На Міколу Дзядка завялі новыя крымінальныя справы
Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Дзядка вінавацяць у тым, што ён «некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал «Мiкоlа». У дадзены момант ужо атрыманыя доказы, якія сведчаць аб здзяйсненні фігурантам дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Названыя дзеянні здзяйсняліся з выкарыстаннем кіраванага ім тэлеграм-канала. У сувязі з гэтым распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса».
Лідара анархістаў Мікалая Дзядка ў лістападзе 2020 затрымаў ГУБАЗіК. Ён стаў падазраваным па крымінальнай справе аб «парушэнні грамадскага парадку».
Міліцыя знайшла Дзядка на канспіратыўнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна. Яго тэлеграм-канал «Мікола» (каля 15 тысяч падпісантаў) перайшоў пад кантроль сілавікоў.
Цяпер яго вінавацяць па трох артыкулах: арт. 342, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 295–3 Крымінальнага кодэкса. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Міколу Дзядка палітвязнем.