Камісія: Пры публікацыі матэрыялу Валера Руселіка «Новы час» дапусціў парушэнне этыкі
ПАСТАНОВА
Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 30 лістапада 2017 года.
Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Анатоля Гуляева, Валера Карбалевіча, Сяргея Ваганава, Змітра Падбярэзскага, Марыны Загорскай, Андрэя Пачобута разглядзела заяву сп. Валера Руселіка наконт публікацыі ў «Новым часе» яго артыкула “Вейшнорыя: смех скрозь слёзы”.
Заяўнік просіць Камісію даць экспертную ацэнку сітуацыі з прадмовай, якую рэдакцыя зрабіла да дадзенага артыкула:
“Ад рэдакцыі. Мы вагаліся, ці даваць гэтыя развагі на суд чытачоў. Шмат што ў іх нам падалося прыцягнутым за вушы ці проста значна перабольшаным. Але, магчыма, для кагосьці гэта меркаванне падасца вельмі блізкім, сугучным уласным думкам і перасцярогам. Таму чакаем вашых водгукаў”.
Выраз “Шмат што ў іх нам падалося прыцягнутым за вушы ці проста значна перабольшаным” абурае заяўніка. Ён лічыць, што аўтарскія матэрыялы можна змяшчаць у межах дыскусіі альбо не змяшчаць зусім. Але не трэба аўтара абражаць.
Заяўнік звяртаўся ў рэдакцыю з просьбай выдаліць матэрыял з сайту наогул, каб пазбегнуць канфлікту. Але гэта зроблена не было.
Камісія адзначае, што на самой справе, на сайце выдання «Новы час» быў апублікаваны артыкул «Вейшнорыя: смех скрозь слёзы», які з’яўляецца скарочанай версіяй ранейшага допісу Руселіка ў фэйсбуку. І, на самой справе, згаданая вышэй прадмова там прысутнічае. На думку рэдакцыі, выказаную ў гутарцы рэдактарам выдання Аксанай Колб, нічога абражальнага там няма, тым болей, што ў прадмове ўжыты тэрмін “падалося”. То бок, рэдакцыя нічога не сцвярджае.
Камісія не лічыць магчымым дыктаваць калегам метады работы з крыніцамі інфармацыі. Але звяртае ўвагу на тое, што Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі БАЖ заклікае “Паважаць іншыя погляды і меркаванні, спрыяць шырокай грамадскай дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі”.
А таксама Кодэкс журналісцкай этыкі БАЖ прапануе “Выкладаючы факты, каментуючы іх і ўступаючы ў палеміку па тых ці іншых пытаннях, журналіст абавязаны прытрымлівацца этыкі і культуры дыялогу, выказваць павагу да чалавека, з якім палемізуе”.
Камісія лічыць, што калі рэдакцыю не задавальняе якасць аўтарскай аргументацыі (…факты, “прыцягнутыя за вушы”), то лагічна было б ці папрасіць аўтара дапрацаваць матэрыял, ці не друкаваць яго.
Камісія пастанаўляе:
Пры публікацыі прадмовы да матэрыялу Валера Руселіка «Вейшнорыя: смех скрозь слёзы» рэдакцыяй выдання “Новы час” дапушчаны парушэнні прафесійнай этыкі.
Старшыня Камісіі Анатоль Гуляеў
Сакратар Камісіі Таццяна Равяка