзскага, Марыны Загорскай, пры дыстанцыйным удзеле Андрэя Пачобута разгледзела заяву аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта. У заяве ўтрымліваецца просьба разгледзець на пасяджэнні камісіі пытанне захавання норм прафесійнай этыкі журналістамі газеты “Intex-press” і парушэнне імі агульнапрынятых нормаў маралі на падставе звароту грамадзянкі Наліўка С. А. Пазней быў атрыманы яшчэ адзін ліст ад грамадзянак Наліўка С. А., Дубешка С. І., Дубоўскай Е .С., Кашляк С. Н. на тую ж тэму, праўда, без подпісаў грамадзянаў.
У звароце Наліўка С. А. ідзе размова пра тое, што яе сын Ілья вучыцца ў тым жа класе, дзе вучыўся юнак, які скончыў жыццё самагубствам. Яна звяртае ўвагу на тое, што цяпер, калі яшчэ не скончана следства, у газеце з’яўляюцца матэрыялы, якія настройваюць грамадства супраць аднакласнікаў, якія нібыта і давялі падлетка да суіцыду. У выніку падлеткі губляюць душэўны спакой, перастаюць есці, не спяць па начах з‑за пачуцця віны перад загінулым аднакласнікам.
У калектыўным звароце Наліўка С. А., Дубешка С. І., Дубоўскай Е. С., Кашляк С. Н. звяртаецца ўвага на тое, што аднакласнікі загінулага пасля з’яўлення публікацый у “Intex-press” і на іншых інтэрнэт-рэсурсах знаходзяцца ў стане пастаяннай дэпрэсіі. Задаецца пытанне: чаму журналісты не паразмаўлялі з аднакласнікамі і іх бацькамі?
Камісія адзначае, што падлеткавая суіцыдальнасць з’яўляецца грамадска значнай праблемай і таму заканамерна факт самагубства вучня баранавіцкай школы атрымаў шырокі рэзананс у сродках масавай інфармацыі. У прыватнасці, у газеце “Intex-press” былі размешчаныя артыкулы “Мать обратилась к президенту, чтобы наказали виновных в самоубийстве ее сына”, “Восемь подростков покончили с собой в Брестской области в 2016 году”, “Администрация Президента взяла на контроль дело барановичского школьника, покончившего с собой”, “В Барановичах 15-летний школьник покончил жизнь самоубийством”, “В барановичской реанимации борются за жизнь подростка из Ганцевичей, пытавшегося покончить с собой”.
Ва ўсіх памянёных матэрыялах выкарыстоўваецца немалая колькасць крыніц інфармацыі. У тым ліку ў артыкуле “Мать обратилась к президенту, чтобы наказали виновных в самоубийстве ее сына” інфармацыю выкладаюць маці, бабуля, дырэктар спартыўнай школы, дзядуля, ёсць паведамленні з сацыяльных сетак, Следчага камітэта. Была спроба звярнуцца да дырэктара школы і класнага кіраўніка, але яны адмовіліся каментаваць сітуацыю.
Сцвярджэнні заяўнікаў наконт “незаконнай публікацыі” не могуць быць прынятыя да ўвагі.
Камісія лічыць, што ў такой няпростай сітуацыі журналіст газеты “Intex-press” зрабіў усё належнае і неабходнае ў адпаведнасці з Кодэксам журналісцкай этыкі ГА “БАЖ”, у якім сярод іншага пазначана: “Асвятленне няшчасных выпадкаў і катастрофаў не павінна пераходзіць межаў, калі знікае належная павага да пакутаў ахвяраў і пачуцця іх блізкіх. Неабходна ўлічваць, які ўплыў можа аказаць рэпартаж пра няшчасны выпадак ці злачынства на лёс ахвяры і яе бліжэйшых сваякоў”.
Камісія па этыцы большасцю галасоў (два галасы супраць) пастанаўляе: у публікацыях газеты “Intex-press” пра трагедыю, якая адбылася ў школе № 10 г. Баранавічы, парушэнняў стандартаў прафесійнай этыкі не адзначана.
Старшыня камісіі А. Гуляеў
Сакратар камісіі Т. Рэвяка
Маці загінулага юнака, фота Юрыя Піваварчыка з публікацыі “Мать обратилась к президенту, чтобы наказали виновных в самоубийстве ее сына”