«Нада мной праводзілі экспэрымэнты». Пісьменьнік і журналіст Севярын Квяткоўскі расказаў, што зь ім адбывалася за кратамі
Пісьменьнік і журналіст Севярын Квяткоўскі расказаў Свабодзе, чаму ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь, як яго затрымлівалі і якія незвычайныя рэчы адбываліся зь ім у пінскай вязьніцы.
19 студзеня Квяткоўскага затрымалі ў Менску. У віну яму паставілі рэпост роліка, «у загалоўку якога была абраза супрацоўніка берасьцейскай міліцыі». Квяткоўскага завезьлі ў Пінск і пратрымалі за кратамі тры дні. А 22 студзеня выпусьцілі, але зрабілі фігурантам крымінальнай справы. Пасьля Квяткоўскі пакінуў Беларусь. Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале Андрэй Стрыжак, зь Беларусі Квяткоўскага дапамог вывезьці фонд BySol. Цяпер пісьменьнік у Грузіі. Ён расказаў Свабодзе, што зь ім адбылося.
«Я не хацеў быць палітычным эмігрантам»
— Давай адновім карціну, як усё адбывалася. Пачнём зь вяртаньня ў Беларусь. Чаму вырашыў вяртацца? Празь якую мяжу ехаў? Пісалі, што ў твайго бацькі праблемы са здароўем…
— У бацькі са здароўем для яго ўзросту больш-менш у парадку. У нас было пытаньне спадчыны, быў патрэбны мой подпіс. Гэта фармальна. А нефармальна — я не хацеў быць палітычным эмігрантам. Усімі фібрамі сваёй душы я імкнуўся ў Беларусь. Я беларусацэнтрычны чалавек. Люблю вандраваць, люблю замежжа, але вельмі люблю сваю краіну, сяброў, сваякоў. Відаць, я недаацаніў увагу да маёй пэрсоны з боку дзяржавы.
Калі мяне затрымалі, я прыкінуся валёнкам, наіўным чалавекам, з усім пагаджаўся. Вы будзеце з намі супрацоўнічаць? Канечне, буду. А думка была адна: як толькі вы мяне выпусьціце, я адразу зьеду з краіны і буду расказваць усё як ёсьць.
— Як адбывалася затрыманьне? Праўладныя тэлеграм-каналы паказвалі ледзь не спэцапэрацыю з узломам дзьвярэй.
— Я заехаў на тэрыторыю Беларусі ў ноч з 17 на 18 сьнежня 2021 году. Адрозна ад іншых пасажыраў аўтобуса Вільня — Менск, мяне здымалі на відэа. Паглядзелі мой пашпарт, нешта там ім праграма выдала. Мяне затрымалі празь месяц і два дні.
— Дык ты больш за месяц жыў у Беларусі?
— Яны ведалі, што я ў Беларусі, але не маглі мяне знайсьці. Я жыў у кватэры свайго былога цесьця, які пайшоў з жыцьця восеньню 2021 году.
— Ты фактычна вярнуўся ў Беларусь жыць?
— Так. Я вярнуўся жыць. Я люблю Менск, Беларусь. Я быў шчасьлівы езьдзіць 16‑м тралейбусам з Чыжоўкі ў цэнтар.
Яны радаваліся, што мяне ўзялі. Яны — гэта ГУБАЗіК. Затрымліваў мяне спэцназ — ня ведаю, «Альфа», «Алмаз», АМАП, нейкае спэцпадразьдзяленьне. Пасьля зайшлі «губазікі». Яны мяне лічылі такім наіўным чалавекам, а я адразу прыкінуўся наіўным чалавекам. Яны не маглі паверыць у сваё шчасьце, што я ім трапіўся. Адразу пачалі прамаўляць: Радыё Свабода, загуглі «Радыё Свабода»
— Цябе абвінавацілі ў перапосьце відэа, дзе ўтрымлівалася абраза міліцыянта.
— Многія яго бачылі, на ім берасьцейскі міліцыянт матам вучыць жыцьцю падлеткаў. Я гэта перапосьціў. Мне пагражалі двума гадамі турмы. Мяне, менчука, павезьлі ў Пінск. Той міліцыянт быў берасьцейскі, завялі справу ў Століне, а фармальна ўсім гэтым займаецца Пінск. Мяне везьлі ў кайданках, але ўвесь час падкрэсьлівалі, што калі цяжка, давайце аслабім. Адзін не стрымаўся і сказаў: Вы ж заўважылі, што мы вас ня білі? Намёк такі — давайце супрацоўнічаць. Канечне, буду супрацоўнічаць, так, я перапосьціў гэты ролік. Але гэты ролік іх абсалютна не цікавіў. Ад затрыманьня да вызваленьня з ізалятара часовага ўтрыманьня яны ўвесь час мяне выводзілі на тэму Радыё Свабода.
