На мяжы мытнікі забралі ноўтбук журналісткі на праверку
Увечары 17 лістапада гомельская журналістка, сябра ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова вярталася з сынам на радзіму пасля адпачынку ў Егіпце.
«На памежным пераходзе «Новая Гута» з нашай групы асабістыя рэчы даглядалі надзвычай уважліва толькі ў мяне. Убачыўшы ноўтбук, інспектар запытаўся, чый ён. Я адказала, што мой. Склалі акт вынятку і забралі ноўтбук для праверкі — на цэлых 20 дзён. Пасля паездкі я мушу дзесяць дзён быць на самаізаляцыі. Аднак мне няма на чым працаваць», — паведаміла карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ» Шчыракова.
Журналістка дадала, што ў яе ноўтбуку захоўваюцца прыватныя здымкі, перапіска. Раней у Шчыраковай забіралі на праверку асабісты камп’ютар супрацоўнікі мясцовага ўпраўлення КДБ. Пасля гэтага нават інтымныя фотаздымкі з камп’ютара нейкім чынам апынуліся ў свабодным доступе ў інтэрнэце.
«Я апасаюся паўтарэння падобнага сцэнару», — зазначыла Ларыса Шчыракова.
Здараўся і зусім камічны выпадак. Колькі гадоў таму журналістка паехала ў падарожжа ў Непал. Будучы ў Гімалаях, зрабіла фотарэпартаж “Краявіды, ад якіх займае дух. Найвышэйшыя горы ў свеце вачыма гамельчукоў”, які быў апублікаваны на сайце польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат». Тады міліцыя абвінаваціла журналістку ў працы без акрэдытацыі на карысць замежнага СМІ і склала адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ паводле ч. 2, арт. 22.9 КаАП. У Непала прэтэнзій да журналісткі не было, а ў Беларусі з’явіліся.