На журналіста-фрылансера Змітра Лупача склалі чарговы пратакол
У пятніцу, 12 лютага, старэйшы лейтэнант міліцыі Пастаўскага РАУС Алег Шаркоўскі склаў чарговы пратакол на журналіста-фрылансера Змітра Лупача. Адміністрацыйная справа распачатая паводле артыкуле 22.9 КаАП за супрацу з тэлеканалам "Белсат".
Паводле версіі міліцыянтаў, калі яны ехалі праз цэнтр Паставаў, заўважылі журналістаў і запісалі іх на відэарэгістратар. Быццам тыя знаходзіліся каля завода «Беліт» і здымалі чалавека на камеру.
Як сказаў Змітру Лупачу лейтэнант міліцыі Шаркоўскі, суд па гэтай справе павінен адбыцца 18 лютага а 9‑ай раніцы. Разам з гэтым ён уручыў журналісту яшчэ адну позву з патрабаваннем явіцца ў Пастаўскі РАУС у чацвер, 18 лютага.
Зміцер мяркуе, што пастаўскія міліцыянты хочуць завесці на яго чарговую адміністрацыйную справу — трэцюю цягам апошняга тыдня.