“Я веру, што лёс мяне вёў у ізалятар часовага ўтрыманьня Пінску, дзе нада мной праводзілі экспэрымэнты”
— А што яны дакладна хацелі, каб ты расказаў?
— Я ня ведаю, што дакладна. Яны хацелі проста набраць фактуру. У ізалятары да мяне прыйшоў сьледчы і пачаў пісаць пратакол. Што там пісаць, так, я перапосьціў ролік. А ён пытаўся ледзь не як я пайшоў у садок, і пра Радыё Свабода. Я ім сказаў, што працаваў карэспандэнтам з 2002 па 2008 год, пасьля сышоў са Свабоды, працаваў у «Будзьма», у мяне былі іншыя праекты. Потым зноў пачаў супрацоўнічаць з Радыё Свабода як публіцыст. Што яны могуць ад мяне дазнацца? Я праз імэйл дасылаў тэксты, і ўсё. Я ня ведаў пра рэдакцыйныя расклады. Я так разумею, што калі яны затрымлівалі свабодаўцаў, а потым мяне, ім былі патрэбныя нашы кампутары, каб знайсьці ў архівах нейкі кампрамат. Натуральна, былі свабодаўскія карпаратывы. Ну і што? Потым я зразумеў, што няма суладзьдзя паміж ГУБАЗіКам і Сьледчым камітэтам, бо яны пры мне сварыліся паміж сабой.
— Ты ў сваіх нататках у ФБ пачаў тлумачыць, што да цябе ў менскім ізалятары ўжывалася незвычайная форма катаваньня з выкарыстаньнем 3D-тэхналёгій. Раскажы, што гэта было?
— Можаце верыць у лёс ці ня верыць у лёс. Я веру, што лёс мяне вёў у ізалятар часовага ўтрыманьня Пінску, дзе нада мной праводзілі экспэрымэнты.
І я іх магу апісаць. Спачатку я не разумеў, што адбываецца. У першую ноч перад вачыма ў камэры пачалі зьяўляцца жоўценькія іскаркі, пасьля я пачуў незразумелую музыку невядома адкуль. На наступную ноч я зразумеў, што там уключылі праектар за сьцяной і на мяне прысаджваліся стракозы, вада цякла па камэры. 3D, карацей, мульцік. У мяне мусіў паехаць дах.
«Я падумаў, што мне пашанцавала, таму што звар’яцець там вельмі лёгка»
— Якая была першая рэакцыя, што ты падумаў?
— Я падумаў, што мне пашанцавала, таму што звар’яцець там вельмі лёгка. Гэта падвал, на вуліцу не выводзяць, ты ў поўным бясчасьсі. Пісаць і маляваць нельга. Выратавала, што кніжкі перадаюць. Я спачатку ўзрадаваўся, кляс, я ў мульцік трапіў. Потым падумаў, што, відаць, з псыхікай праблемы пачынаюцца. Потым думаю, ладна. Хай пачынаюцца. Мне тут усяго трое сутак сядзець. Калі я зразумеў, што працуе праектар, які ўтварае 3D-эфэкт, я сказаў ахоўніку: Слухай, у вас там праектар за сьцяной. Ахоўнік, малады хлопец, кажа, — так, працуе. Пытаюся, ці можна музыку цішэй зрабіць. Ён — я запытаю. Карацей, яны спаліліся цалкам. Увогуле, мне падалося, што іх ахоўнікі ня супраць палітычных.
— Натальля Любецкая, якую ў прапагандысцкіх фільмах называлі пасыльнай Макара, расказвала ў інтэрвію Свабодзе, што яна дзіўна сябе адчувала пасьля таго, як ёй не давалі спаць і далі дзіўныя нібыта «сардэчныя кроплі». Ты быў не ў СІЗА КДБ, а ў пінскім ізалятары. Ці давалі табе нешта такое, што потым магло выклікаць падазрэньні?
— Я думаў пра гэта, бо ня першы год на сьвеце жыву. Гэта ўсё адбывалася па начах. На трэцюю ноч я цалкам зразумеў, што гэта. Але я маю яшчэ пацьверджаньне. Мой сукамэрнік прызнаўся, што яму баліць галава ад гэтай музыкі. Уявіць, што мне нешта падсыпалі ці падлілі і я цяпер пераказваю нейкія фантазіі, якія ўзьніклі ў выніку хімічнага ўзьдзеяньня, ужо не атрымаецца, бо ёсьць сьведчаньні сукамэрніка.
Гэта вельмі важная, грамадзка значная інфармацыя. Такое можа адбыцца ня толькі са мной. Таму я пра гэта расказваю.
— Як цябе вызвалілі?
