Камісія: Супрацоўнікі “Коммерческого курьер” парушылі стандарты журналісцкай этыкі
ПАСТАНОВА
Камісіі па этыцы “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 9 сакавіка 2017 года.
Камісія ў складзе Анатоля Гуляева, Валеры Карбалевіча, Сяргея Ваганава, Таццяны Рэвяка, Змітра Падбярэзскага, Марыны Загорскай разгледзела заяву жыхаркі г. Бабруйска Алены Іванаўны Ліхадзіеўскай. Яна скардзіцца на журналістаў газеты “Коммерческий курьер”, якая, на яе погляд, некарэктна асвятляла судовы працэс над яе мужам Ліхадзіеўскім С. С.
Прэтэнзіі спадарыні Ліхадзіеўскай да газеты наступныя:
1. Фотажурналіст газеты “Коммерческий курьер” Віктар Шэйкін рабіў фотаздымкі падсудных, насуперак іх жаданню і пярэчанню адваката.
2. Рэдакцыя газеты не дала адказу на зварот сп-ні А. Ліхадзіеўскай, дасланы 04.01.2017 г.
3. У артыкуле газеты была паведамлена інфармацыя, што адзін з падсудных быў раней судзімы, хоць на думку сп-ні А. Ліхадзіеўскай, гэта не адпавядае рэальнасці.
4. Газета паведаміла, што ў электронных медыя не было выкладзена іншай версіі па гэтай крымінальнай справе, між тым сп-ня А. Ліхадзіеўская дае спасылку на матэрыял з іншай версіяй.
5. Аўтар скаргі бачыць парушэнне ў тым, што журналісты не паведамілі ў сваім артыкуле: паводле рашэння суда было канфіскаванае жыллё, у якім пражывалі малалетнія дзеці асуджанага Ліхадзіеўскага С. С.
Камісія па этыцы прыйшла да наступных высноваў:
1. Паводле ч. 6 арт. 287 КПК Рэспублікі Беларусь рабіць фотаздымкі ў часе судовага пасяджэння магчыма толькі з дазволу суддзі. Таксама, згодна з пунктам 6 пастановы № 11 Пленума Вярхоўнага суда, прынятага ў снежні 2013 г., фотаздымка можа адбывацца са згоды суду і бакоў судовага працэсу. Паводле Закона “Аб СМІ”, журналісты ў сваёй дзейнасці павінны кіравацца дзеючым заканадаўствам. А інфармацыя, згодна Кодэксу журналісцкай этыкі, “…павінна быць атрымана законным і этычным шляхам”.
Камісія па этыцы адзначае:
1. Фотажурналіст Віктар Шэйкін фатаграфаваў падсудных у часе судовага працэсу насуперак іх пярэчанню, што, па меркаванні камісіі, з’яўляецца парушэннем журналісцкай этыкі. Хоць, трэба адзначыць, што пасля скаргі сп-ні А. Ліхадзіеўскай рэдакцыя гэты фотаздымак зняла з сайта.
2. Скарга сп-ні А. Ліхадзіеўскай у рэдакцыю паступіла 04.01.2017 г., а адказ з рэдакцыі прыйшоў 18.02.2017 г. То бок, ужо пасля таго, як сп-ня А. Ліхадзіеўская звярнулася ў Камісію. Такім чынам, адказ атрыманы, хоць і з пэўным спазненнем.
3. У артыкуле на сайце газеты «Коммерческий курьер», сапраўды была змешчана недакладная інфармацыя, нібыта адзін з абвінавачаных быў судзімы. Насамрэч, гэта не так. Але, па-першае, гэтая недакладная інфармацыя прагучала з вуснаў памочніцы пракурора, якую журналіст проста працытаваў. Па-другое, пасля скаргі сп-ні А. Ліхадзіеўскай, гэты недакладны факт быў выдалены з артыкула на сайце. Па-трэцяе, у нумары газеты за 15.02.2017 г. была надрукаваная нататка “Работа над ошибками”, у якой рэдакцыя выбачаецца за памылку, просіць прабачэння ва ўсіх удзельнікаў судовага працэсу і чытачоў. Што цалкам адпавядае патрабаванню Кодэкса журналісцкай этыкі: “абавязкам СМІ з’яўляецца хуткае і поўнае выпраўленне дапушчаных ім памылак. Выпраўленні істотных фактычных памылак павінны публікавацца неадкладна і на бачным месцы”.
4. Абвінавачванне журналістаў у тым, што яны не знайшлі ў СМІ ўсёй інфармацыі па гэтай судовай справе, не выклалі іншых версій, цяжка кваліфікаваць, як парушэнне.
5. Аўтар заявы ў камісію абвінавачвае журналістаў у тым, што яны не далі той інфармацыі, якую яна хацела бачыць. На думку камісіі, гэта прэтэнзія няслушная. Гэта права журналіста даваць тую інфармацыю, якую ён лічыць важнай.
Камісія пастанаўляе:
- Парушэнне стандартаў журналісцкай этыкі па факту публікацыі здымка з залы суда без згоды на тое падсудных рэдакцыяй газеты “Коммерческий курьер” было дапушчана. Камісія адзначае таксама факт хуткага выпраўлення памылкі.
- Камісія лічыць неабходным нагадаць калегам: у часе самога судовага пасяджэння для ажыццяўлення фота ці відэаздымкаў неабходна атрымаць дазвол не толькі суддзі, але і ўсіх бакоў працэсу.
Старшыня камісіі А. Гуляеў
Сакратар камісіі Т. Рэвяка