— Заявілі, як і напачатку, што падазраём па артыкуле 369 (абраза службовай асобы), пасьля 72 гадзін будзеце вызваленыя, зь Пінску вашу справу перададуць у Менск, там вас выклічуць да сьледчага празь месяц, а праз два месяцы ў суд. Так і вызвалілі праз 72 гадзіны.
«Натуральна, я ніводнай сэкунды ім ня верыў»
— Многія людзі, пасьля таго як выходзяць з‑за кратаў і выяжджаюць у іншую краіну, потым расказваюць, што былі вымушаныя падпісаць дамову аб супрацы са спэцслужбамі. Ці было ў тваім выпадку нешта такое?
— У маім выпадку такога не было. Я хачу падкрэсьліць, што гэта мая вэрсія. Я 25 гадоў працаваў у мас-мэдыя і разумею, што ёсьць факты (гэта асобная гісторыя) і ёсьць вэрсіі. Гэта мая вэрсія. Калі мяне вызвалялі, мне выдавалі маю вопратку. Калі я амаль цалкам апрануўся і папрасіў куртку, мне сказалі, што куртка пабудзе ў нас, ідзі па свой абутак. Гэта заняло 6–7 хвілін, пакуль дойдзеш па калідоры, знойдзеш, надзенеш боты. І калі вярнуўся, тады мне вярнулі куртку. І я падумаў, што, магчыма, яны жучка туды засунулі. Я ўвесь гэты час зь сябе рабіў наіўнага чалавека, які ім верыць. Натуральна, я ніводнай сэкунды ім ня верыў. Мая вэрсія такая, што мяне адпусьцілі, бо яны паверылі, што я наіўны чалавек.
— Разумею, што ня ўсё скажаш, але як удалося ўцячы зь Беларусі?
— Тое, як я выяжджаў зь Беларусі ў Расею, а адтуль у вольны сьвет, я, канечне, зараз не магу казаць. Паверце, што варыянтаў дастаткова. Расейцам нашы праблемы не цікавыя, яны за Лукашэнку не падпісваліся. Таму выехаць можна.
— Ты пісаў у фэйсбуку, каб сябры не дзівіліся, калі пабачаць цябе ў бары ў нейкім антысвабодаўскім фільме. Што гэта азначае? Ці здымалі цябе?
— Не. Тут вельмі проста. Я хаджу ў Менску ў два бары. Для мяне гэта важна, таму што гэта мае сябры, знаёмыя. Я такі Irishman, мне блізкая ірляндзкая традыцыя хадзіць у пабы і камунікаваць там. Я падазраю, што ў адным бары, куды я хаджу, адзін чалавек усё здымае на відэа. Мы ведаем, што калі заходзіш у бар, цябе здымаюць. Я дапускаю магчымасьць, што ў гэты бар хадзіў які-небудзь «губазік» ці «кэгэбэшка», і яны яго прымусілі аддаць запісы. Там нічога страшнага ня будзе. Там я выпіваю, танцую, сплю, размаўляю і гэтак далей. Нічога такога антысацыяльнага я там не раблю. Яны абмовіліся, калі размаўлялі са мной, што «мы пра вас, Севярын Аляксандравіч, шмат ведаем, у тым ліку пра ваш улюбёны бар». Таму я такі тэкст напісаў у Фэйсбуку.
«Памятайце, што мы ў стане вайны»
— Андрэй Стрыжак з BySol ня так даўно заклікаў людзей не вяртацца ў Беларусь ні зь якіх прычын, бо гэта вялізарная рызыка, і пагроза і цяжар ня толькі для затрыманага, але і ягонай сям’і, тых, хто спрабуе дапамагчы. Праўдападобна, ён меў на ўвазе твой выпадак. Што б ты сказаў тым, хто хоча вярнуцца?
— Давайце не драматызаваць. Калі б я ўехаў праз Латвію, Расею, не ўключаючы Velcom (A1), магчыма, мы б цяпер не размаўлялі. Я б ціха жыў сабе ў Беларусі і займаўся б сваімі справамі. Мая гісторыя ў чым паказальная? Я верыў, што я органам магу быць цікавы праз тое, што я штосьці нібыта ведаю пра фінансаваньне, лягістыку, а яны мяне абралі чабурашкам для свайго мульціка. Гэтага я прадбачыць ня мог. Таму ўсім, хто хоча вярнуцца ў Беларусь, я кажу: вяртайцеся, толькі не сьвяціцеся. Памятайце, што мы ў стане вайны. Гэта я напісаў яшчэ ў 2020 годзе. Супраць беларусаў пачалася вайна.
— Якая дапамога табе патрэбная?
— Мне была патрэбная толькі фінансавая дапамога, я пра гэта абвясьціў. Ужо сабралі дастаткова грошай. Мне трэба зараз сабрацца. Ёсьць прапановы па працы. Працаваць буду далей.